“Дыялог” у Княгініне | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

“Дыялог” у Княгініне

ЧАРГОВЫМ месцам правядзення сустрэчы “Дыялог”, якая арганізуецца ў рамках работы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп  райвыканкама, стаў Княгінінскі сельскі выканаўчы камітэт. Менавіта тут на спатканне з намеснікам старшыні райвыканкама Інай Барыевай, кіраўнікамі шэрагу раённых структур сабралася грамадскасць мясцовага сельсавета, а гэта прадстаўнікі працоўных калектываў арганізацый і ўстаноў, размешчаных на яго тэрыторыі, дэпутаты, старасты населеных  пунктаў.  
Адкрыла мерапрыемства Іна Іванаўна. Яна пазнаёміла прысутных з яго ўдзельнікамі, расказала пра мэту правядзення падобных сустрэч з грамадскасцю. У сваім выступленні старшыня Княгінінскага сельвыканкама Вольга  Галко паведаміла пра работу арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Вольга Станіславаўна заначыла, што летась у сельвыканкам паступіла 14 зваротаў, з якіх 2 — пісьмовыя. Зарэгістраваны 364 звароты ад грамадзян па выкананні працэдур па заяўніцкім прынцыпе “адно акно”. Па просьбе вяскоўцаў спілаваны аварыйныя дрэвы на могільніках в. Выгалавічы. Выкананы зварот грамадзян па ўстаноўцы аўтобуснага павільёна на трасе Нарач — Мінск каля Княгініна. Нямала зроблена ў апошнія гады па рамонце вулічна-дарожнай сеткі КУП “Мінскаблдарбуд-ДРБУ-133”. Займаўся рамонтам дарожнага пакрыцця ў аграгарадку і Княгінінскі ўчастак ЖКГ, аднак яшчэ некаторыя вуліцы ў Княгініне з выбоінамі. Звярталіся і жыхары Пашкоўшчыны па рамонце дарогі да могільніка в. Яцкавічы. Вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Летась ліквідавана 71 несанкцыянаваная звалка, прыбрана 119 старых дрэў, адрамантавана 498 пагонных метраў старой агароджы і ўстаноўлена 849 пагонных метраў новай, 307 пагонных метраў пафарбавана, высечана 1960 квадратных метраў кустоўя, абрэзаны пладовы сад у Пашкоўшчыне. Вяліся сумесна з ААТ “Пруднікі-Агра” і Мядзельскім ПМС работы па зносу старых пабудоў. Усяго іх знесена 21, а таксама 4 фундаменты. На тэрыторыі сельсавета размешчана 15 могільнікаў. На ўсіх устаноўлены кантэйнерныя пляцоўкі для збору цвёрдых бытавых адыходаў. Летась на 2-х могільніках заменена агароджа. У Гарадзішчы, напрыклад, устаноўлена драўляная, якая пафарбавана, прыбраны старыя дрэвы, высечана кустоўе. Пастараліся мясцовыя жыхары пад кіраўніцтвам дэпутата Сяргея Грышкевіча, работнікі сельсавета, культуры, дзіцячага сада, школы, сацработнікі. На могільніку ў Выгалавічах зараз ацынкаваная агароджа, устаноўлены металічныя вароты, якія дапамог зрабіць і пафарбаваць начальнік участка Вілейскага камбікормавага завода Валерый Баслык. Неаднаразова арганізоўвала насельніцтва на выкананне работ па навядзенні парадку на могільніку ў Выгалавічах стараста Ірына Ракецкая. Праводзіліся таксама суботнікі на старым могільніку аг. Княгінін, на могільніках у Яцкавічах, Зарэчным, Кавалях, дзе вельмі дапамог начальнік Княгінінскага ўчастка Мядзельскага ЖКГ  Алег Лук’янец. Не заставаўся ў баку ад гэтага важнага пытання і святар Крывіцкага касцёла Віктар Шчучка. У цяперашні час узнікае праблема з пахаваннем памерлых на новым могільніку ў Княгініне: трэба ці пашыраць яго, ці выдзяляць новы ўчастак. На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца два воінскія пахаванні, тры помнікі загінуўшым воінам. Сёлета дабавілася яшчэ адно воінскае пахаванне часоў Першай сусветнай вайны па вуліцы Прывакзальнай, якое знайшоў пошукавы атрад.
У вясенне-летні перыяд праводзіцца абкошванне населеных пунктаў, могільнікаў, паркаў. У сувязі з гэтым старшыня сельвыканкама звярнулася з просьбай да кіраўніцтва Княгінінскага ўчастка ЖКГ, на балансе якога знаходзяцца вуліцы ў аграгарадку, дапамагаць і ў абкошванні іх ад пустазелля. У 13-ці населеных пунктах арганізаваны цэнтралізаваны збор цвёрдых бытавых адыходаў. Смецце збіраецца безкантэйнерным спосабам па графіку, а з месцаў грамадскага карыстання і арганізацый, дзе ўстаноўлены кантэйнеры, па заяўках. Была закранута таксама дзейнасць асабістых падсобных гаспадарак, названа лепшая малаказдатчыца за мінулы год — Людміла Паслед з Княгініна, якая прадала дзяржаве 13650 літраў малака. Акрамя таго, узгадваліся работа грамадскага пункта аховы правапарадку па забеспячэнні законнасці і грамадскай бяспекі на тэрыторыі сельсавета, дзейнасць назіральнай камісіі па прафілактыцы пажараў, работа дэпутацкага корпуса і стараст.
 Начальнік Мядзельскай ЖКГ Аляксандр Чарняўскі патлумачыў, што на бягучы год на ўборку лісця і абкошванне тэрыторый населеных пунктаў абласным кіраўніцтвам грошы не выдзелены, а таму грамадзянам пра знешні выгляд падворкаў, вуліц трэба і надалей клапаціцца самім. На пытанне аб пашырэнні могільніка адказаў намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Віктар Хіла. Віктар Канстанцінавіч паведаміў, што згодна з Указам  Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2007 года № 667 “Аб канфіскаванні і прадастаўленні зямельных участкаў” месцы для пахавання памерлых прадастаўляюцца цяпер толькі рэлігійным арганізацыям, паводле іх звароту ў райвыканкам. І толькі на землях, якія належаць сельсаветам, у межах населеных пунктаў.
Было дадзена слова і прыезджым гасцям. У прыватнасці, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Габрусенак расказала пра вырашэнне пытанняў сацыяльнай абароны пажылых, адзінокіх грамадзян. Прывяла статыстычныя даныя адносна  атрымальнікаў пенсій, дапамог па Княгінінскім сельсавеце. Расказала аб рабоце сацыяльнай службы. Тут, дарэчы, 9 сацыяльных работнікаў абслугоўваюць 50 пажылых грамадзян. У якасці станоўчага прыкладу прывяла Пашкоўшчыну, дзе дзве жанчыны разам зімуюць у адным доме. Нагадала, што ў в. Камарова Свірскага сельсавета арганізаваны Дом сумеснага пражывання для пажылых грамадзян. Паведаміла таксама, што Мядзельскі ТЦСАН можа аказваць насельніцтву за невялікую плату дапамогу ў абкошванні прысядзібных участкаў.
Намеснік начальніка РАУС Юрый Жалубоўскі ахарактарызаваў крымінагенную абстаноўку ў мінулым годзе ў раёне і на тэрыторыі Княгінінскага сельсавета. Ён падкрэсліў, што з учыненых летась злачынстваў большасць складалі крадзяжы. Многія з іх здзяйсняліся на дачах, якія пакідаюцца на зіму без нагляду. Па-ранейшаму застаецца праблемай п’янства. Маюць месца выпадкі захоўвання і рэалізацыі самагону. “Усе кропкі па продажу спіртных напіткаў, акрамя магазінаў, — падкрэсліў Юрый Міхайлавіч, — павінны быць зачынены. Па крайняй меры так ставіцца сёння задача. І з ёй адна міліцыя без дапамогі грамадскасці не справіцца. Патрэбна непрымірымая і  прынцыповая пазіцыя па гэтым пытанні ўсяго насельніцтва”. Прамоўца звярнуў таксама ўвагу прысутных на факты безгаспадарчасці на тэрыторыі сельгаспрадпрыемстваў, на разукамплектаванасць тэхнікі. Заклікаў быць уважлівымі да сябе, сваіх блізкіх, суседзяў, не быць абыякавымі да тых праблем, якія побач з намі. Да Юрыя Жалубоўскага паступіла пытанне, ці можна ехаць зімой па дарозе на веласіпедзе. Юрый Міхайлавіч патлумачыў, што ва ўмовах галаледзіцы і снегападу рух на веласіпедах, наогул, забаронены. А таму трэба браць ва ўвагу пагодныя ўмовы, аднак лепш усяго да вясны паставіць веласіпед і зусім на ім не ездзіць.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Ефімава ў сваім выступленні паведаміла, што 69% вучняў, якія займаюцца ў Княгінінскай СШ, маюць адзнакі 6-10 балаў. 100% выпускнікоў штогод становяцца навучэнцамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў. Вучні школы, па словах Таццяны Генадзьеўны, даволі паспяхова ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, алімпіядах, конкурсах, займаюць прызавыя месцы  на спартыўных спаборніцтвах. У Княгінінскім дзіцячым садзе значная ўвага надаецца стварэнню здароўезберагаючых умоў. Невыпадкова ўсе наведвальнікі дашкольнай дзіцячай установы маюць асноўную групу па фізкультуры. Захоўваецца тэндэнцыя зніжэння паказчыка захворвання дзяцей. Натуральныя нормы харчавання выконваюцца на 89,5%. Намеснік галоўнага ўрача Мядзельскай ЦРБ Святлана Бароўка расказала пра работу Княгінінскай амбулаторыі агульнай практыкі, якая на добрым рахунку ў раёне. Тут пастаянна высокі паказчык ахопу насельніцтва рэнтгенафлюараграфічным абследаваннем. Для Княгініна характэрна ранняе ўзяцце цяжарных жанчын на ўлік. Пачынаючы з 2007 па 2016 год на ўрачэбным участку не было выпадкаў дзіцячай смяротнасці. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Падгол прааналізавала дзейнасць устаноў культуры Княгінінскага сельсавета. Падкрэсліла, што Княгінінская сельская бібліятэка была адным з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. У Год культуры яна стала пераможцай раённага конкурсу “Твая бібліятэка — твой стыль” у намінацыі “Адкрыты свет ідэй”. На працягу многіх год мэтанакіравана займаецца краязнаўчай дзейнасцю Выгалавіцкая бібліятэка-клуб. Другі год установа працуе па мэтавай праграме “Міласэрнасць”. Восаўская сельская бібліятэка цесна супрацоўнічае з людзьмі пажылога ўзросту. Удзяляецца тут увага і дзецям з “групы рызыкі”, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечных сем’ях. Прыярытэтныя накірункі Восаўскага сельскага клуба  — канцэртная дзейнасць, работа з пажылымі людзьмі, дзецьмі і падлеткамі. Пры ўстанове функцыянуюць 4 клубныя фарміраванні. А вось у Княгінінскім СДК, з-за адсутнасці творчых работнікаў, мерапрыемствы арганізоўваліся ў асноўным сіламі аўтаклуба. Карыстаючыся выпадкам, Ганна Мікалаеўна запрасіла жадаючых прыйсці на работу ва ўстанову культуры.
Першы намеснік начальніка раённага аддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Юрый Вашкінэль спыніўся на стане пажарнай бяспекі ў раёне і ў княгінінскім рэгіёне. Узгадаў леташні пажар у аг. Княгінін па вуліцы Зялёнай, у выніку якога з-за курэння ў нецвярозым стане загінуў гаспадар. Расказаў аб рабоце, якая праводзілася па абследаванні жыллёвых умоў адзінокіх, адзінока пражываючых грамадзян, мнагадзетных сем’яў, тых, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Са станоўчага боку ахарактарызаваў работу ў гэтым напрамку назіральнай камісіі сельвыканкама. Акрамя таго, падкрэсліў, што на многіх аб’ектах, асабліва ў ААТ “Пруднікі-Агра”, ёсць яшчэ шмат парушэнняў пажарнай бяспекі. Адказаў Юрый Іванавіч і на паступіўшае пытанне, якое тычылася ўстаноўкі пажарнай сігналізацыі ў Крывіцкім касцёле. Ён зазначыў, што ва ўсіх культавых установах, якія адносяцца да аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, у абавязковым парадку павінна быць устаноўлена аўтаматызаваная пажарная сігналізацыя.
Пытанняў да прадстаўнікоў службаў было падчас сустрэчы ў Княгініне не вельмі шмат. І гэта заканамерна, бо ўсе яны тут вырашаюцца сельвыканкамам на належным узроўні. Тым не менш, прысутныя змаглі паслухаць кіраўнікоў раённых структур, ад дзейнасці якіх залежыць жыццё і дабрабыт насельніцтва. І ў чарговы раз упэўніцца, што кіраўніцтва раёна не абыякавае да людскіх праблем і гатова да канструктыўнага дыялогу, вядома, калі такое жаданне ўзаемнае.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Плошча Княгінінскага сельсавета — 14949 га. У яго складзе 27 населеных пунктаў. У тым ліку: да 5 жыхароў — 9, ад 6 да 10 — 5, ад 11 да 50 — 9. Самыя буйныя населеныя пункты: Пашкоўшчына (108 жыхароў), Восава (223 жыхары), Выгалавічы (269 жыхароў). Адміністрацыйны цэнтр — аг. Княгінін (773 жыхары).
Колькасць насельніцтва (на 01.01.2017 г.) — 1608 чалавек. У тым ліку: працаздольнага — 872, старэй працаздольнага ўзросту — 597, інвалідаў I, II груп — 65, адзінокіх — 65, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — няма, непаўналетніх вязняў — 5. Пражывае 146 сем’яў, дзе выхоўваецца 187 непаўналетніх дзяцей. Мнагадзетных сем’яў — 11, дзе выхоўваюцца 44 дзіцяці. Самая высокая нараджальнасць за 10 апошніх гадоў — 2012 год (17 дзяцей). Усяго за 10 гадоў па сельсавету нарадзілася 127 дзяцей, памерла — 587 чалавек. У 2016 годзе зарэгістравана 12 нараджэнняў, 7 шлюбаў, 45 выпадкаў смерці.

На тэрыторыі сельсавета працуюць 9 магазінаў, бар “Хвілінка”, 5 устаноў культуры, храм Святой Жываначальнай Троіцы, аддзяленне ААБ “Беларусбанк” з інфакіёскам, паштовае аддзяленне сувязі, насельніцтва Выгалавічаў і Восава абслугоўваецца перасоўным аддзяленнем сувязі. У 24 населеныя пункты прыязджаюць аўтакрамы. Ёсць грамадская лазня. У Княгінінскай СШ займаецца 59 вучняў, 24 малышы наведваюць дзіцячы сад. 10 вучняў займаюцца ў класе баяна Будслаўскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў. У Княгінінскай амбулаторыі агульнай практыкі функцыянуе дзённы стацыянар на 5 ложкаў, штодзённа працуюць урач агульнай практыкі, стаматолаг, фельчар-акушэр, дзіцячая медсястра. Усе вёскі, дзе пражывае 10 і больш чалавек, ахоплены транспартнымі зносінамі. Многія карыстаюцца паслугамі чыгункі. Насельніцтва сельсавета забяспечваецца вадой з водаправоднай сеткі на 70%, з шахтавых калодзежаў — на 30%. Удзельная вага асвятлення ў Княгініне — 82% пры норме 80%. Асвятленне населеных пунктаў адпавядае сацыяльным стандартам. 



24 лютага 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   Рэчка Нарачанка        від на Мядзел Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси