Сейбіты выйшлі ў поле | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Сейбіты выйшлі ў поле

Уладзімір Нарэйка.

АСНОЎНЫЯ намаганні вяскоўцаў зараз падпарадкаваны адной мэце — своечасова і якасна правесці пасяўную кампанію. Праўда, надвор’е пакуль не вельмі спрыяла шырокаму разгортванню палявых работ. Але хлебаробы ААТ «Будслаўскае» імкнуцца выкарыстоўваць з максімальнай аддачай кожную магчымасць. Яны выбіраюць палеткі, дзе глеба крыху падсохла, і ўключаюць тэхніку ў работу.

— Клопатаў на веснавым палетку хоць адбаўляй. Нам трэба пасеяць 860 гектараў ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур, — расказвае дырэктар таварыства Алег Ермаковіч. — Акрамя гэтага, падкормка азімых, унясенне мінеральных і арганічных угнаенняў, узорванне і падрыхтоўка глебы. Словам, работы хапае і нічога нельга адкласці на потым. Разумеюць гэта механізатары, таму і стараюцца працаваць з аддачай. Тым больш, што да веснавой пасяўной кампаніі яны рыхтаваліся загадзя — рамантавалі замацаваныя трактары, прычапныя і навясныя агрэгаты.
— Што ўжо ёсць у актыве? — пытаюся.
На ўсёй 200-гектарнай плошчы падкармілі рапс. Заканчваем падкормку азімых збожжавых культур. Заслуга ў гэтым Марка Гарбацэвіча, за якім замацаваны агрэгат «Раса», і Вікенція Канопскага, ёк кіруе трактарам «МТЗ» у счэпе з раскідвальнікам «РДУ-1,5». А мінеральныя ўгнаенні падвозілі ім вадзіцелі Алег Кратовіч і Аляксандр Лётка, — чую ў адказ.

Аляксей Фірага.

Дырэктар расказаў, што гадоў пяць таму гаспадарка набыла вельмі патрэбны для хлебаробаў агрэгат для падкормкі і апрацоўкі пасеваў ядахімікатамі ад пустазелля і шкоднікаў — «Раса». Даверылі гэту машыну Марку Уладзіміравічу. Па-гаспадарску эксплуатуе тэхніку дбайны механізатар. Таму і служыць яна надзейна. Як толькі вясною сыходзіць снег, для механізатара пачынаюцца гарачыя дзянькі. З часам Гарбацэвіч не лічыцца, працуе ад душы, якасна. Ён разумее, што, калі пасевы падкормлены ўгнаеннямі, іх не заглушае пустазелле, то і колас атрымліваецца куды больш важкім.

— Толькі добрае магу сказаць і пра Вікенція Канопскага. Адказны, працавіты, дысцыплінаваны. Любую даручаную справу стараецца выканаць якасна і ў вызначаны тэрмін, — працягвае размову кіраўнік таварыства.
Шмат глебы ўзаралі ў гаспадарцы восенню, але не ўсю. Вось таму зараз і шчыруюць з плугамі механізатары Аляксандр Ломскі і Уладзімір Нарэйка.
 — Не ўсюды іх трактары «МТЗ-1221» і МТЗ-3022″ могуць працаваць. На асобных участках вельмі гразка. Але стараемся араць глебу на пясчаных палетках, як кажуць, выбарачна, — зазначае Алег Ермаковіч.
На закрыцці вільгаці з чызельнымі культыватарамі заняты Аляксандр Кавалёў і Аляксандр Лемяшонак. А вось на падрыхтоўцы глебы — Аляксей Фірага, за якім замацаваны «МТЗ-3022» з дыскатарам «АДН-6».
— Раней розныя работы выконваць даводзілася. Уносіў арганіку і мінеральныя ўгнаенні, араў і культываваў глебу, а вось з дыскатарам сёлета ўпершыню буду працаваць. Думаю, спраўлюся, не вялікая тут навука, — усміхаецца Аляксей.

Міхаіл Крамок.

Перш чым насенне трапіць у глебу, яе запраўляюць мінеральнымі ўгнаеннямі. Гэту работу ў гаспадарцы даручылі вопытнаму і рупліваму хлебаробу Юрыю Кузняцову. Яго «МТЗ-2021» з «РУМам» практычна не ведае прастояў на веснавым палетку.

— А сейбіты ў вас хто? — пытаюся ў дырэктара.
— Трактарам «МТЗ-1221» у агрэгаце з сеялкай «СПУ-6» яравыя культуры будзе сеяць малады механізатар Міхаіл Крамок. Яго бацька Валерый Крамок знакаміты ў гаспадарцы механізатар. Думаю, і сын не падвядзе. Міхаіл пэўны час працаваў у ТАА «Нарачанская Ніва 2004», зараз вярнуўся ў родную гаспадарку, — адказвае Алег Андрэевіч. — Восенню ён добра зарэкамендаваў сябе з сеялкай на азімым палетку. За Дзянісам Аксючыцам замацаваны трактар «Fendt» з сеялкай «PABE». Ён будзе на палетку да семнаццаці гадзін, а ў другую змену за руль трактара сядзе яго бацька Анатолій Аксючыц. Падрыхтаваў сеялку «СЗУ-3,6» механізатар Уладзімір Томкавіч. Праўда, пакуль ён на ферме «Матыкі» раздае кармы жывёле, але ў гэтай справе яго заменіць іншы механізатар. Такім чынам трыма сеялкамі мы павінны справіцца з запланаваным аб’ёмам работы.
Хочацца дадаць, што ў гаспадарцы распачалі ўносіць арганіку. На пагрузцы ўгнаенняў заняты два «Амкадоры», якімі кіруюць Сяргей Штура і Валерый Малафей. А вось на раскідванні працуюць Дзяніс Аксючыц і Аляксандр Нікалаеў. Таму практычна ўся тэхніка зараз працуе на яравым кліне. А каб найбольш эфектыўна выкарыстоўваць працоўны дзень, для ўдзельнікаў пасяўной арганізавана гарачае харчаванне, якое дастаўляецца непасрэдна ў поле.
Для даведкі: у ААТ «Будслаўскае» азімыя культуры падкормлены на плошчы ў 750 гектараў, узарана 150 га глебы, падрыхтавана да сяўбы — 242 га, пасеяны яравыя культуры на плошчы ў 75 гектараў, унесены мінеральныя ўгнаенні на 740 гектарах.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.


03 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька dsc_5774-3 84 від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси