Як спявае АПК?

Працаўнікі сельскай гаспадаркі спаборнічалі ў «Новых імёнах Беларусі».
ЖЫВЁЛАВОД і бухгалтар, інжынер па ахове працы і электрагазазваршчык — работнікі розных прафесій удзельнічалі ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу «Новыя імёны Беларусі». На гэты раз яго праводзілі сярод прадстаўнікоў працоўных калектываў сельскагаспадарчых арганізацый Мядзельшчыны. Адбыўся раённы этап у Занарацкім СДК. Удзельнікамі сталі 9 чалавек. Для каго з іх выступаць на сцэне — справа звыклая, а хто і вельмі хваляваўся. Бо тут не толькі гледачы сабраліся, ацэньвала творчасць самадзейных артыстаў журы. У яго складзе былі старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Сівіцкая, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вячаслаў Клімовіч і яго намеснік Ганна Падгол, дырэктар раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Вольга Буянава, загадчыца сектара па рабоце з дзецьмі пры Мядзельскім ГДК Аксана Мельнічэнка. Яна ж і вяла мерапрыемства.
Першай на сцэну выйшла Кацярына Чазава з падсобнай гаспадаркі «Мядзельскага аграпрамэнерга».
— Наш першы канкурсант — мілая і сімпатычная жанчына. Гледзячы на яе, зусім не скажаш, што ёй даводзіцца рана ўставаць, каб паспець прыгатаваць сняданак, сабраць і адправіць дочак — адну ў сад, другую ў школу, дагледзець гаспадарку, праявіць клопат пра мужа. І ўсё гэта трэба паспець да пачатку рабочага дня, а ён на ферме пачынаецца вельмі рана, — расказвала пра яе вядучая.
Другая ўдзельніца, Галіна Косцевіч з таварыства «Пруднікі-Агра», расхвалявала прысутных песняй пра маму. Самадзейную артыстку калегі і знаёмыя ведаюць таксама як выдатнага кулінара і цудоўную гаспадыню.
А пра Уладзіслава Рабцава калегі па працы расказваюць, што ён ідзе па ферме — спявае, рамонтам займаецца ці цялушак корміць — таксама спявае. Жыве ён у Лотве, працуе на ферме. Уладзіслаў сарваў шквал апладысментаў папулярнай песняй пра Галіну.
Трэцяя прадстаўніца падсобнай гаспадаркі «Мядзельскага аграпрамэнерга» — Вікторыя Цяляк. Працуе на ферме «Лотва» і даглядае маленькіх цялят, якіх вельмі любіць. А яшчэ яна любіць і ўмее спяваць, што і даказала са сцэны.
— У доме ў Аксаны смех і вяселле з раніцы да вечара, таму як там яе шчасце і радасць — дзеці, ні многа ні мала — чацвёра! І як усё яна паспявае — дзіву даешся,  — прадстаўляла Аксана Мельнічэнка наступную ўдзельніцу, Аксану Зянько з ААТ “Пруднікі-Агра”. — Але яна ўсё паспявае: працаваць сумленна, людзям дапамагаць, гаспадарку ўтрымліваць, у конкурсах сям’ёй удзельнічаць і пры гэтым каралевай заставацца.
Аксана  не толькі праспявала, але і верш прадэкламавала. Мастацкім чытаннем вырашыла пакарыць журы і наступная ўдзельніца — інжынер па ахове працы таварыства «Пруднікі-Агра» Ала Ізэргіна. На сцэне яна не навічок. І кожны раз аддае гледачам часцінку душы і сваю любоў.
Вельмі любіць спяваць бухгалтар таварыства «Занарацкі» Галіна Дзятлава. На сцэну яна выйшла не адна — спявала ў дуэце з аднавяскоўцам са Старлыг Мікалаем Мірановічам.
Толькі са сцэны прыгадалі пра наступнага канкурсанта, што «яго слабасць, яго захапленне і любоў на ўсё жыццё — гармонік», як гледачы здагадаліся, пра каго размова. Так, пра іх аднавяскоўца Аляксандра Усовіча. Ён і песню выканаў пра сваё захапленне — «Я с гармошкой по жизни иду».
Завяршаў конкурсную праграму Мікалай Мірановіч — тут ужо ён спяваў  асобна. Электрагазазваршчык таварыства «Занарацкі» нярэдкі госць канцэртных пляцовак і без песні жыццё не ўяўляе.
Вось і выступілі ўсе выканаўцы. Варта адзначыць, што гледачы ад душы падтрымлівалі артыстаў і не шкадавалі апладысментаў. Пакуль журы раілася, публіку парадаваў песнямі гаспадар — Віталь Кісель.
Неўзабаве журы абвяшчае вынікі. Без падарункаў не застаўся ніводзін з удзельнікаў. Спецыяльны прыз за выступленне і кранальнае чытанне верша пра маму атрымала Аксана Зянько. Трэцяе месца прысудзілі Уладзіславу Рабцаву, другое —  Аляксандру Усовічу. А пераможцам стаў Мікалай Мірановіч са Старлыг.
— Якія зараз уражанні? — пытаю ў яго.
— Станоўчыя: радасць на душы.
— Вы ж на сцэне не навічок…
— Зараз так, але быў час, што адсутнічаў на сцэне, працаваў і працаваў. Я ўсё жыццё з песняй. Жыў на Століншчыне. Яшчэ ў школу не хадзіў — песні спяваў. Радыё было: то пачую песню, пераймаю. У школе выступаў на сцэне дзесьці з шостага класа. Пасля арміі ў Доме культуры стварыў вакальна-інструментальны ансамбль, на вобласць ездзіў. Потым жыццё закруціла, у Расію з’ехаў. Але песні не кідаў.
— А на Мядзельшчыне вы ўжо даўно?
— З 2010 года. І тут удзельнічаў у мерапрыемствах, дзецям падыгрываў. Працаваў качагарам у Доме культуры. А зараз трэці год — электрагазазваршчык ААТ «Занарацкі».
— Як рэпертуар падбіраеце?
— Усё з жыцця: тое, што людзям падабаецца. Ды і мне такая музыка даспадобы: шансон, эстрада.
— А выканаўцы якія найбольш падабаюцца?
— Так і не скажаш адразу: яны ўсе любімыя. У Саладухі песні добрыя, у Ярмоленкі і ў Ціхановіча, якога на жаль, нядаўна не стала.
Дома ў Мікалая Мірановіча ёсць сінтэзатар «Ямаха» — падарылі дзеці на 50-годдзе. Так што, бывае,  як прыходзіць з працы — прысядзе, паіграе для настрою.
— Вядома, не кожны вечар: як атрымліваецца, бо дома таксама работа ёсць. А па выхадных ды святах пастаянна.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымках: 1. Пераможца раённага этапа — Мікалай Мірановіч; 2. Спявае Уладзіслаў Рабцаў; 3.На сцэне — Галіна Дзятлава.
Фота аўтара.


27 лютага 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   dsc_5774-3 img_4257 Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела