Каб не стаць ахвярай маланкі

РАЗБУРАЛЬНАЯ сіла маланкі настолькі вялікая, што, пры пападанні ў чалавека, можа прывесці да спынення сэрца. Каб пазбегнуць гэтага ў час навальніцы, варта выконваць пэўныя меры засцярогі. Знаходзячыся на вуліцы, у паркавай зоне ці ў лесе, нельга хавацца пад высакарослымі дрэвамі, лепш адысці ад іх метраў на 30-40. Верагоднасць пападання маланкі ў дрэва прама прапарцыянальна яго вышыні. У горадзе паспрабуйце як мага хутчэй схавацца ў краме ці жылым доме. Яны маюць надзейную маланкаахову, у адрозненне ад прыпынкаў грамадскага транспарта. Калі такой магчымасці няма, трэба перачакаць навальніцу, прысеўшы на кукішкі пад невысокімі насаджэннямі. Сотавы тэлефон пры знаходжанні на вуліцы лепш адключыць.
Аматарам купацца і лавіць рыбу рэкамендуецца з набліжэннем навальніцы не толькі неадкладна спыніць гэтыя заняткі, але і адысці далей ад вадаёма. Не шукайце хованку ў поймавых кустах! Калі вакол чыстае поле, трэба як мага хутчэй (але не бягом, калі навальніца пачалася) дабрацца да бліжэйшага  лесу (але не да асобных дрэў на адкрытай мясцовасці) ці да вёскі. Пры гэтым імкніцеся абыходзіць бокам, метрах у двухстах, асобна стаячыя дрэвы і іншыя высокія прадметы.
Пры сустрэчы з шаравой маланкай захоўвайце спакой, не рабіце рэзкіх рухаў. Не спрабуйце ўцячы ад яе, вы рызыкуеце падняць паветраную віхуру, якая захопіць за сабой маланку. Не спрабуйце што-небудзь у яе кінуць ці прагнаць, бо пры сутыкненні з чым-небудзь яна мае здольнасць узарвацца. Не паварочвайцеся да маланкі спіной, павольна адыходзьце далей, сыходзячы  з траекторыі яе руху ў перпендыкулярным накірунку. Калі шаравая маланка набліжаецца да вас, паспрабуйце замерці і не рухацца. У выпадку, калі яна ідзе прама на вас, плаўна ўхіліцеся ад яе. Калі маланка апынулася перад вашым тварам, з сілай падзьміце на яе, яна адразу ж адляціць у бок.
На час навальніцы рэкамендуецца адключаць у хаце ўсе бытавыя электрапрыборы і не карыстацца звычайным тэлефонам, не стаяць ля вокнаў і дзвярэй, не дакранацца да водаправодных кранаў. Так вы захаваеце ад неспадзяваных праблем і сваю тэхніку, і сваё здароўе. Печку ці камін лепш не тапіць у гэты час, бо дым, які выходзіць з трубы, валодае высокай электраправоднасцю, і верагоднасць удару маланкі ў трубу ўзрастае.
Калі навальніца застала вас знянацку, неабходна памятаць наступнае:
маланка ніколі не ўдарае ў хмызняк;
пазбягайце асобна стаячых дрэў;
працуючы ў полі, адкладзіце ў бок металічныя прадметы;
не стойце пад расчыненым  парасонам;
не дакранайцеся да электрычных прадметаў і дастаньце іх з кішэняў;
калі ёсць магчымасць, перачакайце навальніцу ў аўтамабілі;
трымайцеся як мага далей ад высокіх металічных канструкцый;
не купайцеся, не пераходзьце ўброд раку і трымайцеся далей ад вадаёма.
І. ЖУКОЎСКІ.
Дзяржаўны інспектар па энергетычным наглядзе.


07 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Бяспека

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

 возера Мястра  _06-040 1-12 Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси