Мы жывём, каб вяртацца

Мы жывём, каб вяртацца
Час ад часу туды,
Дзе мiнула юнацтва,
Дзе маленства сляды.
Мы жывём, каб вяртацца.
І лепшага шляху няма.
Мы жывём, каб вітацца.
«Мама! Дзень добры, ма…»

НАПЭЎНА, зусім не выпадкова Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч выбрала гэтыя радкі беларускага паэта Анатоля Вярцінскага, каб зачытаць іх на творчай сустрэчы перад сваімі землякамі. Любоў да радзімы, да таго месца, дзе нарадзілася і вырасла, да бацькоў, да людзей, якія тут жывуць, ніколі не былі для Марыі Георгіеўны пустым гукам. І свята, якое ладзілася ў гарадскім Доме культуры з нагоды яе 80-гадовага юбілею, дало магчымасць у чарговы раз нашай знакамітай зямлячцы выказаць любоў і павагу да роднай зямлі, а нам — адчуць ні з чым не параўнальную асалоду ад сустрэчы з яе неабсяжным талентам і духоўнай прыгажосцю.
Словы, якія гучалі ў гэты дзень для Марыі Георгіеўны, надзвычай трапна адцянялі ўсе грані яе майстэрства. Сябры, калегі па творчаму цэху, шчырыя і расхваляваныя жыхары Мядзельшчыны, што выходзілі на сцэну, закраналі самыя тонкія і патаемныя струны чалавечых узаемаадносін. Ад гэтага ў зале панавала надзвычай цёплая і добразычлівая атмасфера, якая можа быць толькі ад радасці сустрэчы з родным і блізкім чалавекам.
Гонарам за зямлячку і пэўным лірызмам былі напоўнены вітальныя словы старшыні раённага выканаўчага камітэта Анатолія Вайнілкі. Ён адзначыў, што ўсіх гераінь, якія ў розныя часы іграла Марыя Георгіеўна, аб’ядноўвае душэўны неспакой, чалавечая годнасць, маральная стойкасць і чысціня. Гэта якасці, якімі спаўна надзелена сама артыстка і якія ёй перадаліся ў спадчыну ад бацькоў — Георгія Мікалаевіча і Ганны Іванаўны.
— Велічная, нібы каралева, і разам з тым, не зважаючы на высокія званні, тытулы, простая, шчырая і зямная… Як цудоўна, што гады, перажыванні, захапляючая работа і слава не адарвалі вас ад радзімы! У вас не апусцела сэрца. У ім — цеплыня да землякоў, гатоўнасць заўсёды адказаць любоўю на любоў і давер, — звяртаючыся да шаноўнай госці, сказаў Анатолій Мар’янавіч.
А напаследак кіраўнік раёна пажадаў Марыі Георгіеўне, каб ёй яшчэ доўга-доўга свяцілі спрадвечныя нарачанскія зоры, давала сілу і натхненне бацькоўская зямля.
Нібы рэхам з дзяцінства здалося выступленне народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Вузлянка”. Па-першае таму, што адна з яго ўдзельніц — Надзея Васільеўна Мішчанка — вядома Марыі Георгіеўне яшчэ з маленства. А па-другое, песні, выкананыя калектывам, не толькі артыстку, але і ўсю залу вярнулі ў тыя далёкія часы, калі спрацаваныя вясковыя жанчыны натхнёна спявалі: “Ой, сівы конь бяжыць…”. Словы ж Бярнарды Францаўны Макоска наогул у многіх выклікалі слёзы:
— Марыя Георгіеўна! Хачу сказаць шчырыя словы ўдзячнасці за тое, што вы падаравалі мне жыццё. Можа вы і не памятаеце пра той выпадак. Гэта быў не зусім вясёлы перыяд у маім жыцці, і ў вашым таксама. Вы праходзілі лячэнне ў нашай раённай бальніцы, а ў суседняй палаце памірала я — шасцігадовая дзяўчынка. Урачы не маглі даць мне рады, адчувала такі нясцерпны боль, што нават папрасіла матулю прынесці мне свечку: “Мамачка, не магу больш, не вытрываю!”. Але Бог паслаў у той момант у бальніцу Марыю Захарэвіч і мінскіх урачоў, якія прыехалі яе лячыць. Па яе просьбе, з дапамогай гэтых урачоў і, канечне, Бога я засталася жыць. Таму, калі змагла ўстаць, матуля мне сказала: “Дачушка, ідзі да гэтай жанчыны і пакланіся ў ногі. Толькі дзякуючы ёй ты выжыла.” Марыя Георгіеўна, я да вас прыходзіла кожны дзень. І не за тымі цукеркамі, якімі вы заўсёды частавалі малую дзяўчынку, а проста паглядзець на вас, набрацца сілы і ўпэўненасці. Пра гэты ваш учынак зараз ведаюць не толькі мае дзеці, але і ўнукі…
Пра агульнае далёкае мінулае ўзгадваў і яшчэ адзін слаўны наш зямляк, Народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч. Яны з Марыяй Георгіеўнай хадзілі ў адну мядзельскую школу, вучыліся ў адных настаўнікаў, амаль адначасова адчайна і смела стартавалі ў дарослае жыццё. Васіль Пятровіч прыгадаў менавіта настаўнікаў, у прыватнасці Канстанціна Карнеевіча Дудака, які выкладаў нямецкую мову і кіраваў драматычным школьным гуртком. Гэты чалавек, як лічыць мастак, разбудзіў у дзяўчынцы “творчы вірус”. Як такі ж вірус у яго самога разбудзіў у свой час настаўнік матэматыкі Астроўскі. Мастак у сваёй кнізе ўспамінаў “Ген жыцця” узгадаў Канстанціна Карнеевіча, які казаў, што толькі ён ведае нямецкую мову на “пяць”, Шаранговіч — на “чатыры”, а ўсе астатнія — на “тры” і “два”. Аднак Марыя Георгіеўна, калі прачытала кнігу, патэлефанавала аўтару і “пакрыўджана” паведаміла: “Я паглядзела ў свой атэстат. У мяне таксама па нямецкай мове “чатыры” стаіць”. А потым жартаўліва дадала, што гэта ёй Дудак чацвёрку па блату паставіў.
— Любога творчага чалавека лёс нялёгкі, — разважае далей знакаміты мастак. — Цяжка прайсці праз усё жыццё, даказваючы, што ты — не горшы, што ты — адзін з першых. Марыі Георгіеўне ўдалося прайсці вельмі дастойна гэты творчы шлях. Чаму?
Васіль Пятровіч у прыклад паставіў словы аднаго з паэтаў, які неяк спытаў: “Што гэта за зямля мядзельская такая, на якой нараджаецца так многа таленавітых людзей?”. Можна паспрачацца на гэту тэму, але прыклад Марыі Захарэвіч яскравае пацвярджэнне правільнасці агучанай ідэі. На думку мастака, менавіта наша зямля і яе жыхары наталяюць іх — творчых людзей — каб выказаць нешта высокае і добрае пра жыццё, давесці да свядомасці чалавека пачуццё прыгажосці, прычым і Мядзельшчыны, і ў цэлым, свету.
— Марыя Георгіеўна на працягу свайго творчага жыцця з’яўляецца верным і нязменным удзельнікам шматлікіх літаратурных вечарын, сустрэч, імпрэз, — расказвае са сцэны вядучая мерапрыемства Ганна Падгол. — Таму сярод сяброў народнай артысткі шмат літаратараў. А колькі паэтаў прысвяцілі ёй свае вершы! Ці злічыш зараз? Сярод іх — наш зямляк, паэт Мікола Шабовіч.
Мікалай Віктаравіч не мог не прыехаць на творчую вечарыну ў гонар сваёй зямлячкі. І, канечне, падняўся на сцэну, каб у вершаваных радках выказаць словы пашаны Марыі Георгіеўне. Узгадаў адзін з самых даўніх сваіх вершаў “Мой край”, напісаны яшчэ ў студэнцкія гады. Там ёсць і пра яе — зорку Купалаўскага тэатра:
Мой край, у песнях ты народжаны.
І можа з гэтае нагоды
Табе ўсе кароўкі божыя
Варожаць толькі на пагоду…
…А нарачанцы працай славяцца
Ці каля хаты, ці то ў полі.
І ў тэатры ў Купалаўскім
Вядучыя іграюць ролі.
Адзін з вершаў паэта, які ён таксама зачытаў, увайшоў у кнігу “Марыя Захарэвіч. Талент, адухоўлены любоўю”. Дарэчы, рэдактар гэтай кнігі — Дзмітрый Пятровіч (празаік, бард, член Саюза пісьменнікаў Беларусі) — таксама прысутнічаў на сустрэчы, прачытаў верш, прысвечаны Марыі Захарэвіч і нават выканаў некалькі песень пад гітару. Адна з іх (“Чароўная жанчына”) была на словы і музыку Міколы Шабовіча.
Ад імя мясцовых самадзейных паэтаў, натхнёных творчасцю “Каралевы беларускага радыё” (так называюць Марыю Георгіеўну шматлікія прыхільнікі радыёпастановак за яе мілагучную мову і музычны, аксамітны голас) слова мела Валянціна Яфімава. Яна зачытала верш, у якім прызнаецца ў любові да таленту актрысы, а менавіта да яе голасу, які, пачуўшы па радыёпрыёмніку, ні з якім іншым не пераблытаеш, бо “Жаданне адно — яе слухаць і слухаць,// Бо голас, як песня, цешыць нам вуха…”.
Сустрэчу з народнай артысткай з вялікім хваляваннем чакалі і юныя мядзяльчане. Трое гімназістаў разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Вікторыяй Сяклюцкай выйшлі на сцэну да славутай зямлячкі. Ёй яны адрасавалі шчырыя і прыгожыя словы пашаны, кветкі, а таксама пытанні, якія вопытнага майстра сцэны не засталі знянацку.
— Кожная дзяўчынка ў дзяцінстве марыць стаць актрысай. У вас мара здзейснілася. Скажыце, калі ласка, як стаць артысткай?
Вядома, што ўніверсальнага рэцэпта не існуе. Але і цудаў тут таксама чакаць не даводзіцца. Марыя Георгіеўна адказала, што, калі ёсць вялікае жаданне, то можна стаць і артысткай, толькі для гэтага трэба шмат працаваць над сабой і чытаць кнігі. У першую чаргу яна параіла звярнуць увагу на беларускую паэзію. Што тычыцца любімай ролі, пра якую таксама спыталі, то яе… няма ў актрысы. Усе ролі, па яе словах, любімыя. Будзь то Ганна з твора “Людзі на балоце” Івана Мележа, ці таксама Ганна, але з “Плача перапёлкі” Івана Чыгрынава. У кожнай ёсць нешта сваё, цікавае. Прагучала і яшчэ адно актуальнае на ўсе часы пытанне: “Як навучыцца чытаць вершы, як вы? Як перамагчы хваляванне?”. Адказ быў нібы невялічкі майстар-клас:
— Калі будзеш ведаць, для чаго ты выходзіш на сцэну, што хочаш сказаць і данесці гэтым вершам да гледача, чаму ўзяла менавіта гэты верш, што асабіста цябе ў ім хвалюе, тады ты забудзешся на хваляванне і будзеш думаць толькі пра тое, што чытаеш.
Да юбілейнай даты Марыі Захарэвіч, якая адзначалася ў лістападзе мінулага года, у серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” выйшла вышэйузгаданая кніга, прысвечаная нашай любімай артыстцы і зямлячцы “Марыя Захарэвіч. Талент, адухоўлены любоўю”. Але, як адзначыла вядучая, гэтай кнігі нізашто б не было, каб не адна апантаная, упартая, справядлівая і сумленная жанчына, да таго ж шчырая прыхільніца таленту Марыі Георгіеўны, укладальнік кнігі — Соф’я Жыбулеўская. Соф’я Антонаўна прызналася, што толькі пяць гадоў асабіста знаёма з Марыяй Георгіеўнай. Але гэтага часу хапіла спаўна, каб асэнсаваць маштабы таленту артысткі, адчуць глыбіню яе моцнай душы і заняцца стварэннем кнігі, прысвечанай гэтай неардынарнай асобе. Рэалізаваць задуму аказалася справай досыць складанай: знайсці грошы, дамовіцца з выдавецтвам, сустрэцца з мноствам людзей… І што самае цікавае — Соф’я Антонаўна з моманту задумы і па сённяшні дзень не атрымала ад артысткі згоду на выданне кнігі. Аднак, упэўненасць у сваёй праваце, падтрыманая шматлікімі аўтарамі ўспамінаў пра Марыю Захарэвіч (сябрамі, землякамі, знакамітымі пісьменнікамі, паэтамі, рэжысёрамі і т. д.), якія леглі ў аснову кнігі, дазволіла ў рэшце рэшт рэалізаваць ідэю. Жанчына ганарыцца сваёй працай, прысвечанай у першую чаргу роднай краіне, яе культуры і Мядзельшчыне, што падаравала Беларусі такога чалавека.
Шмат добрых слоў у адрас народнай артысткі выказала дырэктар абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская, якая высока ацаніла дзейнасць Марыі Георгіеўны ў справе захавання народнай спадчыны. Яна аддзячыла за яе непасрэдны ўдзел у шматлікіх урачыстых канцэртах, фестывалях, творчых сустрэчах у тым ліку і абласнога ўзроўню: у знакамітых на ўсю Беларусь фестывалях “Пеўчае поле”, “Бярэзінская рампа”, “Напеў зямлі маёй” і іншых.
Узгадалі на свяце яшчэ адну дабрадзейнасць артысткі — яе нязменны ўдзел у экспедыцыі “Дарога да святыняў” з Дабрадатным Агнём ад Труны Гасподняй. І ніякія іншыя клопаты, неадкладныя справы, нават збоі ў здароўі не перашкаджалі выправіцца ў чарговае падарожжа да святыняў: да людзей, да шчырасці чалавечых стасункаў, да хворых і нямоглых, да дзяцей, пакінутымі бацькамі і пакрыўджаных лёсам… У працяг тэмы вельмі дарэчы прыйшліся словы благачыннага цэркваў Мядзельскай акругі протаіерэя Ігара Шалухі:
— Ваша творчая дзейнасць, паважаная Марыя Георгіеўна, пранізана найвышэйшым напружаннем і працавітасцю. А вашым жыццёвым крэдам, на маю думку, з’яўляецца любоў: да творчасці, чалавека, роднай зямлі і Бога.
Каля дзвюх гадзін гучалі віншаванні, песні, вершы і пажаданні. Марыя Георгіеўна прымала кветкі, падарункі. Расчуленая і ўзрушаная, яна шчыра дзякавала землякам за ўвагу і клопат  і, канечне, зачытала вершы. У чарговы раз зала з затоеным дыханнем слухала паэзію ў выкананні майстра сцэны. Словы прымушалі ўзносіцца над паўсядзённасцю, краналі ў душы нешта патаемнае, схаванае, паўзабытае і ад таго надзвычай каштоўнае і роднае… А далей — “Ave, Maria!” — песня ў выкананні анёльскіх галасоў юных выхаванцаў Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў і клуба аматараў песні “Верасень” пад кіраўніцтвам яшчэ адной таленавітай і ўлюбёнай у свой край зямлячкі Стэлы Івановай. Прыгожа, кранальна і ўзнёсла гучала музыка!
На эмацыянальным пад’ёме разыходзіліся гледачы. То тут, то там можна было пачуць: “Якое цудоўнае мерапрыемства!”, “Як добра, што сюды трапіў!”, “Вось гэта ўзровень!”. Мядзяльчанкі Іда Гумніц і Ніна Вярбіцкая мерапрыемства пакідалі таксама ўзрушаныя, з набытай кнігай і аўтографам Марыі Захарэвіч.
— Слоў не хапае выказаць усе эмоцыі, — дзеліцца ўражаннямі Іда Мацвееўна. — Паслухаць голас Марыі Захарэвіч, паглядзець на яе — дарагога каштуе. Мой муж, які асабіста ведае яе і з’яўляецца шчырым прыхільнікам таленту артысткі, не змог прыйсці на сустрэчу, таму набыла прэзентаваную сёння кнігу і папрасіла спецыяльна для мужа аўтограф. Марыя Георгіеўна не адмовіла.
Наша знакамітая зямлячка заўсёды прызнаецца (гэта сустрэча не была выключэннем) ў бязмежнай любові да беларускай паэзіі. Менавіта ёй яна ўдзячна за тое, што выйшла ў людзі. Паэты-сучаснікі зрабілі гэта пачуццё ўзаемным. І сапраўды, як можна не пагадзіцца з масцітым Рыгорам Барадуліным?
Чытае вершы Захарэвіч,
Нібы сыходзіць на зямлю.
І звечарэеш,
Захварэеш
Жаданнем выгукнуць:
— Люблю!..
Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.


03 сакавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел img_4257 Сядзіба Максіма Танка      Паруснікі

Пабрацімы Мядзела