“Галоўнае – умець працаваць з людзьмі”

УЖО 37 год Галіна Шалкоўская працуе ў аптэчнай галіне. Прафесію асвойвала ў Магілёўскім медыцынскім каледжы. Пачынала кар’еру і доўгі час працавала ў Браславе. А год восем яна стараецца на пасадзе фармацэўта-рэцэптара ў Мядзельскай цэнтральнай раённай аптэцы №131.
Праца ў Галіны Сцяпанаўны шматгранная: гэта і водпуск лекаў, як па рэцэпце, так і без яго. А калі патрэбна, то яна сама рыхтуе лекі.
— Праца фармацэўта за дзесяцігоддзі як, ці змянілася?
— Так, карэнным чынам. Пачынала яшчэ, калі лічыльнікі былі. А зараз у нас у аптэцы — камп’ютарны касавы комплекс. А вось пры вырабе лекаў нічога істотна не мяняцца: тыя ж парашкі, стопкі, песцік.
— Ці часта даводзіцца рыхтаваць лекі?
— Ужо не так часта, бо ўсё больш з’яўляецца гатовых. Пераважна рыхтуем лекі для дзяцей. Бо заводскія па складзе не заўсёды падыходзяць, бывае, трэба больш інгрэдыентаў, чым ёсць у гатовых.
Вядома, рыхтаваць лекі — гэта вельмі карпатлівая работа. Тут трэба быць вельмі ўважлівым і ўмець разлічыць дозу, бо ад тваіх дзеянняў залежыць здароўе чалавека.
Кажа Галіна Сцяпанаўна, што калектыў іх дружны і згуртаваны. Ды і праца ў яе цікавая. Чым?
— Найперш, кантактамі з людзьмі. Яшчэ тым, што пастаянна патрэбны новыя веды: у хіміі, фармакалогіі, гісторыі лекаў. Бо нярэдка прыходзяць пажылыя людзі, пытаюцца пра такія лекі, якія ўжо даўно не выпускаюць.
— Што галоўнае ў вашай рабоце?
— Ведаць увесь асартымент і ўмець працаваць з людзьмі, знайсці да іх падыход. Для гэтага расказваю пра лекі, якія прапануем.  Тлумачу, што беларускія столькі каштуюць, на імпартныя — такая цана. Расказваю, што для многіх катэгорый насельніцтва на беларускія лекі ўстаноўлена скідка.
— Галіна Сцяпанаўна — цудоўны і добры чалавек, які выдатна працуе, — расказала пра калегу загадчыца Мядзельскай цэнтральнай раённай аптэкі №131 Алена Захарэвіч. —  Яна заўсёды добразычлівая, ветлівая і тактоўная, а калі неабходна, то і патрабавальная. Словам, сапраўдны прафесіянал.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымку: фармацэўт-рэцэптар Галіна Шалкоўская за прыгатаваннем лекаў.
Фота аўтара.


24 лютага 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Кадры, Медыцына

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   img_4257     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси