ПЫТАННІ ЖЫЦЦЁВЫЯ, ЗЛАБАДЗЁННЫЯ

ДНЯМІ адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама. У ладным пераліку пытанняў, вынесеных на абмеркаванне, некаторыя заслугоўваюць асаблівай увагі. Адно з іх — падрыхтоўка да пажаранебяспечнага перыяду. З інфармацыяй наконт гэтага выступіў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Каркоцкі, зрабіўшы акцэнт на асноўныя запланаваныя прафілактычныя мерапрыемствы. Як сведчыць практыка, найбольш могуць прынесці ліха выпадкі спальвання сухой расліннасці і смецця на тэрыторыі населеных пунктаў, сельскагаспадарчых аб’ектаў, а таксама паблізу лясных і тарфяных масіваў, курэння ва неўстаноўленых месцах. З агнём жартачкі кепскія! А хто ігнаруе вядомую аксіёму, потым вельмі дорага расплачваецца. Бывае, што і ўласным жыццём. Андрэй Анатольевіч нагадаў, колькі бяды нарабіў пажар некалькі год таму ў Халмоўцы, а да яе — у Даўжанях.
У прынятым рашэнні райвыканкам зацвердзіў план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да пажаранебяспечнага перыяду і намеціў шэраг прафілактычных захадаў па аператыўным ухіленні надзвычайных сітуацый, звязаных з ліквідацыяй загаранняў. Асобным пунктам вызначана: кіраўнікі гаспадарак, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў абавязаны давесці насельніцтву, што з моманту сходу снежнага покрыва і да наступлення сезона асенніх дажджоў забараняецца выпальваць сухую траву, іржышча і салому на лугах і палях, разводзіць вогнішчы ў лясах і на тарфяных масівах, у месцах з сухой расліннасцю. Аператыўнае кіраўніцтва ажыццяўленнем мерапрыемстваў па папярэджанні, лакалізацыі і ліквідацыі пажараў у лясах і на тарфяных масівах ускладзена на камісію па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме.
Яшчэ адно актуальнае пытанне тычылася выканання бюджэту раёна за мінулы год. Як адзначыў начальнік фінансавага аддзела Леанід Малец, у яго паступіла 15 мільёнаў 983,3 тысячы рублёў уласных даходаў, што складае 100,1 працэнта да ўдакладненага гадавога плана. З мэтай забеспячэння даходнай часткі, прыцягнення дадатковых сродкаў, неабходных для фінансавання прадугледжаных расходаў, выкарыстана права мясцовых Саветаў па павелічэнні ставак зямельнага і падатку на нерухомасць. Гэта дазволіла атрымаць дадаткова 561,9 тысячы рублёў, альбо 3,5 працэнта ў аб’ёме даходаў бюджэту раёна. За справаздачны перыяд ад выкарыстання дзяржаўнай маёмасці ў яго паступіла 463,3 тысячы рублёў: з іх 125,3 тысячы — ад рэалізацыі і здачы яе ў арэнду і 338 тысяч рублёў ад продажу і здачы ў арэнду зямельных участкаў.
На ўтрыманне галін сацыяльнай сферы накіравана 23 мільёны 274,7 тысячы рублёў — 60,6 працэнта ад агульных расходаў бюджэту. У прыярытэтным парадку забяспечвалася фінансаванне першачарговых расходаў. Своечасова і ў поўным аб’ёме выдавалася заработная плата работнікам бюджэтных устаноў, аплачваліся расходы, звязаныя з субсідзіраваннем сацыяльна значных паслуг насельніцтву. Крэдыторская запазычанасць устаноў сацыяльнай сферы ў параўнанне з той, якую яны мелі на пачатак студзеня 2016 года, зменшылася на 942,4 тысячы і склала 115,2 тысячы рублёў.Ва ўмовах абмежаванага фінансавання важнай дадатковай рэсурснай крыніцай з’яўляюцца даходы, атрыманыя арганізацыямі Мядзельшчыны ад ажыццяўлення пазабюджэтнай дзейнасці. Гэтыя паступленні летась дасягнулі 744,4 тысячы рублёў — 113,97 працэнта да ўзроўню 2015 года. Большая частка ўказанай сумы — на рахунку цэнтральнай раённай бальніцы, пятая частка — аддзела адукацыі, спорту і турызму. Увогуле ж, бюджэт раёна выкананы з дэфіцытам у суме 30,1 тысяча рублёў.
На бліжэйшую перспектыву ад фінансавага аддзела райвыканкама патрабавана ажыццяўляць фінансаванне расходаў у межах паступаючых даходаў і крыніц фінансавання дэфіцыту бюджэту, забяспечыўшы пры гэтым першачарговае накіраванне сродкаў на заробкі, трансферты насельніцтву, аплату камунальных паслуг, прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, субсідзіраванне жыллёва-камунальных і транспартых паслуг. Апрача гэтага — разам з інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах па Мядзельскім раёне, сельскімі выканаўчымі камітэтамі забяспечыць у 2017 годзе выкананне даведзеных планаў па даходах бюджэтаў усіх узроўняў.
Зацвердзілі на пасяджэнні і спіс кандыдатур з трох дзясяткаў прозвішчаў лепшых па прафесіі для занясення на Дошку гонару раёна па выніках работы за 2016 год.
Павел ЖУКАЎ.


16 сакавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў З пасяджэння райвыканкама

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Жнівень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай  возера Мястра  _06-040

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси