Фінансаванне дзяржрасходаў — справа ўсеагульная

У апошні час шмат даводзіцца чуць пра Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Гэты дакумент яшчэ раз нам усім нагадвае, што ўдзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў павінен прымаць кожны дарослы грамадзянін нашай краіны. Гэта значыць, што, дзякуючы сваёй працоўнай дзейнасці ў розных галінах народнай гаспадаркі, ён абавязаны ўносіць важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё дзяржавы, павышэнне дабрабыту яе жыхароў. У супраціўным выпадку неабходна плаціць адпаведны збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Вядома, ёсць сітуацыі, калі чалавек, у сілу аб’ектыўных ці суб’ектыўных прычын, пазбаўлены магчымасці працаваць.  Вось і займаюцца зараз  створаныя пры мясцовых выканаўчых камітэтах камісіі разглядам заяў аб вызваленні грамадзян працаздольнага ўзросту ад выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў. У склад іх уваходзяць, як правіла, прадстаўнікі розных органаў і структур, што і дазваляе валодаць сітуацыяй і кампетэнтна, усебакова падыходзіць да абмеркавання пададзеных заяў і прыняцця па іх правільнага рашэння.
Днямі і мне давялося папрысутнічаць на пасяджэнні такой камісіі ў раённым выканаўчым камітэце. Як падкрэсліла начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Мядзельскаму раёну Аксана Сарока, Дэкрэт №3 закліканы не караць грамадзян, а папулярызаваць усеагульную старанную працу на карысць дзяржавы. Тым, хто не займаецца працоўнай дзейнасцю, і разасланы падатковай інспекцыяй паведамленні па выплаце збору за 2015 год. Быў устаноўлены і канкрэтны тэрмін платы — 21 лютага. Гэта дата прайшла, а воз, як кажуць, на тым жа месцы. Няшмат і заяў аб вызваленні ад выплаты збору паступіла ў райвыканкам, хоць адпаведная камісія працуе штодзённа. Штосьці не турбуе грамадзян тая акалічнасць, што яны ў выпадку нявыплаты апошняга, могуць панесці адміністрацыйнае пакаранне.
— Мы стараемся вельмі ўважліва падысці да разгляду кожнай заявы, якая нам паступіла, — кажа намеснік старшыні камісіі па разглядзе пытанняў аб вызваленні грамадзян ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў у сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі, намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. — Дасканала вывучаем звароты і тым грамадзянам, якія апынуліся ў няпростых жыццёвых абставінах і не мелі магчымасці працаваць, ідзём насустрач.
У доказ слоў Іны Іванаўны хачу прывесці канкрэтныя прыклады. Так, камісія вызваліла ад выплаты збору хлопца, які зараз служыць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Ён у 2015 годзе закончыў вышэйшую навучальную ўстанову, але працаваць не ўладкаваўся, бо па паказаннях здароўя не мог быць прызваны ў армію. Аднак ад сваёй мары не адмовіўся і па ўласным жаданні праходзіў курс рэабілітацыі, што і дапамагло яму не толькі падлячыцца, але і загартаваць сябе. Праўда, па гэтай прычыне ў яго не набралася неабходнай колькасці занятасці (183 дні). Тым не менш, камісія ўвайшла ў яго становішча: улічваючы патрыятычную накіраванасць і вялікае жаданне быць абаронцам Айчыны, вызваліла ад выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў.
 Ці вось другі прыклад. Мужчына перадпенсіённага ўзросту нідзе не працуе ўжо каля пяці гадоў. Пражывае ў сельскай мясцовасці ў аддаленым населеным пункце, дзе няма ніякіх арганізацый, дзе ён мог бы працаўладкавацца па сваёй прафесіі. Далёка ад дому паехаць на работу не можа, бо пражывае з жонкай-пенсіянеркай і састарэлай маці, якая патрабуе догляду. Праўда, склаўшы рукі ў хаце не сядзіць. Апрацоўвае каля дома зямельны ўчастак, трымае жыўнасць на падворку. Яго таксама камісія вызваліла ад выплаты падатку.
Старшыня камісіі па разглядзе пытанняў аб вызваленні грамадзян ад платы збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў у сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі, намеснік старшыні райвыканкама Наталля Апановіч папрасіла праз газету звярнуцца да грамадзян нашага азёрнага краю, каб, калі  жадаюць падаць заяву аб вызваленні ад платы збору, як мага хутчэй гэта зрабілі, бо тэрміны закончыліся. У заяве павінны праўдзіва ўказаць прычыны, па якіх не змаглі ў 2015 годзе працаваць. А ўвогуле да перыядаў, на працягу якіх грамадзяне прызнаюцца прымаючымі ўдзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў, адносяцца: работа па працоўным дагаворы (кантракце), на дзяржаўных пасадах, пры заняцці якіх кантракт не заключаецца, на ўмовах членства ў вытворчым кааператыве ці сялянскай (фермерскай гаспадарцы); ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка;  выкананне работ па грамадзянска-прававых дагаворах, прадметам якіх з’яўляецца  выкананне работ, аказанне паслуг і стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, на агульную суму не менш 70 базавых велічынь, зыходзячы з размеру базавай велічыні, устаноўленай на 1 студзеня адпаведнага падатковага перыяду. Гэта і аказанне паслуг па вырошчванні сельскагаспадарчай прадукцыі, рэпетытарства, чыстка і ўборка жылых памяшканняў, догляд за дарослымі і дзецьмі, рамонт швейных, трыкатажных вырабаў, галаўных убораў і іншае, пры ўмове  платы за адпаведны перыяд ажыццяўлення дзейнасці аднаразовага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб па такой дзейнасці. У залік ідуць перыяды, на працягу якіх грамадзянін з’яўляўся ваеннаслужачым, супрацоўнікам ваенізаванай арганізацыі, рэзервістам падчас праходжання заняткаў і вучэбных збораў, ваеннаабавязаным падчас праходжання ваенных і спецыяльных збораў; праходзіў альтэрнатыўную службу; ажыццяўляў адвакацкую  ці натарыяльную дзейнасць, рамесную, творчую;  дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму; быў свяшчэннаслужыцелем, членам манаскага таварыства; зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага альбо праходзіў прафесіянальную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі ці асвойваў змест адукацыйнай праграмы навучаючых курсаў па накіраванні органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама быў зарэгістраваны па месцы жыхарства ў сельскім населеным пункце альбо пасёлку гарадскога тыпу і вёў асабістую падсобную гаспадарку. Бяруцца ва ўвагу часовая непрацаздольнасць, пацверджаная лістком непрацаздольнасці альбо яго дублікатам; выхаванне ў сям’і  маці (мачахай) альбо бацькам (айчымам), усынавіцелем (удачарыцелем), апекуном (папячыцелем) дзіцяці ва ўзросце да 7 гадоў (пачынаючы з 1 студзеня 2017 года пры ўмове, што дзіця ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў у сад не ходзіць), дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей; атрыманне адукацыі ў дзённай форме, за выключэннем дадатковай дзяцей і моладзі і дадатковай дарослых; адпачынак, які даецца выпускнікам устаноў адукацыі, якім месца працы прадастаўлена шляхам размеркавання, працягласцю 31 каляндарны дзень, а выпускнікам, накіраваным у якасці педработнікаў, — 45 каляндарных дзён. Акрамя таго, залічваюцца атрыманне пенсіі, у тым ліку з іншых дзяржаў, дапамог са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, у тым ліку дапамогі па часовай непрацаздольнасці; атрыманне грамадзянамі, якія маюць права на атрыманне пенсіі па інваліднасці альбо з выпадку страты карміцеля ў сувязі з няшчасным выпадкам на вытворчасці альбо прафесіянальным захворваннем, штомесячных страхавых выплат; прыцягненне да працы на працягу тэрміну адбыцця пакарання ў выглядзе арышту, абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, пазбаўлення волі, пажыццёвага заключэння, знаходжання ў лячэбна-працоўным прафілакторыі; перыяд знаходжання грамадзян у спісачным складзе нацыянальнай альбо зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па відах спорту, а таксама прымяненне да грамадзяніна прадугледжаных  заканадаўчымі актамі мер па забеспячэнні бяспекі, якія не дазволілі яму ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў.
Паважаныя мядзяльчане! Для разгляду пытання аб вызваленні ад платы збору падавайце заяву ў сектар па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама  для камісіі (каб. № 15), які знаходзіцца па адрасе: г. Мядзел, пл. Леніна, 1. Да заявы павінны быць прыкладзены звесткі аб даходах грамадзяніна і членаў яго сям’і, якія з ім сумесна пражываюць, за апошнія 12 месяцаў, якія папярэднічалі  месяцу падачы заявы, даведка аб займаемым жылым памяшканні і складзе сям’і (для сельскіх жыхароў — з сельсаветаў, гараджан — з Мядзельскай ЖКГ), а таксама іншыя дакументы, якія пацвярджаюць знаходжанне ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Паспяшайцеся! Больш падрабязна пра гэта можна даведацца на Нацыянальным прававым  партале www.pravo.by, а таксама на сайце падатковых органаў www.nalog.gov.by, праз які можна напрамую звярнуцца ў інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах па Мядзельскім раёне альбо патэлефанаваць па нумары
54-7-66. Інфармацыю па цікавячым пытанні можна атрымаць і ў сектары па рабоце са зваротамі грамадзян і фізічных асоб райвыканкама  па нумарах: 142, 55-9-61, 55-6-95.
 Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.


27 лютага 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра     Паруснікі                          Рэчка Нарачанка        Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела