Выпальванне сухой расліннасці забаронена!

ВОСЬ і наступіла доўгачаканая вясна, наперадзе шмат светлых і сонечных дзён. З прыходам цёплага надвор’я сельскія жыхары і дачнікі прыводзяць у парадак свае домаўладанні і зямельныя ўчасткі. Рыхтуючыся да новага дачнага сезона пасля зімовай «спячкі», руплівыя гаспадары з незвычайнай стараннасцю бяруцца за падрыхтоўку сваіх садоў і агародаў да новай барацьбы за ўраджай, часам грэбуючы не толькі сваёй, але і бяспекай усіх акружаючых.
На жаль, такая «звыш ініцыятыўнасць» грамадзян разам з няведаннем, а часам і простым нежаданнем выконваць элементарныя правілы пажарнай бяспекі, прыносіць, калі так можна сказаць, свае «вынікі»: паводле афіцыйнай статыстыкі ў гэты перыяд істотна пачашчаюцца выпадкі пажараў ад выпальвання сухой расліннасці і смецця, згараюць дамы і іншыя пабудовы, у якія ўкладзены не толькі значныя матэрыяльныя сродкі, але і шматгадовая праца.
Даведка: у 2016 годзе на тэрыторыі сталічнай вобласці былі зарэгістраваны 653 прыродныя пажары на плошчы больш за 69 гектараў, пры гэтым самым складаным становішча з загараннем сухой расліннасці было ў красавіку, калі зарэгістраваны 393 пажары (67,29 % ад агульнай колькасці пажараў травы і хмызнякоў (584 ачагі), а таксама ў маі — 87 ачагоў.
Улічваючы небяспеку такой з’явы, як агонь, і магчымасць яго хуткага распаўсюджвання на вялікія адлегласці пры парывах ветру, у чарговы раз нагадваем пра наступствы выпальвання сухой расліннасці, спальванні смецця і развядзення вогнішчаў. Пры моцным ветры полымя можа распаўсюджвацца з хуткасцю да 1 метра ў секунду, што пагражае знішчэннем жылля, пабудоў, а можа прывесці і да смерці людзей. Як паказвае вопыт мінулых гадоў, у большасці выпадкаў ад агню гінуць людзі пажылога ўзросту, якія пры спальванні смецця на прысядзібных участках не разлічылі свае сілы па кантролі за агнём. Літаральна за хвіліну, на першы погляд кантраляванае гарэнне можа  ператварыцца ў пажар, у якім вы самі можаце сур’ёзна пацярпець.
Яшчэ раз нагадваю: выпальванне сухой расліннасці, пажніўных рэшткаў, травы на корані катэгарычна забаронена. Перасцеражыце суседзяў і сваякоў ад выкарыстання агню для таго, каб пазбавіцца ад мінулагодняй травы і смецця.
Акрамя таго, варта ведаць і памятаць, што за парушэнне гэтай забароны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Так, у Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь санкцыяй артыкула 15.57 за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу ад 10 да 40 базавых велічынь.
Распальванне вогнішчаў у забароненых месцах цягне папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь (артыкул 15.58).
Паводле Правілаў пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі баз адпачынку, дачных кааператываў, садоўніцкіх таварыстваў, прысядзібных тэрыторый жылога дома дапускаецца кантраляванае развядзенне вогнішчаў, а таксама размяшчэнне спецыяльных прыстасаванняў для прыгатавання ежы (мангалаў, барбекю, грыляў і г. д.) пры ўмове:
прыняцця мер па нераспаўсюджанні гарэння за межы пляцоўкі (абкопванне, выдаленне гаручых матэрыялаў і г. д.);
пастаяннага кантролю за працэсам гарэння і забеспячэнні сродкамі тушэння (вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, рыдлёўка і г. д.). Пасля заканчэння  прыгатавання ежы падпаленыя матэрыялы павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення;
размяшчэння вогнішчаў на адлегласці не менш: 10 метраў ад будынкаў (збудаванняў), 20 — ад лясных масіваў, 30 метраў ад сцірт сена і саломы;
размяшчэнне спецыяльных прыстасаванняў для прыгатавання ежы на адлегласці не менш 4 метраў ад будынкаў.
Ю. ВАШКІНЭЛЬ.
Першы намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўнік унутранай службы.


23 сакавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах 223_ Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела