Камунальнікі вызначылі самых спрытных рыбаловаў

НЕ раз даводзілася чуць, што паездка зімой на вадаём — гэта толькі нагода для мужчын “уцячы” ад сям’і. Ёсць, вядома, і такія «аматары», чаго грэх утойваць…. Але, упэўнены, іх меншасць. А большасць — гэта сапраўдныя рыбаловы-аматары, якія з нецярпеннем чакаюць зімы, каб поўнасцю аддацца любімаму занятку. Акрамя таго, зімовая рыбалка — гэта ўжо не толькі захапленне мужчын. З кожным годам усё больш і больш прадстаўніц чароўнага полу разам з мужчынамі праводзяць выхадныя ля лунак з вудамі.
Зімовая рыбалка — настолькі займальны занятак, што варта чалавеку пабываць на ёй раз-другі, адчуць усё хараство гэтага выдатнага адпачынку, як яна ператвараецца ў «хваробу», прычым невылечную.
Чым жа так прыцягвае людзей зімовая рыбалка? Адказаць на гэта пытанне вельмі цяжка. Мабыць, уся справа ў тым, што яна дае выдатную магчымасць чалавеку і адпачыць ад працы і, у той жа час, атрымаць пэўную фізічную нагрузку. Цішыня і спакой на вадаёме, шматгадзіннае знаходжанне на свежым паветры ў марознае надвор’е, атрыманыя дадатныя эмоцыі станоўча ўплываюць на самаадчуванне і настрой, даюць зарад бадзёрасці.
У калектыве РВУП «Мядзельская ЖКГ» ёсць нямала аматараў зімовай рыбалкі. Таму прафсаюзны камітэт прадпрыемства, на чале са старшынёй Марыяй Мялешка, штогод праводзіць спаборніцтвы сярод захопленых, дасведчаных сакрэтамі рыбнай лоўлі працаўнікоў камунальнай гаспадаркі.
Вось і сёлета 11 лютага прафкам арганізаваў такія спаборніцтвы. Праходзілі яны на возеры Мядзел непадалёку ад вёскі Цімошкаўшчына. Права на каштоўныя прызы і ганаровае званне лепшых рыбаловаў прадпрыемства аспрэчвалі 27 аматараў падлёднай лоўлі. Для многіх з іх рыбалка — гэта не столькі магчымасць налавіць рыбы, колькі проста добра правесці час, адпачыць на прыродзе, забыцца пра паўсядзённыя клопаты, а ўжо калі пры гэтым атрымаецца яшчэ і штосьці злавіць, то дзень прайшоў недарэмна. Падчас спаборніцтваў, безумоўна, прысутнічае спартыўная рызыка і жаданне перамагчы. Фанаты такога правядзення вольнага часу здольны і ў мароз, і ў вецер выпрабоўваць сваё цярпенне, спадзеючыся на ўдачу. А яна, як вядома, усміхаецца не кожнаму.
Судзейская брыгада, у склад якой увайшлі старшыня прафкама Марыя Мялешка, галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Шабовіч (дарэчы, ён і ўдзельнік спаборніцтваў) і майстар па добраўпарадкаванні Алег Рагіня, уважліва сачыла за ходам спаборніцтваў, якія працягваліся з 8 да 13 гадзін. Кожны ўдзельнік імкнуўся выкарыстаць свой спрыт і ўменне падчапіць за жабры ўдачу ў выглядзе вялікай ці малой рыбіны.
І вось спаборніцтвы закончаны. Для судзейскай брыгады наступае вельмі адказны момант — узважванне ўлову і вызначэнне пераможцаў. Найбольш “цяжкі” ўлоў атрымаўся ў старшага аператара кацельні Міхаіла Падгола, які навудзіў плотак, акунёў і іншых насельнікаў падлёднага царства вагой 2 кілаграмы 370 грамаў. Менавіта яму і прысуджана першае месца. Другую прыступку п’едэсталу гонару заняў слесар цепласетак Ігар Лазаронак з уловам вагой 1 кілаграм 905 грамаў. А вось трэцяе месца дасталося электраманцёру ачышчальных збудаванняў Віталію Шупеньку. Яго ўлоў заважыў 1,8 кілаграма.
Пераможцам былі ўручаны прызы. За першае месца — ледабур, другое і трэцяе — скрынкі рыбалова. Скрыначкай для мармышак быў заахвочаны Уладзімір Шабовіч, які злавіў самую вялікую рыбіну. А вось электраманцёр Аляксандр Мялешка за самую маленькую злоўленую рыбінку атрымаў ліхтарык.
Варта дадаць, што ўсе ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі наборы для  рыбалкі, у склад якіх уваходзілі вудачка для зімовай лоўлі рыбы, набор мармышак і матыльніца. А кульмінацыяй мерапрыемства стала гарачая, смачная, духмяная юшка. Настрой ва ўсіх быў цудоўны, асабліва радаваліся пераможцы. Людзі звярталіся да арганізатараў такога адпачынку на свежым паветры з прапановай часцей праводзіць падобныя мерапрыемствы ці проста прадастаўляць магчымасць для сумеснай зімовай аматарскай рыбнай лоўлі.
Ігнат Лубнеўскі.


27 лютага 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Красавік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Фотападарожжа

0-170 лебедзі на Мястры Царква ў Крывічах Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси