Трыумф будслаўчан

«ДАРАГІЯ землякі і паважаныя госці! Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы прысвячаецца наша сённяшняе мерапрыемства». Гэтымі словамі бібліятэкар Будслаўскай сельскай бібліятэкі Галіна Аксючыц звярнулася да прысутных, якія размясціліся ў глядзельнай зале мясцовага Дома культуры. А зала, дарэчы, была перапоўнена. Давялося ставіць шмат прыстаўных крэслаў, каб усе змаглі сесці. Нагода таму — спектакль па п’есе Янкі Купалы «Прымакі». Забягаючы наперад, адзначу, што пастаноўка прайшла на вышэйшым узроўні.
«Прымакі» — гэта не першы спектакль будслаўскіх самадзейных артыстаў. У мінулым годзе яны дэбютавалі з п’есай Андрэя Макаёнка «Трыбунал».
— З чаго ўсё пачыналася? — з такім пытаннем звярнуўся да Галіны Аксючыц.
— Сёлета было значна лягчэй. Летась больш мелі клопатаў з падборам людзей на галоўныя ролі. Зацікавіць і ўгаварыць іх выступіць на сцэне — справа не з простых. Але ўдалося стварыць аматарскі тэатральны гурток пры бібліятэцы. Шмат рэпетыцый і… перапоўненая зала, поспех. Шэсць разоў мы ставілі гэты спектакль, — расказвае Галіна Сцяпанаўна. — Ужо тады «артысты» пыталіся, маўляў, якая пастаноўка наступная. Пры сустрэчы і многія вяскоўцы цікавіліся, што яны ўбачаць на сцэне…
Прачытаўшы розныя п’есы, Галіна Сцяпанаўна прыйшла да высновы, што найбольш падыходзяць «Прымакі». Хаця вабілі «Паўлінка» Янкі Купалы, «Не верце цішыні» Івана Шамякіна, «Несцерка» Віталія Вольскага.
— У лістападзе распачалі рэпетыцыі. Спачатку чыталі п’есу, разбіралі па ролях, адпрацоўвалі вымаўленне, каб правільна паставіць націск у слове. Збіраліся два разы на тыдзень, — працягвае размову Галіна Аксючыц. — З падборам выканаўцаў роляў вялікіх праблем не было. Падзялілі ролі і пачалі рыхтавацца да выступлення. Добра разумелі, што справа адказная, нялёгкая. Планавалі пастаноўку паставіць да Новага года. Не атрымалася. Было вельмі мала часу на падрыхтоўку. Больш таго, узнікла праблема з касцюмамі, збіралі іх, як кажуць, па ўсяму свету. Штосьці даў з асабістай калекцыі жыхар Будслава Валерый Хацяновіч, штосьці пазычылі ў Княгінінскім Доме культуры, у калег з Вілейскага і Докшыцкага раёнаў. Што датычыць дэкарацый, то многа мелі ўласных (калаўрот, вышыванкі, якія калісьці мне падаравала будслаўская майстрыха Еўдакія Грышкевіч, прынесла з дому, начоўкі прывёз Іван Пятроўскі).
— Галіна Сцяпанаўна, раскажыце, калі ласка, пра самае галоўнае, пра самадзейных артыстаў? — прашу суразмоўцу.
— Ролю Максіма Кутаса выконваў Алег Талстыка. Алег Уладзіміравіч жыве ў вёсцы Палессе, працуе качагарам на Будслаўскім участку жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Хапае спраў і дома. Але заўсёды ён знаходзіў час прыйсці на рэпетыцыю. На выдатна справіўся з даручанай справай, — расказвае Галіна Сцяпанаўна. — А вось ролю яго жонкі Паланеі цудоўна сыграла Валянціна Рагоўская. Жанчына шмат гадоў адпрацавала загадчыцай склада ААТ «Будслаўскае». Зараз яна знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Валянціна — вельмі таленавіты чалавек. Яшчэ ў школьныя гады, калі ставілі ўрывак з п’есы «Паўлінка», яна выконвала ролю Агаты. І зараз у Валянціны ёсць мара яшчэ раз сыграць яе. Магчыма, з часам мара ажыццявіцца.
Ролю Мацейкі, сына Максіма і Паланеі, выконваў Уладзімір Штура. Ён працуе тэхнолагам на УП «Ілаўскае». Закончыў Маладзечанскі політэхнічны тэхнікум. Зараз завочна вучыцца на трэцім курсе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта  харчавання. Вельмі адказны, мэтанакіраваны хлопец. Мы  былі ўпэўнены, што ён не падвядзе. Дарэчы, Уладзімір, бадай, не прапусціў ні адной рэпетыцыі. Трахім Сініца — гэта Павел Бабкевіч, які працуе хімікам-аналітыкам на УП «Ілаўскае». Адукаваны чалавек, шмат чытае. Актыўны, можа падказаць як лепш паступіць у той альбо іншай сітуацыі. Яшчэ на рэпетыцыях выдатна спраўляўся з абавязкамі суфлёра.
— Ведаю, што ролю жонкі Трахіма Даміцэлі выконвалі вы. Давялося, напэўна, вельмі пастарацца, укласці часцінку душы, каб ужыцца ў вобраз. Як вам гэта ўдалося? — працягваю размову.
— Пра сябе нічога не магу сказаць. Не ведаю, наколькі справілася з роляй. Няхай ацэньваюць гледачы, — усміхаецца Галіна Сцяпанаўна. — Лепш скажу пра моладзь — Аляксандру Талкановіч. Яна выконвала ролю Кацярынкі. Атрымалася ў яе, як кажуць, на ўсе 100. Першае маё канцэртнае знаёмства з Алесяй, так мы яе завём, адбылося даўно, калі яна вучылася ў 4 ці 5 класе. Тады дзяўчынка спявала песню «Туманы, туманы, верните мне маму». Сваім цудоўным выкананнем давяла гледачоў да слёз. У школе Алеся была вельмі актыўнай дзяўчынкай, удзельнічала амаль ва ўсіх мерапрыемствах. Зараз яна, пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, працуе галоўным бухгалтарам Будслаўскага сельвыканкама. Калі ёй прапанавалі прыняць удзел у пастаноўцы — дзяўчына згадзілася без ваганняў. Дэбют аказаўся ўдалым. Нельга не назваць яшчэ аднаго артыста — інжынера-энергетыка ААТ «Будслаўскае» Андрэя Кісялёва. Жыве ў вёсцы Камарова, а гэта за сем кіламетраў ад Будслава. Не зважаючы на ўмовы надвор’я, на адлегласць, на занятасць на працы, стараўся своечасова патрапіць на рэпетыцыі. Дабіраўся, калі на веласіпедзе, калі на аўтамабілі, калі на спадарожных машынах. У выніку Андрэй выдатна выканаў ролі Урадніка і Соцкага. Дзякуй яму за старанне.
Шчырыя словы падзякі адрасавала Галіна Сцяпанаўна і ў адрас загадчыка Ілаўскага клуба Валерыя Драгуна. Яго валоданне музычнымі інструментамі вельмі ўпрыгожыла пастаноўку.
— Хаця ўсе добра ведалі свае ролі, але на ўсялякі выпадак быў суфлёр — настаўніца пачатковых класаў Будслаўскай школы Наталля Рудкоўская. Дзякуй ёй вялікі, што знайшла час прыйсці, дапамагчы, выручыць. Усе былі ўпэўнены, што калі дзе і саб’ёмся, то яна своечасова падкажа, — гаворыць  Галіна Аксючыц. —
Удзячны артысты і гукарэжысёру — мастацкаму кіраўніку Дома культуры Алёне Грышкевіч.
— Галіна Сцяпанаўна, раскажыце, калі ласка, коратка пра планы на будучае, — прашу суразмоўцу.
— Ёсць задума з дзецьмі зрабіць пастаноўку па п’есе Міхася Чарота «Мікітаў лапаць». З дарослымі, як гаварыла вышэй, ці «Паўлінку», ці «Не верце цішыні». А пакуль рыхтуемся да паездкі з «Прымакамі» на раённую сцэну, — чую ў адказ.

Пацікавіўся ў некаторых гледачоў іх уражаннямі пра пастаноўку «Прымакоў» у выкананні будслаўскіх самадзейных артыстаў.
Ганна ПАДГОЛ — намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
— Гэта пастаноўка актуальная, бо сёлета адзначаецца 135-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы. Яна ідэйна вытрыманая (барацьба з п’янствам, прапаганда сямейных каштоўнасцей). Вельмі добрая акцёрская гульня. Асабіста мне найбольш спадабаліся два акцёры: Алеся Талкановіч (у ролі Кацярынкі) і Алег Талстыка (Максім Кутас). Выконвалі ролі натуральна. Увогуле, гэта пастаноўка прайшла, як кажуць, на адным дыханні. Дзякуй артыстам! Па колькаснаму складу трупа невялікая, мабільная. Таму зручная для гастролей. Дэкарацыі таксама простыя. Думаю, што ў бліжэйшы час запросім будслаўчан з «Прымакамі» на раённую сцэну.
Таццяна МАТОШКА — настаўніца Будслаўскай сярэдняй школы імя Паўліны Мядзёлкі:
— Я і зараз у захапленні ад убачанага. Калі на сцэне сталічных тэатраў такія пастаноўкі платныя, то будслаўчане бясплатна парадавалі аднавяскоўцаў. Наша зямля багатая на таленавітых людзей. Дзякуй Галіне Сцяпанаўне Аксючыц за тое, што яна адраджае былую славу Будслаўскага краю. Асабліва прыемна, што адну з галоўных роляў у пастаноўцы выконвае тата майго вучня Віктара Алег Талстыка. Увогуле, спектакль прайшоў «на ўра!». У кожнага з артыстаў ёсць свае асабістыя ці сямейныя справы, але людзі адкладвалі іх на потым, ішлі на рэпетыцыі, ужываліся ў ролі. І вынік — сапраўдны трыумф. Дзякуй!!!
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: удзельнікі пастаноўкі.



07 красавiка 2017.   Каментарыі: Адзін камэнтар.    Размешчана ў Культура

Да запісу Адзін камэнтар

Я вельмі рад за землякоў,
Бо з Мельпаменаю сябруюць.
Дзякуй жа вам за “Прымакоў”,
Не тых, што хат не пабудуюць.

Калісь у Будславе жыла
Сама Купалава Паўлінка.
Вельмі прыгожая была,
Нібы Сцяпанава Галінка.

Гэта цудоўна – не старэць,
Ды каранёў не забывацца.
Ў жыцці агеньчыкам гарэць
І беларусам называцца…

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

dsc_5774-3 Лебедзі на Нарачы возера Мястра Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси