Міліцыя ў асобах: ад лейтэнанта — да палкоўніка

Роўна год таму Андрэй Мініч, пераадолеўшы чарговую прыступку кар’ернай лесвіцы, узначаліў Мядзельскі раённы аддзел унутраных спраў. У райцэнтр прыехаў па доўгу службы і закліку сэрца (да гэтага неаднойчы адпачываў у Нарачанскім краі  і пра яго прыгажосць ведаў не па чутках). Без ваганняў сталічную прапіску змяніла і сям’я палкоўніка. У выніку такога кампрамісу — райаддзел міліцыі набыў кіраўніка, горад — новых жыхароў.
— Папярэднім месцам маёй працы быў Фрунзенскі аддзел унутраных спраў сталіцы, займаў пасаду намесніка начальніка, — расказвае Андрэй Іванавіч. — Пераехаўшы год таму ў Мядзел, я насамрэч зрабіў крок наперад, але па сутнасці змяніў гарадскую мітусню на размераны правінцыяльны лад жыцця. Гэта адчуваецца не толькі ў быце, але і працоўных маштабах. Так у Мінску за дзень на пульт кіравання паступала да трох соцень паведамленняў, тут жа — не больш дваццаці. У 3-4 разы быў большым асабовы склад аддзялення. Ды і сталічныя злачынцы, вядома ж, больш “прагрэсіўныя”.
— Атрымліваецца, прыехалі як на курорт — і ў прамым, і пераносным сэнсе гэтага слова?..
— Не. Работы хапае і тут. Тым больш “дэбютаваць” давялося, калі кіраўніцкі склад аддзела быў укамплектаваны толькі на чвэрць і спадзявацца даводзілася ўсяго на аднаго намесніка — Юрыя Іванавіча Жалубоўскага. Не дазволіў паразглядацца і той факт, што як раз у час майго прыходу па Мядзельшчыне прайшоўся чарговы разбуральны цыклон — працаваць давялося ў надзвычайным рэжыме. Зрэшты, не даводзіцца сядзець склаўшы рукі і зараз: рэгулярна сустракаюся з працоўнымі калектывамі, грамадзянамі, праводжу тлумачальную работу па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў, знаёмлю з заканадаўствам. Вялікую ўвагу ўдзяляю ўкамплектаванасці калектыву. Так летась на вучобу былі накіраваны 5 нашых служачых, сёлета ініцыятыву праявілі яшчэ чатыры.
— Такім чынам робіце стаўкі на маладых?..
— Вядома, за маладымі будучыня. Але без вопыту таксама не абысціся. Напярэдадні свята, у прыватнасці, хацелася б адзначыць некаторых супрацоўнікаў аддзела. Не лічыцца ні з асабістымі клопатамі, ні з часам кіраўнік групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці Алена Жукоўская: яна хоць і грамадзянскі супрацоўнік, але заўсёды ў страі. Чвэрць стагоддзя ў органах Уладзімір Папок, начальнік ізалятара часовага ўтрымання, — вельмі аўтарытэтны работнік. З 98-га года працуе Аляксандр Кабяк, начальнік вышуку. Дастойна нясе службу начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Яўген Якімец. У многім дзякуючы яму наш аддзел сёння лепшы ў барацьбе са злачыннасцю (усяго 9 выпадкаў на 10 тысяч насельніцтва). А ўвогуле лічу, выпадковых людзей у міліцыі няма і быць не павінна…
…Дарэчы, сам Андрэй Іванавіч на службу ў органы прыйшоў ніяк не ўслед за дзіцячай марай. Калі вучыўся на апошнім курсе Акадэміі фізічнага выхавання і спорту, да іх завіталі супрацоўнікі Фрунзенскага райаддзела ўнутраных спраў горада Мінска і так прыгожа распавялі пра прафесію міліцыянера — што сэрца выпускніка-спартсмена не вытрымала і збочыла ў супрацьлеглым ад байдарак накірунку. Спачатку Андрэй Мініч працаваў участковым інспектарам, потым старшым інспектарам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Фрунзенскага РАУС, пасля — ва  ўпраўленні аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінска. Быў намеснікам начальніка Першамайскага і Фрунзенскага РАУС сталіцы. Скрозь гады ішоў абраным у студэнцтве шляхам і неаднойчы пераконваўся ў правільнасці свайго выбару. А яшчэ ў тым, што каб стаць палкоўнікам — нічога звышнатуральнага мець не трэба. Акрамя працавітасці, сумлення і надзейнага тылу ў выглядзе любімай жонкі і трох цудоўных дзяцей.
 ***
Сяргей Мелец — таксама не з патомных служывых. Штуршком у прафесію стала служба ў арміі, пасля якой і ўладкаваўся ў райаддзел унутраных спраў. Пачынаў міліцыянерам-вадзіцелем дзяжурнай часці, працаваў у ізалятары часовага ўтрымання, быў участковым інспектарам міліцыі і інспектарам дарожна-патрульнай службы. Апошнія дзесяць год — старшы інспектар групы тылавога забеспячэння. Службовым абавязкам маёра Мельца з’яўляецца забеспячэнне жыццядзейнасці падраздзялення: у прыватнасці, рэчавай маёмасцю, аўтатранспартам, зброяй, камп’ютарнай і капіравальнай тэхнікай. На яго сумленні — абслугоўванне і рэканструкцыя будынкаў, своечасовасць выплаты заработнай платы. Праўда, і з першым, і з другім у аддзеле ўсё ў парадку: вось-вось будуць завершаны работы па ўзвядзенні новага даху ў “галаўным офісе” РАУС  (як раз да прафесійнага свята), ды і на зарплату нашы міліцыянеры не скардзяцца. Рэчавае забеспячэнне таксама на ўзроўні — літаральна пару месяцаў таму атрымалі форму расійскага ўзору: практычны паўспартыўны варыянт.
Праз якія церні праходзіць шлях да зоркі маёра, вядома, сапраўдны афіцэр не раскажа. Не скардзіцца на лёс і Сяргей Станіслававіч. Наадварот, з яўным гонарам зазначае, што на сёння з’яўляецца адным з самых старэйшых дзеючых афіцэраў аддзела і на правах аксакала прафесіі адрасуе маладзейшым, маладым і зусім юным калегам віншаванні з нагоды стагоддзя беларускай міліцыі: “Жадаю кожнаму здароўя, сямейнага дабрабыту і пакарэння намечаных вяршынь”.
А яшчэ маёр Мелец дзеліцца планамі на недалёкае будуча  (збыцца ім суджана месяцы праз тры — калі Сяргей Станіслававіч выйдзе, скажам так, на заслужаны адпачынак):
— Некалькі год таму адкрыў для сябе новае захапленне — пчалярства. І ўжо зараз лічу яго хобі нумар адзін. Таму з выхадам на “пенсію” шукаць сябе доўга не стану — ушчыльную займуся любімай справай. І не дзеля камерцыйнай выгады, а дзеля павышэння кругагляду і ўласнага задавальнення.
Да слова, пчаляр Сяргей Мелец таксама непатомны. Хаця ёсць надзея, што татава захапленне калі-небудзь падхопіць дачка Валерыя, якую сёння больш вабіць эканоміка (вучыцца ў адпаведным універсітэце). Але ўсё можа быць — тата адмысловае хобі таксама не ў дваццаць гадоў набыў.
 ***
А вось Андрэй Уліцкі ў прафесіі з дзяцінства — марамі і ўяўленнямі. І сёння памятае спакуслівую форму знаёмага-міліцыянера і яго службовае аўто. Зрэшты, Віктар Хіла (той самы чалавек пры пагонах і на службовым аўтамабілі) у будучым і падштурхнуў Андрэя да ажыццяўлення дзіцячай мары. Будучы намеснікам начальніка РАУС, падказаў хлопцу, куды звярнуцца і з чаго пачынаць, а пасля разам з колішнім намеснікам начальніка аддзела па кадравым забеспячэнні Святаславам Протасам накіраваў юнака на вучобу.
Пачынаў Андрэй з малодшага ўчастковага інспектара. Потым працаваў у ізалятары часовага ўтрымання, пасля заканчэння каледжа атрымаў афіцэрскую пасаду. Сёння Уліцкі — участковы інспектар міліцыі, абслугоўвае адміністрацыйны участак нумар пяць (тэрыторыя Сваткаўскага і Княгінінскага сельсаветаў). Займаецца прафілактыкай правапарушэнняў, сустракаецца з людзьмі. Кажа, участковы інспектар міліцыі кожнаму не пакамандуе — але для працэнтаў дзевяноста пяці ўсё ж з’яўляецца аўтарытэтам. Зазначае, што складаней там, дзе нарадзіўся (Андрэй родам з Брусоў) — праўда, панібрацтва стараецца не дапускаць. Участковы Уліцкі з дня ў дзень не стамляецца вучыць знаёмых і не вельмі, пажылых і моладзь правілам бяспекі. Тлумачыць — і вельмі радуецца, калі яго чуюць. Словам, працуе сярод людзей і для іх жа.
А ў вольны ад службовых абавязкаў час не супраць парыбачыць. Пудовымі ўловамі не хваліцца, але прызнаецца, што для рыбалова-аматара ў яго нядрэнна атрымліваецца. Да таго ж стараецца не абдзяліць увагай сям’ю: жонку Наталлю і дачушак Ангеліну і Сняжану. Афіцэр разумее, што менавіта яны — яго надзейны тыл. Што датычыцца мараў — то і як чалавек любой прафесіі старэйшы лейтэнант Уліцкі просіць ад лёсу здароўя, шчасця і дабрабыту. А вось пра павышэнне па кар’ернай лесвіцы выказваецца так: “Яго заслужыць трэба”. Што ж, спадзяёмся, старанная праца Андрэя Уліцкага будзе заўважана.


04 сакавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Міліцыя, Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

dsc_5774-3 лебедзі на Мястры від на Мядзел _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси