Дырэктар

“МАЕ бацькі самым аўтарытэтным чалавекам лічылі бацюшку, — узгадвае Уладзімір КАЗЛОЎСКІ, — а на другім месцы ў іх “рэйтынгу” быў настаўнік”. Мабыць, гэта і прадвызначыла выбар, які ў зусім яшчэ юным узросце зрабіў будучы выдатнік народнай асветы БССР…
Нарадзіўся Уладзімір Казлоўскі ў лютым 1937-га ў вёсцы Янушаўка — гэта каля Канстанцінава Слабадскога сельсавета. У бацькоўскай хаце тады кватаравалі польскія настаўнікі… “Дапамагалі мяне выхоўваць, — з цёплай усмешкай прыгадвае іх Уладзімір Мікалаевіч. — Бацькам жа працы і так хапала: тады была прыватная ўласнасць — свая зямля, свая скаціна… Так што гаварыць я пачаў па-польску”.
У школу хлопчык пайшоў у 1944 годзе — пасля вызвалення Беларусі. Чатыры класы скончыў у Канстанцінаўскай пачатковай (цяпер з удзячнасцю ўзгадвае першага настаўніка Мацвея Мартынавіча Лук’яновіча), потым вучыўся ў Слабадзе. “Адразу школа была сямігадовай. А пачынаючы з нашага класа, стала расці. Мы былі першым выпускам Слабадской сярэдняй школы. Тады сярэдніх школ у раёне было не так і многа. У Слабадзе вучыліся дзеці не толькі з навакольных вёсак, а нават з Габ і Ваўкалат. У класе дваццаць чатыры чалавекі было. Разляцеліся па ўсім свеце! Цяпер жывых засталося чалавек пяць… У адным класе са мной вучыўся Георгій Станіслававіч Таразевіч (у 1985-1989 гг. — старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, намеснік старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР — аўт.). Мы з ім за адной партай сядзелі. …Неаднаразова быў у яго ў кабінеце, калі ён працаваў другім сакратаром Савецкага райкама Мінска, потым — першым. Тады стаў старшынёй гарсавета Мінска — я таксама бываў у яго. Пасля Таразевіч працаваў у Маскве, а калі вярнуўся ў Мінск, зноў сустракаліся. Прыязджаў да мяне, а тады скора і памёр. …Быў неяк у Мінску, меў крыху часу — зайшоўся на Усходнія могілкі. Доўга хадзіў — знайшоў магілку, помнік…”
…Пасля школы Уладзімір Мікалаевіч спрабаваў паступаць у настаўніцкі інстытут у Новавільнюсе. Не хапіла аднаго бала… “Нас шмат разам прыехала, і ніхто не паступіў. Мне выкладчыца прапаноўвала застацца: маўляў, нехта адмовіцца, мы вас залічым. Не застаўся: усе ад’язджалі, ну і я таксама паехаў… Вядома, дзіця яшчэ!” Вярнуўшыся дахаты, уладкаваўся фізруком у Канстанцінаўскую школу (яна ўжо была сямігадовай). А заадно на калгасным радыёвузле працаваў.
Налета паступіў на завочнае аддзяленне факультэта матэматыкі ў Гродзенскі педінстытут. Правучыўся год — і прызвалі ў армію. З 1956-га па 1960-ы служыў у плаўсаставе Балтыйскага Чырвонасцяжнага флоту ў горадзе Ліепая. Расказвае: “Карабель наш быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя, потым пераабсталяваны пад “мішэнь” для правядзення ваенна-марскіх вучэнняў ва ўмовах, набліжаных да баявых. Падчас стрэльбаў мы знаходзіліся на караблі-мішэні пад трэцяй палубай. Спачатку страшнавата было…” Але характар юнака гартаваўся не толькі падчас вучэнняў. Пасля стрэльбаў карабель заводзілі на рамонт. “Была там труба, — узгадвае Уладзімір Мікалаевіч, — на ёй радыёлакацыйныя антэны мацаваліся. Трыццаць адзін метр над вадой. Каб пафарбаваць яе, трэба падняцца на такую вышыню. А як? Там ліфтоў не было. На вяроўцы трымаюць, памалу спускаешся і мыеш-фарбуеш гэту трубу. Матрос, крыху старэйшы за мяне, адмовіўся катэгарычна. Мне таксама страшна было, але неяк набраўся смеласці”.
…Пакуль служыў, аднакурснікі атрымалі дыпломы. Аднавіцца на вучобу ў Гродне не атрымалася: там ужо не рыхтавалі па такой спецыяльнасці. Давялося перавесціся ў Мінскі педінстытут. “Прымалі без пытанняў на гэты ж курс, — узгадвае Уладзімір Мікалаевіч. — Але сам захацеў пачаць спачатку: за чатыры гады многае забыўся. У інстытуце сустрэўся з Іванам Іванавічам Вараб’ём (які потым у райкаме партыі працаваў, дырэктарам Мядзельскай школы быў). Пяць гадоў разам вучыліся, на кватэры жылі”.
Пасля службы Уладзімір Мікалаевіч уладкаваўся настаўнікам у Баярскую васьмігодку, што ў тагачасным Старагабскім сельсавеце. У школе вучылася 98 дзяцей. І гэта толькі з чатырох вёсак: Баяры, Навасёлкі, Заўруткі і Пятрэлеўцы. У 1964 годзе туды на працу пасля заканчэння педкласа прыехала студэнтка-завочніца біяфака, якая праз два гады стала жонкай Уладзіміра Казлоўскага. Яны ўдала дапоўнілі адзін аднаго: валявы, рашучы, лідар па натуры Уладзімір Мікалаевіч — і далікатная, лагодная, мудрая Фаіна Дзмітрыеўна. Маладая сям’я стала жыць на прыватнай кватэры ў Навасёлках.
У 1969-ым Уладзімір Мікалаевіч змяніў на дырэктарскай пасадзе Уладзіміра Данілавіча Сялюна. “Паехаў у Мінск на зацвярджэнне, — расказвае, — у абкам партыі, пасля — у аблАНА. Я ж быў беспартыйны. Дык там адразу: “А чаму?” Кажу: “Дырэктар, мой папярэднік, беспартыйны. Дык як жа мне ў партыю ўступаць?” Так яно і было на самай справе. А як прызначылі дырэктарам, стаў і членам КПСС”.
…Два гады кіраваў Уладзімір Казлоўскі Баярскай васьмігодкай. Неяк туды наведаўся загадчык РАНА Мікалай Жук. Стоячы на баярскай гары, паказаў у бок Старых Габ. Кажа: “Вось будуецца новая школа. Рыхтуйся туды”.
Перад новым прызначэннем Уладзімір Казлоўскі паехаў на зацвярджэнне ў Мінск. Там папыталіся: “Не баіцеся?” “А чаго баяцца? — адказаў Уладзімір Мікалаевіч. — Баярская школа закрываецца, недзе працаваць усё роўна трэба”.
…А працы хапіла. Абжывалі новы будынак. У старой школе часова абсталявалі інтэрнат, потым разабралі яго і пабудавалі новы. “Прыцягвалі бацькоў, настаўнікаў, сам ездзіў у лес не адзін раз, — узгадвае Уладзімір Мікалаевіч. — У агульных клопатах згуртаваўся калектыў, пайшла справа. Праца прыносіла задавальненне! Цікава было. Я поўнасцю аддаў сябе школе. У ёй тады былі сто семдзесят два вучні. Толькі ў інтэрнаце сорак два дзіцяці — іх трэба накарміць, спаць пакласці, няньку на ноч пакінуць…” За руплівую працу дырэктара ўзнагародзілі нагрудным знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”. “Неяк спрацаваліся са старшынёй калгаса Андрэем Іосіфавічам Малько, — кажа Уладзімір Мікалаевіч. — Інтэрнат будавалі, потым перакрывалі школу, рамантавалі — ва ўсім гэтым калгас дапамагаў”.
У Габах упершыню (адразу і па сённяшні дзень!) вырашылася “кватэрнае пытанне” Казлоўскіх: пад жыллё ім аддалі былую школьную майстэрню.
…Прайшло сем год. У нядзелю Уладзімір Мікалаевіч быў у цесця ў Сватках. Тэрмінова выклікалі ў райкам партыі на бюро. Прапанавалі: “Будзем рэкамендаваць вашу кандыдатуру на працу ў сельскі Савет”. “Вельмі не хацелася, — прызнаецца Уладзімір Мікалаевіч. — Але адмаўляцца не было як”.
Дзевяць гадоў Уладзімір Казлоўскі быў старшынёй сельскага Савета. “Жыву побач са школай, — прыгадвае. — Іду, бывала, міма яе на працу ў сельсавет — проста жаль бярэ…” Таму, калі з’явілася такая магчымасць, у 1987-ым вярнуўся у школу, дзе яшчэ пятнаццаць гадоў быў дырэктарам, а потым чатыры — выкладаў матэматыку.
…Клопатаў хапала. На той час было патрабаванне, каб кожная школа мела цяпліцу. У Габах таксама пабудавалі яе, ацяпленне падвялі. Працы, вядома, паболела, але ж узнагародай быў ураджай агуркоў, які здымалі ўжо ў красавіку — па тым часе вельмі незвычайна. Школа пастаянна была на добрым рахунку, вучні паказвалі высокі ўзровень ведаў на ўступных экзаменах. І зусім заслужаным для яе дырэктара стала ганаровае званне “Выдатнік народнай асветы БССР”.
— Хто быў вашай правай рукой? — пытаюся ва Уладзіміра Мікалаевіча.
— Добра спрацаваліся з Босымі. Шмат гадоў завучам была Алена Дзмітрыеўна (Аліне Іванаўне Лашук заставацца на гэтай пасадзе не дазволіла здароўе). Намеснікам па выхаваўчай рабоце творча працавала Ірына Уладзіміраўна Клямяціч. Школьныя вечары тады праходзілі вельмі цікава, на іх збіралася шмат людзей. І ўвогуле добры быў калектыў. Аліна Іванаўна Лашук — выдатны хімік. Анастасія Сцяпанаўна Ярашэвіч добра выкладала рускую мову, Людміла Пятроўна Клімовіч — беларускую… — і Уладзімір Мікалаевіч, баючыся пра некага забыцца, не назваць, спыняе пералік: — Ды ўсе настаўнікі стараліся, як сабе!”
…У 2006 годзе Уладзімір Казлоўскі канчаткова сышоў на пенсію. Захапіўся пчалярствам, асвоіў інтэрнэт… Але ж вокны яго жоўтай шаляванай хаты па-ранейшаму глядзяць на такую дарагую ўстанову адукацыі! “На маім воку гэта школа, — кажа былы дырэктар. — Бачу, дзе калі святло запалілася, калі патухла…” Вучні і падначаленыя таксама не забываюцца пра Уладзіміра Мікалаевіча. Вось і нядаўна віншавалі яго з 80-годдзем (ды і ідэя напісаць гэты матэрыял — адкрыю “сакрэт палітшыняля” — зыходзіла менавіта ад старагабскага педкалектыву). Павіншаваць былога дырэктара з юбілеем прыязджалі таксама старшыні райкама галіновага прафсаюза Ірына Глінская і раённага савета ветэранаў сістэмы адукацыі Ядвіга Чарняўская.
…Дзеці Казлоўскіх даўно дарослыя. Дачка жыве ў Вілейцы, сын — у Мінску. Яны не сталі настаўнікамі — абралі іншыя прафесіі. Але лідарскія якасці Уладзіміра Мікалаевіча, відаць, перадаліся сыну Віктару, які з’яўляецца дырэктарам досыць вядомай фірмы па вырабе электронікі. Ці пойдзе дарогай дзядулі і бабулі “трэцяе пакаленне” (унуку два з паловай гады, а ўнучка вучыцца ў дзявятым класе) — пакажа час. У непрадказальнасці жыцця і ёсць яго галоўная філасофія.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
На здымку: выдатнік народнай асветы БССР Уладзімір Казлоўскі.
Фота Аляксандра Высоцкага.



16 сакавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя, Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Фотападарожжа

84 _dsc1133-3 06-012 223_

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси