І захапленне з водарам трускалак

НЕЛЬГА ўявіць сабе будзённы ці святочны стол без духмянага хлеба. Гэтаму папярэднічае доўгі шлях ад клопату пра зямельку-маці і зярнятка, якое яна прымае да сябе, да майстэрства хлебапёка. І нялёгкая праца механізатара пры гэтым незаменная! У кожнай гаспадарцы ёсць людзі, якія робяць сапраўдны гонар такой прафесіі. У ААТ «Занарацкі» добрыя словы пачуў у адрас Леаніда Буянава. Стараннай працай ён заслужыў шчырую павагу.
Ужо з самага пачатку размовы можна было зразумець, што Леанід працуе па прызванні. А «пуцёўку ў прафесію» яму ў 1980 годзе далі ў вучэбна-вытворчым камбінаце Свірскай сярэдняй школы. Разам з атэстатам аб адукацыі ён атрымаў і пасведчанне, якое давала яму права працаваць на трактары.
Затым была служба ў арміі. Вярнуўшыся дадому, у роднае Памошша, юнак вырашыў вучыцца далей. Закончыў Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум.
— А як сталася, што працуеце механізатарам? — пытаюся.
— Механік у гаспадарцы (калішні ААТ «Міжазёрны край») быў, а вось механізатараў не хапала. Прапанавалі сесці на камбайн. Прапанову дырэктара прыняў. Папрацаваў. Спадабалася. Потым за мной замацавалі пагрузчык «ТО-49», а зараз «Амкадор», — чую ў адказ.
Даволі хутка Леанід Аркадзьевіч асвоіў пагрузачную тэхніку, на якой працуе і сёння. Амаль ні адзін від сельскагаспадарчых работ, дзе патрэбна выкарыстанне спецтэхнікі, не абыходзіцца без яго «Амкадора». Зімой і вясной ён задзейнічаны на пагрузцы арганікі, сена, саломы. А з надыходам корманарыхтоўчага сезона — на трамбоўцы сенажу і сіласу. Дзякуючы стараннасці і руплівасці трактарыст-машыніст трапіў у лік пераможцаў раённага спаборніцтва сярод механізатараў, якія заняты на пагрузцы арганікі (пагрузіў 33450 тон угнаенняў).
— У кіраўніцтва гаспадаркі няма нараканняў на работу Леаніда Аркадзьевіча. Са сваімі абавязкамі ён спраўляецца, справу ведае, за агрэгатам сочыць. Ды і прадукцыйнасць працы ў Леаніда дастаткова высокая, сумленна і рупліва ён выконвае любое даручанае вытворчае заданне. Іншы раз не лічыцца з асабістым часам, а распачатую справу закончыць, — зазначае аграном Баляслаў Урбановіч. — Яго ставім у прыклад іншым. Старанны, працавіты…
Як і многія вяскоўцы, сям’я Буянавых трымае асабістую гаспадарку. А ў апошнія гады пачалі гадаваць трусоў. Таму клопатаў Леаніду і яго жонцы Галіне, якая працуе аператарам машыннага даення кароў малочнатаварнай фермы «Міціненты», хапае. Але не прывыклі яны скардзіцца на цяжкасці. Ды і дзеці заўсёды прыходзяць на дапамогу: дачка Вольга (працуе ў раённым арганізацыйна-метадычным цэнтры) і сын Яўген (у Мядзельскім ПМС). Сям’я вельмі дружная, згуртаваная.
— Як бавіце вольны час? — пытаюся ў Леаніда Аркадзьевіча.
— Справа ў тым, што яго практычна не бывае. Клопатаў хапае і на працы, і ля дому па гаспадарцы. А калі здараецца вольная хвілінка, то і на рыбалку не супраць схадзіць, паблукаць па лесе з кошыкам у пошуках грыбоў, — усміхаецца суразмоўца.
Крыху пазней я даведаўся яшчэ пра адно захапленне Леаніда. Ён з задавальненнем вырошчвае трускалкі. Вельмі падабаюцца яму гэтыя духмяныя ягады. А вырошчваць іх — справа не простая. Але, як заўсёды, на дапамогу прыходзяць жонка, дачка, калі трэба палоць градкі ці збіраць ураджай.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: механізатар ААТ «Занарацкі» Леанід Буянаў.
Фота Аляксандра Высоцкага. 


16 сакавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Кадры, Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Фотападарожжа

 возера Мястра  dsc_5774-3 223_ Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси