Другасная сыравіна – каштоўны матэрыяльны рэсурс

ПРАВІЛЬНА сцвярджае жыццёвая мудрасць: чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. Але разумеюць яе далёка не ўсе жыхары. Іншым вельмі цяжка ступіць некалькі крокаў і данесці пакет са смеццем да урны ці пачакаць і выкінуць у спецыяльную машыну, якая збірае бытавыя адыходы. Зразумела, значна прасцей кінуць яго на пляцоўку, дзе ўстаноўлены кантэйнеры для раздзельнага збору смецця. Потым бадзялыя каты і сабакі парвуць гэты пакет, вецер раскідае смецце па наваколлі. А мы будзем абурацца, маўляў, куды глядзіць камунальная служба, чаму не прыбіраюць у дварах?!
У мінулы аўторак разам з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Жаннай Апановіч правялі маніторынг па пытанні раздзельнага збору смецця ў горадзе.
У Беларусі яшчэ ў 2009 годзе прынята Дзяржаўная праграма па зборы і перапрацоўцы другаснай сыравіны. Будуюцца смеццеперапрацоўчыя заводы, развіваецца раздзельны збор адыходаў. Здаецца, усё проста: паперу выкінь у адзін кантэйнер, шкло — у другі, пэт-бутэльку — трэці. Але многія жыхары Мядзела, не жадаючы сябе абцяжарваць, па-ранейшаму выкідваюць смецце без сартоўкі.
Калі мы пяройдзем да раздзельнага збору бытавых адыходаў і навучымся іх перапрацоўваць — зможам зарабляць грошы, а галоўнае — зберажом яшчэ і прыродныя рэсурсы. Але, думаю, гэту праблему не вырашаць нават сотні кантэйнераў з надпісамі «шкло», «пластык», «папера»… Таму, што гэта пытанне звычкі людзей.
Вельмі часта можна бачыць шмат пакетаў са смеццем на кантэйнернай пляцоўцы ў двары дамоў № 23, 29 па вуліцы Юбілейнай (здымак 1). Не ў лепшым стане знаходзіцца і кантэйнерная пляцоўка ля дома № 25 па гэтай жа вуліцы. У скрынку для пяску выкінулі смецце, быццам яна для гэтага прызначана (здымак 2). Запоўненыя бытавымі адыходамі урны, якія ўстаноўлены ля пад’ездаў, таксама для горада з’ява не рэдкая. Няўжо людзі не разумеюць, што гэтыя урны не для пакетаў са смеццем.
Завалена бытавымі адыходамі кантэйнерная пляцоўка ля шматкватэрных дамоў па вуліцы Заазёрнай (здымак 3). Прыкладна так выглядае і пляцоўка з кантэйнерамі ля дома №2 па вуліцы Юбілейнай. Шмат пакетаў са смеццем убачылі на пляцоўцы, якая знаходзіцца паміж станцыяй тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў і кафэ «Беларуская хата» (здымак 4). І гэта прытым, што маніторынг праводзіўся ў аўторак пасля палудня, а ў панядзелак сіламі камунальнай службы быў арганізаваны паўсюдны збор і вываз смецця.
Зусім іншы малюнак убачылі ў прыватным сектары горада. Амаль паўсюдна кантэйнеры выкарыстоўваюцца па прызначэнні — для збору пластыка. Няўжо свядомасць у жыхароў прыватнага сектара намнога вышэйшая, чым у тых, хто жыве ў шматкватэрных дамах?!
Хочацца нагадаць, што ў кантэйнеры для змешанага смецця дазваляецца выкідваць пакеты Tetra Pak (ад сокаў, малака і інш.), памперсы, шпалеры, пакеты і шкляначкі ад ёгурту і смятаны, харчовую фольгу, пачкі ад цыгарэт, латкі ад мясных прадуктаў, сталовы посуд і г. д. Кантэйнеры для паперы прызначаны для збору папяровых упаковак, газет, часопісаў, кардонных скрынак, рэкламных улётак, скрынак з кардону і паперы ад тартоў і многае іншае. У кантэйнеры для пластыка выкідваюць пустыя ПЭТ-бутэлькі, каністры, поліэтыленавую плёнку і пакеты, пластыкавыя ўпакоўкі ад шампуняў, геляў і іншай касметыкі, бутэлькі ад бытавой хіміі, вёдры, тазы, ручкі без стрыжняў, лінейкі. Зразумела, што ў кантэйнеры для шкла выкідваюць бутэлькі, слоікі (пажадана без этыкетак). Шкло з вокнаў лепш за ўсё збіраць асобна (яно таксама ідзе на перапрацоўку), але змешваць з іншымі відамі шкла непажадана.
Энергазберагаючыя і люмінесцэнтныя лямпачкі, а таксама батарэйкі, тэрмометры і медыцынскія адыходы нельга выкідваць у вышэйназваныя кантэйнеры. Іх здаюць у спецыяльныя прыёмныя пункты.
Не лішнім будзе ведаць, што за другасную сыравіну УП «Мядзельская ЖКГ» выплачвае грошы. Напрыклад, за кілаграм макулатуры — 8 капеек (у лік камунальных паслуг — 10 капеек), шклабою, шклатары — 7 (9), ПЭТ-бутэлек — 15, адыходаў пластмасы — 8 капеек. Прымаюцца для ўтылізацыі шыны і камеры легкавых аўтамабіляў, люмінесцэнтныя трубкі і лямпы, адпрацаваныя батарэйкі, складаная бытавая тэхніка ў камплекце (газавыя пліты, халадзільнікі, пральныя машыны, пыласосы, тэлевізары, мікрахвалевыя печы і інш.).
Як гэта зрабіць? Падаць заяўку ў камунгас — прыедуць і забяруць. Можна здаць на прыёмныя пункты, якія працуюць у Мядзеле, гарадскіх пасёлках Свір і Крывічы, а таксама ў аграгарадку Княгінін. Для зручнасці насельніцтва па графіку працуе перасоўны прыёмны пункт збору другаснай сыравіны. Кожны першы чацвер месяца пачынаючы з 9 гадзін 30 мінут і да 15 гадзін ён  наведвае вёскі Малая Сырмеж, Баравыя, Пронькі, Занарач, Чарэмшыцы, Стахоўцы, Мокрыца, Сырмеж, Буйкі, Старлыгі, Камарова, Канстанцінава. У тыя вёскі, якія не ўключаны ў графік, аўтамабіль будзе заязджаць пры наяўнасці заявак. Іх варта падаваць па тэлефонах 8-044 787-81-12 ці 52-1-83.
На заканчэнне варта сказаць, што ў выпадку выяўлення фактаў нераздзельнага збору смецця грамадзянамі, а таксама парушэння імі іншых патрабаванняў заканадаўства аб абыходжанні з адыходамі — у адпаведнасці з артыкулам 15.63 КоАП Рэспублікі Беларусь прадугледжана пакаранне ў выглядзе папярэджання ці штрафу ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — да 200, а на юрыдычную асобу — да 1000 базавых велічынь.
Зямля у нас адна. Яе трэба захаваць для нашчадкаў чыстай і прыгожай. А раздзельны збор смецця — адзін з самых простых спосабаў зрабіць гэта.
Па выніках маніторынгу матэрыял да друку падрыхтаваў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.


02 сакавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi _dsc1133-3 1-12 Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси