На ўзвышшы памяці

ПА ўсёй зямлі беларускай стаяць высокія і не вельмі абеліскі, стэлы, простыя пірамідкі з чырвонымі зорачкамі — сімвалам гераічнага подзвігу, вялікіх ахвяр і неўміручай памяці. У нас на Мядзельшчыне ўвасабленнем народнай памяці з’яўляецца помнік на ўзвышшы каля возера Нарач, непадалёку ад вёскі Мікольцы. Менавіта яго намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева назвала своеасаблівай візітоўкай нашага краю падчас мітынгу памяці, які ў панядзелак адбыўся на гэтым месцы.
Мерапрыемства прысвячалася векапомнаму — 27 сакавіка 1944 года непадалёку ад гэтага месца партызаны брыгады імя Варашылава, самага масавага партызанскага злучэння, якое дзейнічала на тэрыторыі нашага рэгіёна, далі бязлітасны бой нямецка-фашысцкім захопнікам. Вядучыя мітынгу — навуковы супрацоўнік музея народнай славы Таццяна Пісарчык і галоўны захавальнік фондаў гэтай жа ўстановы Любоў Грыцкевіч — паведамілі прысутным, што да сярэдзіны 1944 года большасць нямецкіх гарнізонаў на тэрыторыі былой Вілейскай вобласці была ліквідавана партызанамі. У тых, што засталіся, знаходзіліся немцы і паліцаі, якія імкнуліся ўцячы на захад разам з адступаючай арміяй. Партызаны стараліся іх не выпусціць. Асабліва складана было Мядзельскаму гарнізону. Немцы не маглі, як раней, выязджаць у вёскі і нарыхтоўваць прадукты, бо за імі сачылі партызаны і знішчалі іх. Усе спробы немцаў дэблакіраваць гарнізон былі дарэмнымі. У гэты дзень семдзясят тры гады таму з Пастаў рухаліся каля 200 фашыстаў на 16 аўтамашынах і 2 танкетках. Абарону ў раёне вёскі Пасынкі занялі партызаны атрада імя Чапаева. На дапамогу ім падышлі атрады імя Пархоменкі, імя Кутузава і атрад “Перамога”. Жорсткі бой, які працягваўся больш за 7 гадзін, закончыўся поўным разгромам фашыстаў. Ахвяры былі як з боку праціўніка, так і ў партызан. Загінулі і 9 жыхароў вёскі, многія атрымалі раненні. Гэты бой быў адным з буйнейшых баёў партызан брыгады імя Варашылава. Пра падзею паведамлялася нават у зводках Савінформбюро.
У 1952 годзе тут, непадалёку ад месца бою, быў узведзены помнік у памяць пра партызан Нарачанскага краю, якія загінулі, вызваляючы радзіму ад ворага. Тады ж было прынята і рашэнне пра штогадовае святкаванне на гэтым месцы Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На ўрачыстым адкрыцці помніка прысутнічаў і народны паэт Беларусі, наш зямляк Максім Танк, які прысвяціў гэтаму моманту верш “Прамова ў дзень адкрыцця помніка партызанам”. Радкі з твора прагучалі і на гэты раз. Іх выканалі вучаніцы Нарацкай СШ №2 Ясенія Чарнова, Паліна Гурло і Анастасія Ворса.
Сёння жыхары і госці нашага краю захапляюцца веліччу 24-метровага абеліска, які ўсталявалі тут у 1968 годзе на месцы былога. Да яго вядзе каскад прыступак. З правага боку размешчаны бетонныя блокі з назвамі 18 партызанскіх брыгад і атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі былой Вілейскай вобласці. Кампазіцыя аднаго з рэльефаў абеліску — воін у плашч-палатцы прытрымлівае паніклае цела раненага таварыша; другая кампазіцыя — фігура партызана, твар якога выказвае гнеў і рашучасць.
Памяць пра тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання.
Адметнасцю мерапрыемства стаў удзел у ім ветэрана Вялікай Айчыннай вайны — Міхаіла Трафімавіча Чарняўскага, чалавека актыўнага, неабыякавага да пытанняў захавання гісторыі як вайны, так і нашага краю ў цэлым. Не зважаючы на свой паважаны ўзрост (а Міхаіл Трафімавіч размяняў ужо дзявяты дзясятак), ён падняўся да падножжа помніка. Узяўшы слова, звярнуўся ў першую чаргу да падрастаючага пакалення з заклікам уважліва і беражліва адносіцца да нашай гісторыі, цікавіцца падзеямі, якія тут адбываліся ў розныя часы, часцей сустракацца з ужо нешматлікімі сведкамі страшных падзей Вялікай Айчыннай…
Закончыўся мітынг ускладаннем вянкоў і кветак да абеліску.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: удзельнікі мітынгу памяці: ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Трафімавіч Чарняўскі з вучнямі Нарацкай СШ №2.
Фота аўтара.


31 сакавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя, Векапомнае

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Верасень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   Царква ў Слабадзе 06-043 1-12

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси