Прыгажосць сваімі рукамі

Імкненне да прыгожага ўласціва кожнаму чалавеку. Акружаючы сябе рэчамі, мы стараемся, каб яны былі не толькі практычнымі, але і прывабнымі, неслі станоўчыя эмоцыі. Дарэчы, прыгажосць можна стварыць і сваімі рукамі. Яшчэ раз пераканацца ў гэтым змаглі чытачы дзіцячай бібліятэкі, наведаўшы выставу “Вясенні настрой”. Усе работы, якія там прадстаўлены, вельмі адметныя, цікавыя, арыгінальныя. Проста немагчыма застацца раўнадушным, убачыўшы дзівосныя кветкавыя кампазіцыі Таццяны Урбшас, выкананыя з “халоднага фарфору” і фаамірану. Заўважыла, што менавіта на такіх выставах часта можна пазнаёміцца з новымі матэрыяламі і тэхналогіямі. Адна з такіх навінак — фааміран. Ён выдатна падыходзіць для творчай дзейнасці як дарослых, так і дзяцей, ды і працаваць з ім адно задавальненне.
Запомніліся работы Таццяны Жукавень, выкананыя ў тэхніцы дэкупаж. Яны здзівілі сваёй непаўторнасцю. А яшчэ і прадэманстравалі, што дэкарыраванне — надзейны спосаб ператварыць звычайныя прадметы ў творы мастацтва. Даспадобы прыйшліся юным чытачам бібліятэчнай установы і іх бацькам цацкі, зробленыя Святланай Купрэвіч з воўны шляхам сухога валяння. Патрэбна было бачыць, як загараліся вочы ў дзятвы, калі яны іх разглядвалі, як дзівіліся гэтай незвычайнай прыгажосці! А ўзяць карціны Анастасіі Чараповіч, вышытыя бісерам. Не падобныя адна на адну, арыгінальныя. Гледзячы на іх, разумееш, колькі любові і працы ўкладзена майстрыхай у свае работы, каб яны ажылі, “загаварылі”.
На выставе былі змешчаны і работы дзяцей. Напрыклад, другакласніцы Таццяны Хіла, якая з задавальненнем працуе з салёным цестам. Нават не верыцца, што з яго можна ствараць не толькі невялікія сувеніры, але і арыгінальныя карціны. Умела выкарыстоўваюць у дэкаратыўна-прыкладной творчасці разнастайныя матэрыялы вучаніцы 4 класа Аня Новак і 6 класа Марыя Новак. Сёстры па-майстэрску валодаюць рознымі тэхнікамі і прыёмамі, і таму іх кожная праца заварожвае.
Удзел дзяцей у выставах — падзея важная і патрэбная. Для іх гэта і набыццё пэўнага вопыту, і атрыманне новай інфармацыі, якую можна пасля прымяніць у сваёй далейшай творчай дзейнасці. А для дзяцей-гледачоў — гэта цудоўная магчымасць убачыць работы сваіх сяброў, даведацца пра іх захапленні і нават з іншага пункта гледжання паглядзець на ўсё гэта. Упэўнена, што знойдуцца і такія хлопчыкі і дзяўчынкі, для якіх убачанае паслужыць своеасаблівым штуршком да новых уласных адкрыццяў і занятку чымсьці важным, карысным. Лічу, што арганізацыя такіх мерапрыемстваў дазваляе не толькі фарміраваць у дзяцей цікавасць да дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але і стымуляваць іх творчую актыўнасць.
Дзіцячая бібліятэка сёння — не толькі тэрыторыя кніг і праграмнага чытання. Гэта важная прастора для развіцця нашых дзяцей. Жаданне сыноў і дачок заняцца творчасцю павінны падтрымліваць бацькі, бо менавіта яна развівае назіральнасць, фантазію, выхоўвае працавітасць. А яшчэ кліча ў пошук, у своеасаблівае царства прыроды, прыгажосці і мастацтва. Чароўны і непаўторны свет творчасці! Ён дастаўляе дарослым і дзецям не толькі радасць, але і ўмацоўвае сяброўскія адносіны ў сям’і, стварае добры настрой, натхняе на цікавыя і карысныя справы.
С. КАЙКО.
Загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі-экалагічнага цэнтра.
Фота Аляксандра Высоцкага.


07 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 Касцёл у Засвіры   Лебедзі на Нарачы 1-12

Пабрацімы Мядзела