АДНОЙ СТАНОЎЧАЙ ТЭНДЭНЦЫІ МАЛАВАТА

ПРЫ аб’ектыўным аналізе вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Мядзельшчыны за мінулы год, напрошваецца дваякая ацэнка. З аднаго боку, у некаторых сферах народнай гаспадаркі забяспечана дынамічнае развіццё. У нашым азёрным краі значна перавыкананы прагнозныя паказчыкі па прамых замежных і інвестыцыях у асноўны капітал, экспарце тавараў і колькасці працаўладкаваных грамадзян. Прытым, рабочых месцаў створана ў тры разы больш, чым планавалася. Ды і аб’ём будаўніча-мантажных работ да ўзроўню папярэдняга года склаў паважныя 136 працэнтаў пры заданні 102. Цудоўна ўсё склалася з уводам у строй жылля. І гэта не можа не радаваць. Аднак, па-другое, курортнаму рэгіёну аказаліся не “па плячы” даведзеныя заданні па экспарце паслуг, рознічным тавараабароце, вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Наконт гэтага вялася прадметная і патрабавальная размова на чарговым пашыраным пасяджэнні райвыканкама напрыканцы мінулага тыдня. У яго рабоце прынялі актыўны ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Мінскай вобласці Анатолій Ісачанка, намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Ірына Цэлікавец.
Псуе малюнак нездавальняючы тэмп росту прамысловай прадукцыі, які не дасягнуў вызначанага на 2016 год параметра. І хаця на ўнітарным прадпрыемстве “Ілаўскае” вытворчасць садавіннаагароднінных кансерваў узрасла амаль у тры разы, істотнага зніжэння аб’ёмаў выпуску пладовых він яны не кампенсавалі. Таму, як прагучала ў асноўным дакладзе намесніка старшыні райвыканкама Наталлі Апановіч, аказаўся правалены план па выручцы ад рэалізацыі прадукцыі — усяго 78,2 працэнта ад задання. З недапрацовак адзначалася і наступнае: у агульным яе аб’ёме мала інавацыйнай — толькі 1,9 працэнта пры неабходных 10. Можна лічыць заканамерным, што ў прынятым пазней рашэнні гэтаму прадпрыемству нададзена асаблівая ўвага. Ад дырэктара Андрэя Януковіча патрабавана па выніках бягучага года забяспечыць прырост аб’ёму прамысловай вытворчасці ў супастаўных цэнах у памеры 102,5 працэнта, распрацаваць і арганізаваць выпуск не менш шасці відаў новай прадукцыі, а наогул ад яе рэалізацыі выручыць 8,5 мільёна рублёў. А яшчэ — не пазней за 10 сакавіка прадставіць матэрыялы па інвестыцыйным праекце “Мадэрнізацыя і тэхнічнае пераўзбраенне вытворчасці ўнітарнага прадпрыемства “Ілаўскае” з указаннем канкрэтных крыніц фінансавання…
Сельскагаспадарчыя арганізацыі далі валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах на 41 мільён рублёў, што на 1,7 мільёна перавышае ўзровень папярэдняга года. Тым не менш, указанай прыбаўкі аказалася малавата, заданне засталося недавыкананым на 5,7 працэнта. Галоўная прычына гэтага — зніжэнне ўзроўню вытворчасці прадукцыі раслінаводства. Затое ў жывёлагадоўлі зроблены адчувальны крок уперад. У прыватнасці, малака атрымана больш на 9,8 працэнта, вырошчванне буйной рагатай жывёлы ўзрасло на 11,2 і свіней — на 27,9 працэнта. З чатырнаццаці гаспадарак не дасягнулі ўзроўню вытворчасці 2015 года шэсць. У ліку адстаючых апынуліся “Нарачанская Ніва 2004”, “Слабадская зара”, “Свір-Агра”, “Мядзелаграсэрвіс”, Нацпарк “Нарачанскі”. Усяго 0,3 працэнта “не дацягнула” да свайго рубяжа таварыства “Сваткі”.
Рэнтабельнасць за мінулы год па канчатковым выніку склала мінус 10,9 працэнта. Па гэтым важным эканамічным паказчыку раён “пацягнулі” ўніз свінакомплекс “Брусы”, таварыствы “Мядзелаграсэрвіс”, “Пруднікі-Агра”,  “Слабадская зара”, “Зані”. Ці варта здзіўляцца, што іх працоўныя калектывы ад ажыццяўлення вытворчай дзейнасці атрымалі летась страты. Па філіялу Вілейскага камбікормавага завода яны склалі 1 мільён 396 тысяч рублёў, па двух наступных — пад васемсот тысяч рублёў у кожным. Зусім іншая сітуацыя ў гаспадарках “Сваткі”, “Занарацкі”, “Мядзельскае аграпрамэнерга”, “Дзягілі”, “Свір-Агра”, “Будслаўскае”, дзе забяспечаны станоўчы набытак.
З найбольш удалых інвестыцыйных праектаў варта адзначыць завяршэнне будаўніцтва сонечнай электрастанцыі паблізу вёскі Рудашаны закрытым акцыянерным таварыствам “Модус праджэктс”. На гэтым аб’екце асвоена 19721,2 рубля, у тым ліку за кошт замежных крыніц — 9760,7 рубля. Можна быць задаволенымі і экспартнымі пастаўкамі тавараў, якія склалі да ўзроўню папярэдняга года 134,1 працэнта пры прагнозе 110,9. А вось па экспарце паслуг, рознічным тавараабароце праз усе каналы рэалізацыі нам яшчэ працаваць і працаваць. Як і па змяншэнні пратэрмінаваных дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасцей. Што датычыцца сярэднямесячнай налічанай заработнай платы, то яна за мінулы год узрасла на 8,8 працэнта і склала 589,2 рубля. Хаця гэта крыху і менш, чым прадугледжвалася заданнем. Больш адчувальны прырост заробкаў склаўся ў такіх галінах, як фінансавая і страхавая дзейнасць, інфармацыя і сувязь, забеспячэнне электраэнергіяй, газам, парам і гарачай вадой, прамысловасць і некаторых іншых. Па стане на 1 студзеня 2017 года колькасць занятых у эканоміцы раёна складала 12381 чалавек альбо 100,3 працэнта адносна задання.
Асноўнага дакладчыка істотна дапоўнілі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Валасевіч і намеснік старшыні райвыканкама Віктар Сіськевіч, які найперш акцэнтаваў увагу прысутных на важнай дзяржаўнай справе: выкананні заданняў па зборы другасных рэсурсаў. Уладзімір Васільевіч у сваім выступленні зрабіў акцэнт на недапрацоўках і рэальным становішчы спраў у аграпрамысловым комплексе. Станоўчая дынаміка забяспечана ў жывёлагадоўлі. Надой ад каровы па раёне ўзрос за апошні год на 378 кілаграмаў. Самая вялікая прыбаўка ў “Мядзельскім аграпрамэнерга” — 687 літраў. Больш шасці тон малака ад рагулі атрымалі ў Нацпарку “Нарачанскі” і таварыстве “Сваткі”. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы хаця і павялічыліся крыху, наконт прарыву ў “мясных справах” пакуль гаварыць не даводзіцца. Найбольш нізкія яны ў таварыствах “Нарачанская Ніва 2004” і “Зані” — менш за 400 грамаў.
Шэрагу кіраўнікоў за розныя ўпушчэнні і недапрацоўкі давялося трымаць справаздачы. У іх ліку — старшыня праўлення райПО Аксана Грузд, галоўны ўрач санаторыя “Нарач” Мікалай Стралец, дырэктары ўнітарнага прадпрыемства “Ілаўскае” Андрэй Януковіч, таварыстваў “Нарачанская Ніва 2004” Іван Яўсейчык і “Сваткі” Мікалай Варабей. Падагульняючы размову, памочнік Прэзідэнта Беларусі — галоўны інспектар па Мінскай вобласці Анатолій Ісачанка зрабіў некалькі крытычных заўваг. Па меркаванні Анатолія Міхайлавіча, пасяджэнні райвыканкама неабходна рыхтаваць больш грунтоўна, з выяўленнем глыбінных прычын, якія прыводзяць да недавыканання таго альбо іншага вытворчага задання, указаннем дзейсных шляхоў вырашэння існуючых праблем. Нікуды не варта і такое становішча спраў, калі кіраўніка заслухоўваюць з году ў год па адных і тых жа пытаннях. У падобных выпадках напрошваюцца зусім іншыя меры…
У прынятым па абмеркаваным пытанні рашэнні знайшло адлюстраванне і станоўчае, і адмоўнае. Адзначана эфектыўная работа па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі кіраўнікоў свінакомплексу “Брусы” Аляксандра Кокаша, АСП “Вузлянка” Сяргея Кірыленкі, таварыства “Будслаўскае” Алега Ермаковіча; па экспарце тавараў — сялянскай гаспадаркі “Антэй-Сад” Віктара Чабатара, таварыстваў з абмежаванай адказнасцю “Віка-аўта” Казіміра Куцкевіча, “Ультрапрадукт” Юрыя Баторава, “Профма” Генадзія Аношкі; па рознічным тавараабароце — цэнтральнай раённай аптэкі № 131 Алены Захарэвіч, галоўнага ўрача санаторыя “Сосны” Аляксандра Шчукі, Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” Надзеі Ануфрыевай, магазіна “Еўраопт” у г. Мядзел Інэсы Апановіч.
Адначасова па выніках мінулага года атрымалі нездавальняючую ацэнку па экспарце паслуг кіраўнікі санаторыяў “Нарачанскі бераг” Віктар Кажэўнікаў, “Нарач” — Мікалай Стралец, “Нарачанка”— Леанід Скіба; па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі — таварыстваў “Сваткі” — Мікалай Варабей, “Мядзелаграсэрвіс” — Віктар Цэлагуз, “Свір-Агра” — Генадзь Юхно, “Слабадская зара” — Сяргей Роўда, “Нарачанская Ніва 2004” — Іван Яўсейчык і сельскагаспадарчага прадпрыемства Нацпарку “Нарачанскі” Мікалай Мягкоў; па тэмпах росту аб’ёмаў рознічнага тавараабароту — Крывіцкага рознічна-гандлёвага прадпрыемства Зінаіда Зямчонак, унітарнага прадпрыемства “Ілаўскае” — Андрэй Януковіч, таварыстваў “Мядзельскае аграпрамэнерга” — Віктар Васілевіч, “Занарацкі” — Аляксандр Бачко, Нарацкага філіяла Маладзечанскага малочнага камбіната — Віктар Баўфал. Не засталіся незаўважанымі і іншыя недапрацоўкі. Калі некалькі больш канкрэтна, то па малому аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі, па кепскім фінансавым стане прадпрыемстваў. Хочацца спадзявацца, што непрадузятая размова і прынятыя меры паспрыяюць далейшаму, больш імкліваму, сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашага раёна, безумоўнаму выкананню прагнозных паказчыкаў і вызначаных параметраў на 2017 год. Поспех жа ў спрадвечнай земляробскай справе сёння закладваецца найперш на малочнатаварных фермах і ў майстэрнях, дзе завяршаецца падрыхтоўка тэхнікі да вясенне-пасяўной кампаніі.
Павел ЖУКАЎ.


05 сакавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў З пасяджэння райвыканкама

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

dsc_5774-3 Лебедзі на Нарачы 0-170 Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси