Ірына Браслаўская. У індустрыі прыгажосці

Кажуць, родзічаў не выбіраюць. Ну і няхай. Затое цырульных спраў майстра кожны здольны вызначыць для сябе сам. Асабіста я — за прафесіяналізм і паважлівасць да кліента, за далікатнасць у адносінах і творчы падыход  да справы. Словам, я — за Ірыну Браслаўскую. Разумею, што гучыць, як рэклама, але ж гэта ўсяго толькі мой суб’ектыўны выбар, пра які і хацелася б расказаць…
У індустрыю прыгажосці Ірына прыйшла больш за дваццаць гадоў таму. Першыя крокі і ўвогуле рабіла ў дзяцінстве, спрабуючы руку на падвопытных ляльках. Потым практыкавалася на сябрах і родных, эксперыментавала з сабой. Як прафесіянал дэбютавала ў адной з мужчынскіх залаў Літвы. І гэта была не замежная стажыроўка, а першае месца працы юнай ураджэнкі суседняй краіны, якая на той момант і ведаць-не ведала, што зусім хутка ад яе заходняй прапіскі застануцца толькі ўспаміны. У выпрабавальныя дзевяностыя сям’я прыехала ў Беларусь, на радзіму бацькоў. Атабарыліся ў Мядзеле, бліжэй да татавай вёскі. Ірына ўладкавалася цырульнікам у Дом быту, выйшла замуж, нарадзіла сына… і пайшло-паехала. Праўда, у віхуры жыццёвых падзей майстар так і не забылася пра сваю запаветную мэту-мару — адкрыць уласную справу: перад вачамі была Літва — дзе цырульня на кожным кроку і амаль кожная прыватная.
У 2002-ым годзе Ірына Браслаўская пачала працаваць на сябе. Пры гэтым стрыгла-фарбавала, як кажуць, без адрыву ад вытворчасці: апантаная прафесіяй, сумяшчала з любімай справай і выхаванне нованароджанага дзіцяці, і гаспадарскія клопаты. І сёння ўзгадвае, як садзіла чатырохмесячнага сыночка побач з сабой ў каляску і чаравала над кліентамі. Рабіла так, бо разумела — адступаць няма куды, заварыла кашу — расхлёбвай. І яна старалася. Працавала і працуе так, што ў момант і не прыгадае, калі апошні раз брала адпачынак. Гэтак жа, як і не ўспомніць, як увайшла ў рэчышча справы, набыла кліенцкую базу. Кажа, усё само сабой ладзілася, а як агледзелася — то і някепска атрымліваецца. Майстар прызнаецца, што ніколі не разлічвала на прывабную рэкламу, а спадзявалася толькі на ўласнае майстэрства і задаволеных кліентаў — тое самае сарафаннае радыё, у праўдзівасці і аператыўнасці з якім па сённяшні дзень не можа параўнацца нішто.
Дарэчы, прыроджаная сціпласць і самакрытычнасць, як па мне, дык толькі  ўпрыгожваюць прафесіянала. Падкупляе і вытанчанасць у адносінах з людзьмі. “Кліента ўсё роўна не пераканаеш, — дзеліцца Ірына. — Яму хоць кол на галаве чашы, хоць рабі на ёй супер-модную прычоску — не дакажаш.  Дык навошта псаваць чалавеку настрой? У наступны раз сам прыслухаецца”.
— Цікава, а хто больш патрабавальны да знешнасці — мужчыны ці жанчыны? — пытаюся.
— У колькасным вымярэнні, напэўна, больш прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Але калі мужчына педант — то гэта цяжкі і непапраўны выпадак.
— Ірына, дарэчы, наколькі мядзяльчане паспяваюць за часам і што сёння ў модзе ў плане прычосак і колераў?
— Ва ўсе часы перавага была і будзе за здаровымі валасамі. Калі ж больш канкрэтна — то зараз у трэндзе яркія чырвоныя адценні. А што датычыцца мядзяльчан, то, здаецца, некаторыя моду нават апярэджваюць — прыносяць з інтэрнета такія прычоскі, што ні ў маёй галаве не ўкладваюцца… ні на іх.
— А сябе каму давяраеце, калі не сакрэт?
— Працую з многімі цырульнікамі, у тым ліку і ў Мядзеле.
— …а як жа зайздрасць і канкурэнцыя?
— Ну што вы (усміхаецца – аўт.)… Мы ўсе сябруем і лічым, што партнёрскія адносіны паміж цырульнікамі толькі на карысць: і нам — майстрам, і кліентам.
Юлія КАЗЛОВА.
На здымку: Ірына Браслаўская.
Фота Аляксандра Высоцкага.


24 лютага 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы Сядзіба Максіма Танка  06-012 1-12

Пабрацімы Мядзела