Урок музыкі ад віртуоза-акардэаніста

УЧОРА ў Салігорску, сёння — у Мядзеле, заўтра — у Валожыне. Такі графік у  віртуоза-акардэаніста, спевака і кампазітара Ігара Квашэвіча. А ўсяго ў рамках музычна-адукацыйнага праекта «Беларусь-тур» лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Квашэвіч наведае 120 гарадоў краіны. Тур праходзіць з верасня мінулага па лістапад гэтага года і фінішуе фінальным гала-канцэртам у Мінску. Праводзіць яго РГА «Белая Русь» сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Асацыяцыяй беларускіх баяністаў і акардэаністаў.
У Мядзел Ігар Квашэвіч прыехаў 16 сакавіка. Як і паўсюдна, адразу даў майстар-клас для юных музыкантаў. У дзіцячай школе мастацтваў сабраліся не толькі мядзяльчане: прыехалі выхаванцы Будслаўскай і Нарацкай дзіцячых музычных школ мастацтваў. Ігар Квашэвіч расказаў пра свой творчы шлях, выканаў праграму класічнага накірунку. Распавёў пра беларускіх кампазітараў і выканаўцаў на акардэоне і баяне, даў парады дзецям.
— Гэта вельмі добра, калі такія майстры прыязджаюць у малыя гарады. Дзеці маюць магчымасць паслухаць музыку ў вельмі якасным выкананні — сапраўды  міжнароднага узроўню, атрымаць парады прафесійнага характару, — сказала дырэктар Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Касарэўская.
Потым у гарадскім Доме культуры прайшоў канцэрт. Перад яго пачаткам юныя таленты Мядзельшчыны атрымалі граматы за высокі мастацкі ўзровень сцэнічнага майстэрства і падарункі ад «Белай Русі». А гэта Валерыя Шабовіч, Арцём Пісарчык, Аліна Ліхач, Арцём Лушчык, Ірына Пішчака, Павел Ісмаілаў, Вікторыя Шпарковіч, Віялета Хацяновіч, Ангеліна Раскова. Уручалі  ўзнагароды намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева і старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Святлана Маслоўская. Падарункі прымалі таксама бацькі юных музыкантаў. Гэтай цырымоніяй заклалі добрую традыцыю ўшанавання  навучэнцаў, якія паспяхова выступаюць на музычных конкурсах і фестывалях. І надалей раённая арганізацыя  «Белай Русі» будзе падтрымліваць таленавітую моладзь.
У канцэртнай праграме гледачы маглі пачуць не толькі віртуозную ігру на акардэоне. Творца змяняў бялюткі інструмент на мікрафон, каб выканаць уласныя песні ды пажартаваць. Ігар Квашэвіч ад душы стараўся завесці публіку, і тая адказвала яму шчырай ўдзячнасцю і словамі «Дзякуй!».
— Вельмі добрае ўражанне ад канцэрта, — падзялілася Лілія Сокава. — Прыемна, што такі таленавіты выканаўца ёсць у нашай Беларусі. Мне асабліва запомніліся песні Ігара Квашэвіча і як ён кантактаваў з гледачамі. І, наогул, мне вельмі падабаецца акардэон. Настрой пасля канцэрту — цудоўны.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымках: падчас майстар-класа; старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Святлана Маслоўская і Ігар Квашэвіч з групай узнагароджаных дзяцей.
Фота аўтара.


23 сакавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-170 wjx6x-f4hhi 0-178 1-12

Пабрацімы Мядзела