Выдатнік народнай асветы

Жыццё імкліва бяжыць. Не паспееш азірнуцца, як дзяцінства хуткаплынна змяняе юнацтва, затым прыходзіць час станаўлення і росквіту, які непрыкметна пераходзіць у паважаны “залаты” ўзрост, напоўнены мудрасцю, ведамі, вопытам. Жыццё ў кожнага складваецца па-свойму. Яно бывае звычайнае, шэрае і адметнае, цікавае. Не ўсім быць вучонымі, артыстамі, грамадскімі дзеячамі. Але калі ты пакінуў добры след на зямлі, калі тваё імя засталося ў памяці і людскіх сэрцах, значыць, ты адбыўся як Чалавек і як Асоба. Менавіта так хочацца сказаць пра гераіню гэтай публікацыі — ветэрана педагагічнай працы Нарацкай сярэдняй школы №1 Галіну Мікалаеўну Роўда, якую любяць і бязмерна паважаюць многія пакаленні жыхароў аграгарадка Нарач і не толькі.
Галіна родам з мядзельскіх Навасёлак. Тут прайшлі яе дзяцінства, юнацтва. Як успамінае зараз Галіна Мікалаеўна, хлопцы, яе аднавяскоўцы, паступалі вучыцца ў ваенныя вучылішчы, політэхнічную акадэмію, дзяўчаты лепшай лічылі працу настаўніка. Марыя Захарэвіч увогуле падалася ў артысткі і дабілася славы, поспеху, стала знакамітай. Сама Галіна хацела стаць бібліятэкарам. Яна вельмі любіла чытаць кнігі. “На той час у вёсцы не было святла, — узгадвае мінулае мая суразмоўца. — Таму чытала каля печкі, якая цеплілася. Пасля заканчэння Мядзельскай дзесяцігодкі спрабавала паступіць у Мінскі бібліятэчны тэхнікум, але не атрымалася. Па рэкамендацыі сваёй стрыечнай сястры Надзеі Мішчанка пайшла працаваць піянерважатай. Менавіта Надзя завяла мяне да загадчыка раённага аддзела народнай асветы Яраслава Генрыхавіча Звяругі, які накіраваў на работу ў Ляшчынскую школу. Дарэчы, сталі тады піянерважатымі многія нашы дзяўчаты, якія не паступілі вучыцца далей. Напрыклад, Галя Бабровіч атрымала накіраванне ў Чараўкі, Галя Сокалава — у Мікольцы…”.
У савецкі час было прэстыжна звязаць свой лёс са школай. Многія таленавітыя педагогі менавіта з піянерважатых пачыналі свой працоўны шлях: Іван Якімец, Надзея Мішчанка, Галіна Роўда, Фаіна Валюк, Антаніна Штура… А Алена Бута са Свірскай СШ, нават маючы вышэйшую адукацыю, усё роўна яшчэ доўгі перыяд не здраджвала прафесіі піянерважатай. Два гады працавала ў Ляшчынскай школе на гэтай пасадзе Галіна. Стараннасцю, шчырасцю дзяўчына ў свае семнаццаць год заваявала любоў і павагу піянераў, за якіх была не нашмат старэйшай, стала для іх верным сябрам і добрым выхавальнікам. Сёння прыемна Галіне Мікалаеўне, што сярод іх былі школьнікі, якія ў дарослым жыцці дасягнулі вядомасці. У тым ліку Ларыса і Ірына Чабатар, Рэгіна Давідовіч… Напрыклад, Рэгіна Андрэеўна ў сваім пісьме ў школу ў студзені 1969 года пісала: “Асабіста я ў многім абавязана маёй былой піянерважатай Галіне Мікалаеўне. Яна вучыла мяне быць неабыякавай да ўсіх падзей, патрабавальна і прынцыпова падыходзіць да кожнага пытання”. І калі дзяўчыну перавялі на работу ў Кабыльнік (цяпер аг. Нарач), дзеці праводзілі яе да Лыжыцкага гаю, плакалі пры развітанні. Ёй і самой было сумна, бо звыклася з імі, не хацела пакідаць…
Кабыльнік пасля Ляшчынска быў амаль горадам. Тут Галіна Мікалаеўна пяць гадоў працавала піянерважатай. Старалася згуртаваць вучняў. А якія цікавыя мерапрыемствы праводзіла! За сваю актыўнасць піянерская дружына нарацкіх школьнікаў нават была ўзнагароджана Пераходным сцягам абласнога камітэта камсамола. “Збіралі макулатуру, а на выручаныя за яе сродкі заказалі ў Маладзечне бюст Алега Кашавога (яго імя насіла піянерская дружына) і ўстанавілі на Дзень нараджэння піянерскай арганізацыі на тэрыторыі школы, — кажа Галіна Мікалаеўна. — Напісалі ліст маці героя ў Краснадар, паведамілі ёй, як ушаноўваем памяць пра яе сына. І фотаздымак бюста паслалі. Вельмі радаваліся, калі атрымалі ад Алены Мікалаеўны адказ. Так і завязалася перапіска з матуляй героя. Дарэчы, усе яе пісьмы беражліва захоўвалі. Хутка па нашым прыкладзе з’явіўся бюст Ульяны Громавай на школьным двары і ў Ляшчынску…”.
Сумненняў, што правільна выбрала свой жыццёвы шлях, у Галіны не было, і яна паступіла вучыцца завочна ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага. А неўзабаве ёй прапанавалі выкладаць рускую мову і літаратуру. Дарэчы, на гэтай пасадзе якраз і праявілася глыбокая паэтычнасць яе натуры, уменне захапляцца прыгожым. Невыпадкова цэлае пакаленне нарачанцаў вырасла ўлюбёным у літаратуру за перыяд яе настаўніцтва і працы на пасадзе арганізатара пазакласнай і пазашкольнай работы. Запамінальныя ўрокі, незабыўныя падарожжы па літаратурных мясцінах любімага педагогам паэта Аляксандра Пушкіна, пасяджэнні клуба “Пунсовы ветразь”, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, камсамольцамі 20-ых гадоў, беларускімі паэтамі і іншыя цікавыя справы пакінулі след у душах дзяцей. Вось як пісала пра Галіну Мікалаеўну Роўда выпускніца Нарацкай СШ №1 Ірына Нічапарук (Чабатар), якая стала журналісткай: “Ніхто ніколі не ўмеў так прыгожа, так цёпла размаўляць з дзецьмі, як яна. Менавіта ад яе мы атрымлівалі праменьчыкі дабраты, узнёсласці. Ад яе вучыліся тым невыказным тонкім пачуццям, што перадаюцца толькі праз сэрца, праз вочы. І літаратуру рускую, яе прадмет, мы вучылі не толькі па падручніках, асвойвалі яе на цудоўных ясенінскіх, пушкінскіх вечарах, якія рыхтавалі самі…”.
Педагог заўсёды актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці школы, населенага пункта. Шмат часу забірала прафсаюзная, партыйная работа, бо заўсёды жыла справамі ўстановы адукацыі, клапацілася пра членаў калектыву. Яе выступленні з задавальненнем слухалі працаўнікі саўгаса “Нарач”, калі яна прыходзіла да іх са сваімі лекцыямі, гутаркамі. Заўсёды шчырымі, натхняючымі на роздум аб сэнсе жыцця, сваёй ролі ў грамадстве. Ніколі пры размове з бацькамі вучняў Галіна Роўда не абыходзіла ўвагай важнасць асабістага прыкладу матулі, таты ў выхаванні дачушкі, сына, а таксама прызначэнне сям’і ў гэтым важным пытанні.
З 1972 года Галіна Мікалаеўна — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Нарацкай СШ №1. Не толькі вучням, але многім настаўнікам стала яна сябрам, дарадцам, метадыстам. Вось як узгадвала на старонках раённай газеты “Нарачанская зара” пра гады сумеснай працы былы старшыня прафкама, а зараз дырэктар установы адукацыі Тэрэса Кальчынская: “Галіна Мікалаеўна ўмела бачыць нават кроплю поспеху ў кожнага з нас, і з яе, гэтай кроплі, пачынала расціць спецыяліста. Так было і са мною, і з тымі, хто прыйшоў працаваць у школу ў другой палове 80-ых. І сёння хочацца сказаць вам дзякуй, што “прымусілі” нас працаваць не ў паўсілы, бо па-іншаму нельга было. Недаравальна было падвесці зладжаны калектыў, давер Галіны Мікалаеўны, якая сваім зоркім вокам бачыла наскрозь. Можа, калі і крыўдна было тады нам, маладым і зялёным, але сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем тую навуку, якую атрымалі ад вас”. Многія былыя калегі па працы з захапленнем расказваюць пра Галіну Мікалаеўну, як пра выдатнага сцэнарыста і рэжысёра, пад непасрэдным кіраўніцтвам якога ладзіліся пастаноўкі спектакляў, з якімі яны з поспехам выступалі ў калгасах, здраўніцах, нават на раённай жнівеньскай педканферэнцыі.
Нельга абмінуць увагай мужа Галіны Мікалаеўны Яўгена Мікалаевіча, якога, на жаль, няма ў жывых. Гэта быў цудоўны чалавек, выдатны педагог. Мала хто ведае, што Яўген Роўда на пачатку сваёй настаўніцкай кар’еры выкладаў у пачатковых класах і кіраваў лялечным тэатрам, за што мае ўзнагароду. Быў ён і настаўнікам фізкультуры. Затым справай яго жыцця стала матэматыка. Вось як пісала на старонках часопіса “Народная асвета” пра настаўніка яго былая вучаніца Ірына Нічапарук (Чабатар): “Яўген Мікалаевіч значна адрозніваўся ад сваіх калег-матэматыкаў. Ён ніколі не працаваў стэрэатыпна, шукаў сваю сістэму, свае метады выкладання, свае падыходы да вучняў… Мы пабойваліся яго строгасці, але вельмі любілі яго смех, залівісты і гучны. Матэматыку мы ведалі ўсе…”. Многія выпускнікі школы пайшлі яго дарогай і выбралі прафесіі, звязаныя з матэматыкай… Званні настаўніка-метадыста, затым — Сорасаўскага настаўніка гавораць самі за сябе. Першае месца на Рэспубліканскіх педагагічных чытаннях у 1981 і 1991 гадах, Ганаровая грамата за даклад на восьмых Усесаюзных педагагічных чытаннях у Ташкенце, удзел у педагагічных чытаннях у Пензе… Гэта далёка няпоўны пералік педагагічнай дзейнасці Яўгена Роўды. З 1995 года Яўген Мікалаевіч — дырэктар школы. Восем гадоў муж і жонка працавалі ў творчым тандэме: ён — кіраўніком установы, яна — намеснікам па вучэбнай рабоце. Нездарма многія тады называлі Нарацкую СШ №1 “школай Роўдаў”. Вынікам іх самаадданай, добрасумленнай педагагічнай дзейнасці былі выдатныя поспехі вучняў на алімпіядах, творчых конкурсах, спартыўныя дасягненні. Установа адукацыі шмат год запар лічылася школай перадавога вопыту. Тут пастаянна праводзіліся семінары. Калектыў упэўнена займаў прызавыя месцы ў конкурсе “Школа года”.
Не так часта пішуць пісьмы вучні сваім настаўнікам. А ў Галіны Мікалаеўны іх шмат. Яна беражліва захоўвае разам з газетнымі выразкамі пра мужа, пра сябе, пра сваю сям’ю лісты ад Іры Клычко, Іры Чабатар, сачыненне-давер Валі Ляшковіч, віншавальныя паштоўкі ад сваіх былых выхаванцаў, а таксама школьныя сшыткі, малюнкі дачкі і сына. Вельмі ганарыцца, што праз яе рукі прайшлі дзеці, якія дабіліся поспехаў у жыцці. Наталля Панкратава — кандыдат медыцынскіх навук, доктар стаматалогіі, жыве ў Маскве, Люся Кавальчук закончыла тагачасны інстытут замежных моў, Ларыса Чабатар — выпускніца Маскоўскага інстытута мясамалочнай прамысловасці… Яны па прыездзе на радзіму пастаянна наведваюцца да любімага педагога, як да свайго лепшага сябра, цікавяцца справамі, расказваюць пра сябе.
Дарэчы, плённая дзейнасць Галіны Роўда на ніве “сейбітаў разумнага, добрага, вечнага” не засталася незаўважанай. Яна — выдатнік народнай асветы БССР, узнагароджана медалямі “За працоўную адзнаку”, “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна”, Ганаровымі граматамі ЦК УЛКСМ, Міністэрства асветы БССР.
Галіна Мікалаеўна і цяпер, на пенсіі, займае актыўную жыццёвую пазіцыю. З задавальненнем наведвае створаны пры Нарацкай сельскай бібліятэцы клуб для жанчын, пераважна ўжо залатога ўзросту, “Веста”. Прычым не толькі ў якасці слухача, але і сама прымае ў яго рабоце непасрэдны ўдзел. Яна, па сутнасці, ідэйны натхняльнік усіх цікавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца. Разам з яго кіраўніком, бібліятэкарам аграгарадка Ліліяй Грыцук, арганізоўвае змястоўныя завочныя літаратурныя падарожжы. Ніхто так душэўна не прачытае вершы Сяргея Ясеніна, Аляксандра Пушкіна, іншых вядомых паэтаў, як Галіна Мікалаеўна. У гэтым была і застаецца “разыначка” жанчыны — яе прыроджаныя таленавітасць, рамантычнасць, узнёсласць думак і памкненняў, а таксама вялікае багацце душы.
Роўды выхавалі дачку Святлану і сына Алега. Света закончыла школу з залатым медалём і Маскоўскі хіміка-тэхналагічны інстытут імя Мендзялеева. Выйшла замуж за юнака з Каломны, дзе і сёння жыве са сваёй сям’ёй. Яе сын Косця з адзнакай закончыў Баўманаўскі ўніверсітэт, стаў высокакваліфікаваным спецыялістам, працуе ў Маскве. Алег пасля школы вучыўся ў Пецярбургскім будаўніча-эканамічным каледжы. Там і шчасце сваё знайшоў. Жаніўся на расіянцы. Зараз працуе менеджэрам у выдавецтве медыцынскай літаратуры пры Ваенна-медыцынскай акадэміі імя Кірава. У іх сям’і — адна дачушка Ірына. Яна — студэнтка другога курса Санкт-Пецярбургскага архітэктурна-будаўнічага ўніверсітэта. Пастаянна на Новы год дзеці з унукамі прыязджаюць да матулі і бабулі ў госці. Гэта добрая традыцыя ў іх сям’і, якая не парушаецца гадамі. Разам адзначаюць свята, дораць падарункі, гавораць цёплыя словы, цешацца, што маюць магчымасць раздзяліць радасць са сваім самым дарагім чалавекам. Мне ж асабіста хочацца пажадаць Галіне Мікалаеўне здароўя, дабрабыту, заставацца і надалей бадзёрай, жыццярадаснай, усімі любімай і паважанай!
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



03 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

0-178 на Блакітных азёрах        від на Мядзел     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела