Два таленты Марыі | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Два таленты Марыі

І раз, і другі, калі наведвалася ў раённую бібліятэку, чула наступнае:
— Цікавячая вас кніга “на руках”. Жадаючых пачытаць яе многа. Чакайце.
На трэці раз пашанцавала. І вось трымаю ў руках новае выданне з серыі ЖЗЛБ (жыццё знакамітых людзей Беларусі). На вокладцы назва: “Марыя Захарэвіч. Талент, адухоўлены любоўю” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”). У кнігу ўвайшлі расказы, успаміны, інтэрв’ю, вершы,  прысвечаныя жыццю і творчасці нашай зямлячкі — народнай артысткі Беларусі Марыі Георгіеўны Захарэвіч, адной з самых яркіх зорак нацынальнай сцэны, тэлебачання, кіно, радыё. Успамінуў яе калег, сяброў, паэтаў і пісьменнікаў, землякоў…
Праз змест кнігі праходзяць дзяцінства, родная хата ў вёсцы Навасёлкі, бацькі, юначыя сцежкі, вучоба “на артыстку”, выхад на сцэну, шматлікія спектаклі і ролі, шчырасць і адданасць, творчы ўзлёт да зорнай вышыні, усенародная любоў.  На першай старонцы ва ўступным слове Янкі Брыля чытаем:  “…І для мяне яна заўсёды адтуль,  дзе ўпершыню прагучала натхнёнае слова Танка, дзе на дваццаць гадоў пазней і я некалькі летаў падрад захапляўся раскошнай прыгажосцю азёрнага краю разам з яго песняром. Яна і адтуль, дзе ўбачылася ўпершыню, — на Купалаўскай сцэне. Крыху па-вясковаму сарамлівая, нават нібы вуглаватая ад хвалявання, але ж і непаўторна абаяльная красуня-нарачанка, пра якую і падумвалася ў адзіноце, і хораша пагаварылася з Мележам, у ранняй п’есе якога яна сімпатычна дэбютавала. Год за годам, вобраз за вобразам — у тэатры, на тэлебачанні, у кіно, па радыё. Настойлівае творчае сталенне, уваход у заслужаную народнасць. Знаёмства, сустэчы, прыемныя гутаркі, ад якіх  святлела на душы. Мы любім Вас, Маша, і нас вельмі многа, і вы пра гэта ведаеце сама”.
Наступная старонка пад загалоўкам “Маленства і юнацтва сцежкі” распачынаецца цікавым, захапляючым расповедам пісьменніка Уладзіміра Ліпскага  (раздзелы з кнігі “Нарачанская чайка”).  Пра бацьку Юрку Захарэвіча, які ўсё жыццё слугаваў роднай зямельцы, верай і праўдай быў ёй адданы, пра маці Ганэту, якая вечна трымалася свайго гнязда, любіла чысціню і парадак, хлеб выпякала адмысловы, ніколі не павышала голас ні на мужа, ні на дачку, умела пісаць і чытаць, на памяць ведала вершы Пушкіна, была набожнай жанчынай, малітвам навучыла і дачку Маруську. Вось некаторыя ўрыўкі:
“Маладыя (Юрка Захарэвіч і Ганэта Хвалько) павянчаліся ў Мікасецкай царкве, недалёка ад Навасёлак. Перад іконай Божай Маці пакляліся быць вернымі. Гэты запавет яны сумленна выканалі. Паабяцалі слаўна прадоўжыць род Захарэвічаў-Хвалько. І гэта спраўдзілі.  Праз год у іх нарадзілася дачка. Бацька захацеў, каб яе назвалі Марыяй. Яго довад быў просты: вянчаліся перад іконай Святой Багародзіцы Марыі. Хай жа і наша зямная дачушка будзе Марыяй… Ды і хросная маці — Марыя…”.
“Пасля вайны Захарэвічы (іх хата згарэла) засталіся голыя і босыя, без наедкаў, без свайго жытла. Спачатку іх прытуліў дзед Іван. Але ў іхняй хаце было многа людзей, не павярнуцца, хоць ты стоячы спі. І тады Юрку, Ганэту і малую Маруську запрасілі да сябе суседзі Зося і Сяргей Скурко. Вылучылі для іх маленечкі, вузенькі пакойчык-катушок. А ў ім — ні мукі пылінкі, ні солі драбінкі. І паехалі Ганэта з Марыляй жабраваць. Наведвалі вёскі, якія не згарэлі. Людзі, бедныя і галодныя, дзяліліся апошнім. У Марыі Георгіеўны захаваўся запіс маміных успамінаў. Іх балюча чытаць, нібы ступаеш на гарачыя асколкі”.
“Маміна ватоўка — самы модны ўбор пасляваеннай дзяўчынкі Марусі Захарэвіч. У ім выправілі дачушку ў школу. Пазней цётка Наташа паліто перашыла пад пляменніцу. А мама з вянчальнай сукенкі  зрабіла ёй шыкоўную кофтачку. Панчохі звязала. У такім уборы Маруся доўга фарсіла”.
“У гуртках самадзейнасці  Маша Захарэвіч была актывісткай ці не з першых класаў. Чытала вершы, спявала. Іграла ролі ў драмгуртку. На школьнай сцэне выступала ў Мядзеле. У Навасёлках давалі канцэрт у хаце Ціханавых. А калі пачала хадзіць у хор Мядзельскага раённага клуба, якім  кіравала Соф’я Ходас, то ездзілі з канцэртамі ў блізкія і далёкія вёскі. Туды завязуць — раніцай кіламетраў пятнаццаць пехам дамоў”.
“Артыстычныя здольнасці Марыі прыкмеціў настаўнік нямецкай мовы, кіраўнік драмгуртка Канстанцін Карнеевіч Дудак… Не прыкмеціць Машы проста не мог. Яна квітнела краскай лугавой, мела голас   артыстычны, любіла і ўмела спяваць, адчувала мастацкае слова. Казала: “Усё гэта ад мамы”.
“Маша Захарэвіч ехала ў Мінск у перапоўненым аўтобусе. Яе ўзвышаныя думкі пра чаек, неба і каханне хутка прызямліліся. Яна пазірала на лясы, пералескі, палеткі, якія праплывалі за акном, і думала ўжо толькі пра экзамены. Трэба іх вытрымаць, здаць і паступіць у інстытут, бо сорамна будзе перад усімі: і перад бацькамі, і перад навасёлкаўцамі, і перад настаўнікам Дудакам, і перад аднакласнікамі, і перад чайкамі… Акрыленай чайкай вярталася ў свае Навасёлкі. Паступіла! Прынялі! Яна — студэнтка! Пачуцці перапаўнялі яе душу”.
Гэта толькі кароценькія ўрыўкі з захапляючага апавядання. Далей –цікавыя расказы-ўспаміны землякоў: народнага мастака Беларусі,  прафесара Васіля Шаранговіча, Надзеі Мішчанкі (суседкі, сяброўкі, ураджэнкі вёскі Навасёлкі, былога дырэктара Вузлянскай школы, выдатніка народнай асветы), навуковага супрацоўніка БДУ Віктара Каратая, хормайстра Стэлы Івановай. Гэта новыя штрыхі жыцця, унутранай  абаяльнасці, спагаднага і творчага дару Марыі Захарэвіч. Расповеды падрабязныя, захапляльныя, ад якіх, шчыра кажучы, проста не адарвацца…
Наступныя раздзелы “Любоўю апавітая”, “Несці людзям веру і надзею”, “Сэрца, напоўненае дабрынёй”, “Жыць лёсам Беларусі”, “Прысвячэнні” —  і зноў шчырыя прызнанні знакамітых людзей у любові да двух талентаў Марыі Захарэвіч — таленту творчага і таленту не менш важнага, чалавечага, яе прыроднага зярняці — заўсёды і ва ўсім заставацца Чалавекам з вялікай літары. Жанчынай, Маці, патрыёткай роднай зямлі. Сімвалам Часу, сэнсу Жыцця. Белакрылай чайкай. Зоркай Беларусі.
Прыгожай тварам і душой,  здольнай, інтэлігентнай і мудрай бачыцца народная артыска Марыя Захарэвіч і ў расказах-успамінах доктара мастацтвазнаўства, прафесара, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Рычарда Смольскага, заслужанага дзеяча мастацтваў драматурга Аляксея Дударава, а таксама Мікалая Пінігіна, Ніны Загорскай, Алены Рынковіч, Зіновія Прыгодзіча,  Анатоля Акушэвіча, Наталлі Гайда, Міколы Шабовіча, Сяргея Законнікава, Валянціны Паліканінай, Сяргея Давідовіча і многіх іншых паэтаў, публіцыстаў, артыстаў, вядомых людзей творчага асяроддзя. Асобна хацелася б адзначыць расказ пісьменніка, дзяржаўнага дзеяча, дыпламата Анатоля Бутэвіча. Са шчымлівым пачуццём гаворыць ён пра навукова-творчую экспедыцыю “Дарога да святыняў” з Дабрадатным Агнём ад  Труны Гасподняй (у рамках свята Дня беларускага пісьменства). У розныя гады склад экспедыцыі мяняецца, ды нязменным застаецца ўдзел М. Г. Захарэвіч.  Ніякія іншыя клопаты, ніякія неадкладныя справы, нават збоі ва ўласным здароўі не затрымліваюць яе, не замінаюць выправіцца да святыняў:  да людзей, да шчырасці чалавечых стасункаў,  да натхнення і радасці. Падчас падарожжа яна не адмаўляецца ні ад якіх сустрэч са старымі, хворымі, нямоглымі людзьмі, з дзеткамі, пакінутымі бацькамі, пакрыўджанымі лёсам. У храмах шчыра моліцца за іх разам з іншымі прыхаджанамі.
Кожная старонка (а іх у кнізе больш за паўтары сотні) нясе ў сабе цяпло, святло і радасць ад пазнання адметнага жыцця і творчасці знакамітага чалавека, нашай зямлячкі — гордасці і славы Мядзельшчыны і ўсяе Беларусі. Дарэчы, тут сабрана далёка не ўсё, што сказана пра М. Г. Захарэвіч. У розныя гады шмат пісала пра яе і раённая газета. Марыя Георгіеўна была ганаровай госцяй у творчай гасцёўні “Нарачанскай зары”. Вялікі нарыс пра яе ёсць у кнізе “Той бераг далёкі” галоўнага рэдактара, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Паўла Жукава.
Засталося дадаць, што  выданне новай кнігі (лістапад 2016 г.) прысвечана чарговаму юбілею Марыі Захарэвіч.  Пра геніяльнасць і мудрасць, артыстычнасць і прыгажосць сапраўднай каралевы сцэны сведчаць не толькі расказы, але і шматлікія фотаздымкі: то на сцэне, то з артыстамі тэатра імя Янкі Купалы, то падчас творчых сустрэч, паездак, дабрачынных акцый…  Вялікая, карпатлівая, самаадданая творчая праца па зборы матэрыялаў і ўкладанні “залацінак” у агульнае  літаратурна-мастацкае выданне належыць Соф’і  Жыбулеўскай (ёй вялікае дзякуй).  І…Vivat, Марыя! Шлём нізкі паклон,  жадаем жыццёвага і творчага даўгалецця, а ў дадзеным выпадку  —  шматлікіх зацікаўленых чытачоў кнігі.
В. Яфімава.
г. Мядзел.


17 лютага 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы Касцёл у Шэметава   Царква ў Крывічах 0-170

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси