Якасць, упакоўка і… сумленне майстра | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Якасць, упакоўка і… сумленне майстра

ДВАЦЦАЦЬ сёмы год Вольга Апанасевіч працуе на ўнітарным прадпрыемстве “Ілаўскае”. Адданая сваёй справе, адказная, акуратная і надзейная. Менавіта так характарызуе Вольгу Здзіславаўну кіраўніцтва завода. У гэтым упэўніліся і мы падчас знаёмства з жанчынай.
Лёс не вадзіў Вольгу Здзіславаўну кручонымі сцежкамі. Мясцовая дзяўчына (нарадзілася і вырасла яна на станцыі Будслаў), як і многія іншыя, паехала ў горад атрымліваць прафесію. Закончыла Маладзечанскі політэхнічны тэхнікум і па размеркаванні трапіла ў Мінск на камбінат хлебапрадуктаў. Але ж ці да сталічнага жыцця дзяўчыне, калі сэрца просіцца дадому, дзе чакае суджаны? Вось і вярнулася Вольга Здзіславаўна дадому, выйшла замуж за ілаўскага хлопца і ўладкавалася на завод у кансервавы цэх зменным майстрам. Адпрацавала там шмат гадоў, а апошнія дзесяць шчыруе таксама майстрам, але ў цэху разліву.
— Наколькі складаны ваш участак работы? — пытаюся ў жанчыны.
— Уся складанасць у высокай адказнасці, — кажа яна. — Калі раней трэба было весці проста ўлік прадукцыі, то зараз многа што аўтаматызавана і патрабуе пільнай увагі. Напрыклад, па электронных лічыльніках сачу за вытворчым працэсам — што выйшла з разліўнога цэха і што прыйшло з акцызнай маркай на склад. А асартымент у нас вялікі, бывае, што за месяц вырабляем і да 24-х найменняў рознай прадукцыі. У тым ліку гэта і сувенірная прадукцыя ў графінах, чатыры віды кальвадосу, якая выпускаецца на паўаўтаматычнай лініі з выкарыстаннем ручной працы.
— Няўжо мадэрнізацыя не аблягчае работу?
— Не сказала б, што становіцца лягчэй, — усміхаецца майстар. — Канечне, новая італьянская лінія, якой карыстаемся апошнія некалькі гадоў, апраўдвае сябе, бо яна ўніверсальная, дазваляе выпускаць больш якасную і прывабную знешне прадукцыю, страты на ёй значна меншыя. Але разам з тым узраслі і патрабаванні, больш строгім стаў улік. З сучаснай канкурэнцыяй трэба вельмі ўважліва адсочваць усе працэсы, каб прадукцыя адпавядала заяўленай якасці. І да работнікаў патрабаванні ўзрастаюць, што, дарэчы, не ўсім падабаецца.
— Колькі работнікаў у вас у падпарадкаванні?
— Шаснаццаць. Сярод іх заслугоўваюць добрых слоў за сваю работу аператары Валянціна
Парчынская, Таццяна Апанасевіч, Наталля Мацюшонак. Яны вельмі адказныя і самастойныя. Праца ўсіх аператараў не з’яўляецца лёгкай, але добра тое, што ўсе яны ўзаемазамяняльныя і кожны можа працаваць на розных вытворчых этапах — будзь то квадраблок, дзе ідзе апалоскванне і разліў, ці бракоўка, цекероўка, упакоўка.
— А ці працуе на заводзе хто з вашай сям’і?
— Муж — аператарам на кацельні. А дочкі выбралі іншыя накірункі ў жыцці. Старэйшая Лена мае вышэйшую адукацыю і працуе бухгалтарам у Маладзечне, а малодшая Наташа вучыцца ў Акадэміі мастацтваў на другім курсе. Галоўнае, што ім гэта падабаецца, значыць, шлях выбраны правільна.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: майстар цэху разліву УП “Ілаўскае” Вольга Апанасевіч.
Фота Аляксандра Высоцкага.


03 сакавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Эканоміка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi на Блакітных азёрах        Касцёл у Засвіры   Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси