Аляксандра Апелінская: “Мастак — гэта філосаф, які ўмее маляваць…”

АЛЯКСАНДРА Апелінская выкладае англійскую мову ў Нарацкай СШ №2. А яшчэ маладая настаўніца піша карціны, стварае скульптуры і вучыць маляванню дзяцей. Мне падалося, што Аляксандра Рэнатаўна з задавальненнем расхінула дзверы ў свой творчы свет, без лішняй сарамлівасці падзялілася думкамі, разважаннямі, дасягненнямі. Прапаную і вам зазірнуць за прыпаднятую завесу…
— Ген мастацтва мне перадаўся ад таты. У яго таксама ёсць карціны, свае выставы, і ён таксама вучыць дзяцей маляваць. Але працуем мы ў розных накірунках і маем розныя густы і стылі. Мяне маляваць у дзяцінстве ніхто не вучыў, сама з захапленнем гэтым займалася. Памятаю, як з цікавасцю вывучала энцыклапедыю “Сусветная мастацкая культура” (мне там больш за ўсё падабаліся творы Рэмбрандта), перамалёўвала з кніжак нейкія элементы, дэталі. У школе (вучылася і жыла ў Мінску) мой талент быў заўважаны, і я там малявала розныя афішы, удзельнічала ў конкурсах, афармляла нешта і так далей. Хацела пасля дзевяці класаў пайсці ў каледж, але матуля вельмі настойвала, каб я паступала ў лінгвістычны ўніверсітэт. Так яно ў выніку і атрымалася.
Бацькі Аляксандры разышліся, калі яна была яшчэ зусім маленькай. Матуля, чалавек  далёкі ад мастацтва, лічыла, што захапленне дачкі можа быць хобі, а для жыцця трэба нешта больш сур’ёзнае. Дзяўчынка не пайшла насупраць жаданню маці, але творчы пачатак даваў пра сябе знаць.
— Дзесьці на трэцім курсе ў мяне ўзнікла жаданне стаць рэжысёрам, і я пачала думаць, куды мне далей паступаць. Выбірала паміж Масквой, Парыжам і Лос-Анджэлесам. Схілілася ў бок Францыі, таму пасля заканчэння ўніверсітэта паехала ў сталіцу гэтай краіны. Не думайце, што ўсё проста атрымалася. Спачатку ўладкавалася працаваць нянькай і паралельна вучылася на курсах французскай літаратуры і мовы, бо, каб паступіць і вучыцца, ведаў мне не хапала. З часам зразумела, што вучобу не пацягну па грашах: патрабавалася дарагая апаратура, камеры, напрыклад, якія нават узяць у арэнду — дорага. Але за два гады, што там пражыла, абудзілася мая прызабытая прага да малявання. Падчас курсаў мы наведвалі розныя выставы, хадзілі па музеях. Акрамя гэтага, адбылося шмат знаёмстваў з рознымі мастакамі. У Парыжы выставы можна сустрэць на кожным кроку, нават у кафэ. А дзе карціны — там і мастакі. Гэтыя стасункі падштурхоўвалі да творчасці, і я пачала вучыцца маляваць. Тое, што было ў школе, самі разумееце, несур’ёзна. Стала купляць фарбы, палотны і маляваць кожны дзень. Там жа з’явілася цікавасць і да скульптуры…
У мары прыйшлося ўнесці карэктывы — і Аляксандра вярнулася дадому ў Мінск, каб падрыхтавацца… да паступлення ў французскую мастацкую школу. Ёй было 24 гады. Францыя прываблівала, але заставацца там на ўсё жыццё ў якасці нянькі не хацелася.
— Ужо ў Мінску стала шукаць таго, хто б мяне навучыў і скульптуры. Элементарныя навыкі ў мяне былі, але як, напрыклад, зрабіць форму з металу, пластыка ці гіпсу — не ведала. Звярнулася ў нашу Акадэмію мастацтваў, і там мне дапамаглі. Нават некаторыя заняткі дазволілі наведваць. Знайшла і прафесійнага скульптара, які дапамог набрацца патрэбнага вопыту як у скульптуры, так і ў жывапісе. У той час зразумела і пэўныя ісціны: нельга маляваць усё адразу. Так і мае цяперашнія вучні, калі прыйшлі, хацелі маляваць усё, што бачылі. Я ім сказала: “Не. Спявачку Нюшу маляваць не будзем. Працуем так, нібы гэта ваша апошняя карціна”. Лічу, што густ трэба выхоўваць з маленства. І на паперу ці палатно наносіць  тое, на што потым не будзе шкада ні затрачаных грошай на фарбы, ні часу. Павінна быць ідэя — усвядомленая: для чаго малюеш, што хочаш гэтым сказаць. Яшчэ зразумела, што, пазнаёміўшыся з акадэмічным мастацтвам, можна лёгка збіцца і згубіць свой стыль, сваю індывідуальнасць. Мае ранейшыя работы, магчыма, і былі ў тэхнічным плане недасканалыя, затое ідэі фантаніравалі. Зараз крыху не так, і я змагаюся з гэтым. Я не малюю пейзажы, хоць гэта і прыгожа. Мне больш падабаюцца сюжэты з загадкай, з інтэлектуальным сэнсам. Калі здараецца, што няма натхнення (а маляваць трэба, каб не страціць тэхніку), тады працую над партрэтамі. Тэхніка напрацоўваецца гадамі, таму трэба працаваць, працаваць і працаваць…
Аляксандра праз год зноў паехала ў Францыю, каб паступаць на падрыхтоўчы курс Акадэміі мастацтваў на поўдні краіны (знайшла самы бюджэтны варыянт). Прывезла з сабой шмат работ, каб паказаць экзаменацыйнай камісіі. Сярод абітурыентаў аказалася самай старэйшай.
— Застаўшыся адзін на адзін з камісіяй, пачула пытанне: “Навошта вам гэта трэба?”. Адказала, што хачу спасцігаць еўрапейскую школу мастацтваў, яна больш прыцягвае ў адрозненне ад рускай і савецкай школ. Больш таго, падабаецца сучаснае мастацтва. Але мне сказалі, што я спазнілася — мой узрост не падыходзіць для паступлення. Аказалася, што ўсё было дарэмна. Супакойвалася тым, што атрымала прафесійную ацэнку сваім работам. Мастакі, якія сядзелі ў камісіі, адзначылі іх ўзровень. Вярнулася дадому і паехала да бабулі ў курортны пасёлак. Душа прагнула цішыні і адасобленасці. Сядзела, малявала, фантазіравала. А потым вырашыла, што трэба ўладкоўвацца на працу і восенню 2015 года трапіла ў мясцовую школу, дзе стала выкладаць англійскую мову. Была вельмі рада, калі мне дазволілі весці гурток па маляванні. Хутка набрала дзяцей, пачаліся заняткі. Цені, святло, блікі, аб’ёмы, перспектыва — вучні імкліва набіраліся сакрэтаў мастацтва. Радавалася разам з імі, калі нешта пачало атрымлівацца. Не ўсім, канечне, гэта дадзена. Былі і такія, што прыходзілі разам з сябрамі проста правесці вольны час. А каб быў вынік, трэба вялікае жаданне. Увогуле, мяркую, што талент — гэта велізарнае жаданне рабіць тое, што іншыя не хочуць рабіць.  Школьнік любіць рашаць задачкі па матэматыцы, і яго лічаць таленавітым матэматыкам. А ён проста дома ў вольны час сядзіць і рашае гэтыя задачкі. Канечне, у яго будзе лепш атрымлівацца, чым у іншых. Тое самае і ў маляванні. Жаданне і шмат працы — вынік абавязкова будзе. Радуе, што ў мяне ёсць такія вучні. Ангеліна Находка, Даша Шалаева, Арына Котава, Ліза Буйко — гэта дзяўчынкі, работы якіх вывешаны на сценах школы, і ў якіх ёсць, як кажуць, патрэбны зрок. Спадзяюся, што іх талент не абмяжуецца проста густам падчас афармлення кватэры (якога колеру выбраць кухню ці якую карціну павесіць).
Зараз Аляксандра працуе над падарункам для маці — стварае рэпрадукцыю карціны іспанскага мастака Барталамэ Мурыльа “Святое сямейства”. Што тычыцца выкладання замежнай мовы, то гэта таксама дзяўчыне падабаецца. Лінгвістыка, усё ж такі, знайшла водгук у яе сэрцы. А яшчэ прыцягваюць сучасныя накірункі…
— Ёсць кагнітыўная навука, якая аб’ядноўвае тэорыю пазнання, псіхалогію, нейрафізіялогію, кагнітыўную лінгвістыку, адукацыю, тэорыю штучнага інтэлекту. Яны звязаны між сабой і не могуць у 21-м стагоддзі існаваць незалежна. Толькі ў мяне замест апошняй пазіцыі — мастацтва. Гэта, як чытаючы Дастаеўскага, ты павінен ведаць і пра Гётэ, якога ўзгадвае пісьменнік. А назіраючы за тым, як дзеці вучаць правілы, расказваеш ім пра кароткатэрміновую і доўгатэрміновую памяць. Усё вельмі пераплятаецца. Калі казаць пра мастацтва, то чалавек, які ўмее маляваць, і мастак — гэта не адно і тое ж.
У творцы павінна быць ідэя і сваё філасофскае светаўспрыманне. Многія мастакі, узяць таго ж Малевіча, былі філосафамі. Схіляюся больш да трактоўкі, што мастак — гэта філосаф, які ўмее маляваць. Вось вам і ўзаемадзеянне. І шкада, што ў нас мастацтва ўспрымаецца як дэсерт. Ёсць асноўныя стравы: эканоміка, палітыка і г. д., а ёсць, як бы мовіць, пірожанка — мастацтва. На самой справе мастацтва — аснова асноў, бо ў яго падмурку ляжыць творчы пачатак. Усе геніяльныя і таленавітыя людзі, першаадкрывальнікі, вынаходнікі кіруюцца менавіта ім. Засмучае, што ў нас гэта не зусім разумеюць, таму мастакам у нас цяжэй зарабляць, чым у той жа Еўропе. За трыста долараў хутчэй набудуць плітку ў ванны пакой, чым скульптуру…
Я не здзівілася, што ў Аляксандры ў Нарачы, мякка кажучы, мала аднадумцаў. Наўкол большасць тых, хто лепш набудуць плітку. Але яна працягвае з аптымізмам глядзець у будучае, будуе планы (праўда, больш асцярожна) і малюе, малюе, малюе…
Іна ЯРЧАК.


03 красавiка 2017.   Каментарыі: Адзін камэнтар.    Размешчана ў Моладзь, Творчасць

Да запісу Адзін камэнтар

Вельмі прафесійна – што з боку аўтара артыкула, што з боку галоўнай гераіні. Поспехаў гэтай прыгожай і вельмі таленавітай дзяўчыне, якая на Нарачы спрабуе знайсці свой Парыж. Дай Божа знайсци ёй тут и свайго Арфея.

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

06-012 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси