На завяршэнні сезона

КАЛЯ пяцідзесяці юных лыжнікаў спаборнічалі на акваторыі возера Мястра. Тут прайшло адкрытае першынство Мядзельскай СДЮШАР па лыжных гонках. Старэйшыя юнакі, 2001-2002 гадоў нараджэння, беглі 5 кіламетраў. Перамог Аляксей Вярбіла, на другім месцы — Антон Смолка, на трэцім — Мікіта Малевіч.
Юнакі 2003-2004 гадоў нараджэння змагаліся на дыстанцыі 3 кіламетры. Першым да фінішу прыбег Ілья Багалейша, другім — Ягор Дземяшкевіч, трэцім быў Дзмітрый Ярчак.
Хлопчыкі  2005 года нараджэння і маладзейшыя беглі кіламетр.  Хутчэйшым сярод іх быў Іван Гарадзецкі, далей у тройцы прызёраў размясціліся Арцём Пачкоўскі і Данііл Яцына. Дзяўчаты выяўлялі лепшых на дыстанцыі ў 1 кіламетр. Паміж дзяўчынак 2005 года нараджэння  і маладзейшых перамагла Арына Івашкевіч, на другім месцы Яўгенія Сакалова, на трэцім — Дар’я Кімстач. Дар’я — трэццякласніца, лыжным спортам займаецца з другога класа.
—  Мне бегаць на лыжах падабаецца і я часта трэніруюся, — расказвае яна.
 У дзяўчат 2003-2004 гадоў нараджэння  першай стала Валерыя Казлоўская.
— Ці доўга займаешся лыжнымі гонкамі? — пытаю ў яе.
— Пяты год ужо. І з кожным годам усё лепш і лепш атрымліваецца.
— Ці ўдзельнічала ў спаборніцтвах за межамі раёна?
— Так. Нават учора ў Плешчаніцах бегла.
— Чым для цябе стаў лыжны спорт?
— Лыжы для мяне — усё. Хачу стаць спартсменкай. У сезон трэніруюся штодня.
— Гэта ж часу займае. А хочацца і адпачыць, у камп’ютар і планшэт пагуляць…
— У планшэце шмат не сяджу. Паўгадзінкі — і хопіць.
— Сёння было вельмі прыемна назіраць не толькі за дзецьмі, але і за бацькамі, якія прыйшлі іх падтрымаць, — кажа намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці СДЮШАР Наталля Баран. —  Калі бацькі прыходзяць на спаборніцтвы, перажываюць за дзяцей — то яны здорава іх матывуюць. Увогуле, калі маленькія дзеці запісваюцца ў спартыўную школу, то ніхто не ставіць задачу, каб яны сталі алімпійскімі чэмпіёнамі. У першую чаргу заняткі  патрэбныя для іх здароўя, развіцця. Вялікую ролю ў далучэнні да спорту адыгрываюць бацькі. Бо куды яны накіруюць дзяцей, туды тыя і пойдуць. І малыя дзеці яшчэ не разумеюць, што здароўе не купіш, што трэба займацца спортам, каб папярэдзіць хваробы. А гаджэты, наадварот, здароўя не дабавяць. Лічу, што маюць рацыю тыя бацькі, якія падштурхоўваюць дзяцей да заняткаў спортам.
На здымках: 1. Адна з пераможцаў — Валерыя Казлоўская; 2. Уладальніца трэцяга месца Дар’я Кімстач; 3. Падчас старту.
***

Дзве каманды ідуць без паражэнняў

ПРАЦЯГВАЕЦЦА чэмпіянат раёна па міні-футболе. У мінулую суботу прайшлі гульні другога туру. «Спадарожнік» перайграў «Сілавік» 3:1, «РКП Нарач» была мацнейшай за «Юнацтва» 7:2. Прадстаўнікі Крывіцкага спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу гулялі з камандай «AFC Union Naroch». Матч завяршыўся з лікам 6:2 на карысць крывічан. «ІП Мядзел» абыграў каманду аддзела адукацыі, спорту і турызму 6:4.
Па выніках двух тураў без паражэнняў ідуць каманды «ІП Мядзел» і «РКП Нарач». Гульні чэмпіянату праводзяцца звычайна па суботах — калі няма ніякіх пераносаў, то з 13 да 17 гадзін.
Што да рэгламенту, то адразу 8 камандаў згуляюць па кругавой сістэме. Потым чатыры лепшыя з іх разыграюць медалі ў матчах на выбыванне. Чэмпіянат мяркуюць завяршыць у красавіку.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.

фота аўтара.



03 сакавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Спорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

84 лебедзі на Мястры _dsc1133-3 Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела