Лёс афіцэра ў пяці асобах

З НАГОДЫ Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь раённы камітэт грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” арганізаваў сустрэчу прадстаўнікоў маладога пакалення з мясцовымі афіцэрамі. Мерапрыемства прайшло ў форме дыялогу, яго тэма — “Прафесія — афіцэр”. У ролі экспертаў і субяседнікаў выступілі ваенны камісар раёна падпалкоўнік Алег Радкевіч, начальнік групы прызыву на вайсковую службу ваеннага камісарыята раёна, маёр Васіль Аскірка, старшыні раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў падпалкоўнік у адстаўцы Пётр Райчонак (“Беларускі саюз афіцэраў”) і падпалкоўнік запасу Юрый Меркулаў (“Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”), маёр у адстаўцы Міхаіл Чаркасаў.

У нашым грамадстве прафесія “ваеннага” раней і зараз асацыіруецца з мужчынамі, моцнымі духам, надзейнымі і рашучымі, гатовымі прысвяціць сваё жыццё абароне Айчыны і нялёгкай службе ва Узброеных Сілах. Разам з тым прафесія акружана пэўнай рамантыкай, і многія хлопчыкі мараць хоць раз у жыцці прымераць афіцэрскую фуражку. А як яно на самай справе? Як становяцца сапраўднымі афіцэрамі? Пра гэта і расказалі эксперты, у кожнага з якіх быў свой шлях да жыцця па статуту.

Напрыклад, Пётр Райчонак пачынаў з Віцебскага тэхнікума сувязі, пасля заканчэння якога прайшоў тэрміновую службу ва Узброеных Сілах СССР, а менавіта ў горадзе Шауляй. Захацеў працягнуць службу і стаць афіцэрам. Паступіў і закончыў  Харкаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйна-інжынернае вучылішча. Далей на афіцэрскіх пасадах служыў у ракетных войсках. Заканчваў вайсковую дзейнасць Пётр Пятровіч каля Мядзела, у падзвіжным запасным камандным пункце ракетных дывізій (так называлася вайсковая частка каля Баяраў).

Алег Радкевіч ваенным марыў стаць з дзяцінства. Яно і не дзіўна, бо бацька ў Алега Леанідавіч — кадравы ваенны, маёр, прадзед — палкоўнік царскай арміі, а дзед загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны. З першага хацеў стаць лётчыкам, але бліжэй да заканчэння школы сапсаваўся зрок, таму мару трэба было карэкціраваць. Бацька параіў не адыходзіць далёка ад авіяцыі. У выніку — выбралі Рыжскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае інжынернае вучылішча імя Якава Алксніса. Так супала, што Алег Леанідавіч трапіў у апошні выпуск вучылішча, а з-за падзей 1993 года (трэба ўзгадаць, што Латвія адной з першых рэспублік выйшла са складу Савецкага Саюза) атрымаў цяжкае агнястрэльнае раненне. Аднак, гэта не перашкодзіла далейшай службе. Райваенком кажа, што не хацелася здраджваць мары і перарываць сямейную дынастыю. Так ён трапіў ў Паставы на авіяцыйную базу, а праз пэўны час — на службу ў Мядзельскі райваенкамат, дзе і затрымаўся на апошнія дваццаць гадоў. Прайшоў практычна ўсе пасады — ад начальніка аддзялення прызыву да раённага ваеннага камісара.

Юрый Мяркулаў таксама патомны ваенны. І таксама, як і Алег Леанідавіч, з самага маленства марыў стаць лётчыкам. Падвяло крыху здароўе, таму паступіў у агульнавайсковае вучылішча ў Алма-Аце. Закончыўшы яго, адразу трапіў на вайну у Афганістан на год і дзесяць месяцаў. Там атрымаў цяжкае раненне, пасля якога быў пераведзены на службу ў ваенкамат. Быў у Вілейцы, а пасля — у Мядзеле, дзе і закончыў службу. Афіцэрскую дынастыю працягваюць дочкі Юрыя Мікалаевіча. Старэйшая мае званне маёра міліцыі, яшчэ адна — капітана.

Васіль Аскірка аказаўся самым маладым з прысутных экспертаў. Але яго гісторыя не менш цікавая. Для Васіля Уладзіміравіча ўсё пачалося ў старэйшых класах школы, калі на зімовых канікулах да іх прыходзілі курсанты Ваеннай акадэміі. Яны расказвалі пра сваю вучобу, быт. Гэтыя сустрэчы і гутаркі запалі ў душу юнака, захацелася таксама стаць курсантам. Паступіў на факультэт супрацьпаветранай абароны Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння быў накіраваны ў Барысаў у зенітна-ракетную брыгаду на пасаду начальніка разліку. За тры гады выканаў два баявыя пускі. Стаў намеснікам, а потым і камандзірам батарэі. Праз некалькі гадоў прапанавалі службу ў Мядзельскім райваенкамаце, куды ён і прыбыў.

Карыстаючыся момантам, Васіль Уладзіміравіч расказаў прысутным пра магчымасці для паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы Беларусі. Калі коратка, то для таго, каб стаць курсантам, акрамя здароўя, трэба мець добрую фізічную падрыхтоўку, не самыя горшыя веды па школьных прадметах і матывацыю, якая правяраецца субяседаваннем. Па словах маёра, гэта не так і складана. Але самы першы крок у гэтым накірунку — ваенкамат, куды трэба звярнуцца да 1 красавіка бягучага года. Пасля вучобы юнака чакае заключэнне кантракту на пяць гадоў і служба ў адной з вайсковых часцей Беларусі (прычым, выключна Беларусі). Дарэчы, апошнім часам ў раёне жадаючых паступаць у ваенныя ўстановы дзесьці 6-8 чалавек у год.

Пра свой жыццёвы выбар расказаў і Міхаіл Чаркасаў, які ў дзяцінстве марыў пра кар’еру футбаліста. Пераарыентацыя адбылася толькі ў апошнім класе школы, калі юнак вырашыў паступаць у Стаўрапольскае ваеннае вучылішча сувязі. Закончыўшы яго, прыступіў да службы. Быў камандзірам узвода ў ракетных войсках, узначальваў камітэт камсамола ракетнага палка, далей пайшоў у накірунку выхаваўчай работы. Атрымаўся стандартны, як выказаўся Міхаіл Уладзіміравіч, шлях савецкага ваеннага. З той толькі розніцай, што мала меў пераездаў: з Каўказа — у Беларусь, потым — у Прыбалтыку і зноў да нас. На “грамадзянку” выйшаў у 1993 годзе на Мядзельшчыне, дзе і застаўся.

Дзякуючы расказаным рэальным жыццёвым гісторыям, хлопцы і дзяўчаты змаглі бліжэй пазнаёміцца з людзьмі, якія годна прайшлі не самы просты і вельмі адказны шлях “ваеннага”. Потым прысутныя паглядзелі відэафільм пра ракетныя войскі і пра афіцэраў Мядзельшчыны: іх удзел у грамадскім жыцці рэгіёна, чым займаюцца, якія маюць прыярытэты. У гэтай атмасферы адбыўся і момант ушанавання. Райваенком Алег Радкевіч па просьбе вядучай мерапрыемства — першага сакратара раённага камітэта ГА “БРСМ” Марыны Апанасёнак, уручыў падзяку грамадскага аб’яднання актыўнаму байцу маладзёжнага атрада аховы правапарадку Паўлу Акуневічу за асабісты ўклад у развіццё руху.

Адказалі эксперты і на некаторыя пытанні, якія паступілі ад моладзі. Напрыклад, іх цікавіла, ці мае права адтэрміноўкі ад службы адзінаццацікласнік ў сувязі з паступленнем, калі яму на момант заканчэння школы ёсць васямнаццаць гадоў. Аказалася, што такое прадугледжваецца заканадаўствам, варта толькі прыйсці ў ваенкамат і напісаць заяву на прадстаўленне адтэрміноўкі. Цікава было даведацца і пра тое, што ваенным можна стаць нават пасля паўгода тэрміновай вайсковай службы (пры выкананні пэўных умоў) шляхам пераходу на кантрактную службу і такім чынам будаваць далейшую кар’еру.

Закончыўся дыялог экскурсіяй у музей Народнай славы на экспазіцыю, прысвечаную Дню абаронцаў Айчыны.

Іна ЯРЧАК.

 

 

 

 

 

 

Фота Аляксандра Высоцкага.



06 сакавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

 возера Мястра  возера Мястра img_4257 від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси