Афганістан баліць у душы | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Афганістан баліць у душы

ПАЗАЎЧОРА наша краіна адзначала Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. З гэтай нагоды і ў Мядзеле ў гарадскім Доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства. Тут, акрамя афганцаў, сабраліся вучні ўстаноў адукацыі райцэнтра, прадстаўнікі працоўных калектываў, жыхары горада. Але члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” памятныя мерапрыемствы пачалі раней. У аўторак воіны-інтэрнацыяналісты традыцыйна наведалі магілу загінуўшага на вайне ў далёкай краіне Івана Аніські. А перад урачыстым мерапрыемствам аддалі даніну памяці і ўсклалі вянок да памятнага знака “Воінам-інтэрнацыяналістам, якія выканалі свой воінскі доўг”, наведалі музей Народнай славы, дзе ў гэты дзень адкрылася выстава “Ад гімнасцёркі да афганкі”. Выстава заслугоўвае асобнай увагі. І перш за ўсё тым, што сабраныя і прадстаўленыя экспанаты — справа аднаго чалавека. А менавіта Валерыя Хацяновіча, які выкладае фізічную культуру і здароўе ў Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі. Вось што ён расказаў:
— Тут выстаўлена ваенная форма адзення ўзору савецкага часу (радавога і афіцэрскага складу) і канкрэтна таго перыяду, калі адбываліся ваенныя дзеянні ў Афганістане — парадная, паўсядзённая, палявая. Ёсць плакаты, сімволіка, шаўроны, пагоны. Тут і сцяг Савецкага саюза, і ВДВ, які мне прывезлі з Віцебска. Кожны экспанат мае сваю гісторыю і каштоўнасць. Напрыклад, вось шаўрон, які належаў брату нашага афганца Паўла Панкратовіча. Брат служыў на Паўночным флоце, ну а яго форма чакае свайго часу (у наступным годзе будзе адзначацца стагоддзе Узброеных сіл, і планую, што выстава значна пашырыцца і атрымаецца прасачыць гісторыю развіцця ваеннай формы за ўвесь перыяд). Прыемна, што людзі адгукаюцца і самі прапаноўваюць экспанаты. І такіх людзей становіцца больш. Сваю форму мне перадаў старшыня раённага грамадскага аб’яднання “БСВВА” Юрый Мяркулаў, тут жа і парадная шынель з фуражкай, якія прадаставіў райваенком Алег Радкевіч. А пачыналася ўсё з афіцэрскай фуражкі лётчыка, якую мне ў восьмым класе падараваў кадравы ваенны, ураджэнец маёй роднай вёскі Пруднікі Віктар Савельевіч Якубовіч…
Выстава будзе працаваць да 24 лютага ўключна, таму, калі каго цікавіць яе тэма, можна скарыстацца ўнікальнай магчымасцю і дакрануцца да гісторыі, часцінкі якой старанна збіраюцца і захоўваюцца вось такімі мясцовымі аматарамі.
Урачыстае мерапрыемства адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Вайнілка. Ён павіншаваў воінаў-інтэрнацыяналістаў з 28-й гадавінай вываду савецкіх войск з Афганістана, пажадаў дружнаму воінскаму афганскаму братэрству Мядзельшчыны, якое асабіста ведае кошт мірнага неба, моцнага здароўя, поспехаў у жыцці і ў працы. Падзякі ад старшыні райвыканкама за актыўны ўдзел у рабоце раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БСВВА” атрымалі Павел Панкратовіч, Сяргей Карытцаў і Міхаіл Захарэвіч.
Старшыня раённага грамадскага аб’яднання “БСВВА” Юрый Мяркулаў, звяртаючыся да прысутных у зале, адзначыў, што менавіта на плечы воінаў-інтэрнацыяналістаў кладзецца груз адказнасці за патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, які некалі неслі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, апошніх засталося вельмі мала, таму пра жахі вайны і каштоўнасць міру цяпер могуць расказваць менавіта афганцы. Юрый Мікалаевіч заклікаў іх да больш актыўнай работы, не саромецца сустракацца са школьнікамі, расказваць пра тое, з чым ім давялося сутыкнуцца ў жыцці. Пакаленне, якое не ведае сваіх герояў, на думку афганца, цяжка выхоўваць патрыётамі. Самых жа актыўных членаў грамадскага аб’яднання, а таксама тых, хто прымае актыўны ўдзел у агульных грамадскіх справах, кіраўнік арганізацыі адзначыў узнагародамі. Медалі і памятныя знакі атрымалі падпалкоўнік запасу ў адстаўцы, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Пётр Райчонак, а таксама Іван Дуброўскі, Валерый Хацяновіч, Анатолій Сідарэнка, Іосіф Варанец, Аляксандр Штура і Уладзімір Гульцяеў.
Слова на ўрачыстым мерапрыемстве меў і ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровы грамадзянін Мядзельскага раёна Міхаіл Гардон. Асабліва пранізліва прагучалі яго словы пра тое, што з узростам падзеі той далёкай вайны з новай сілай накатваюць ва ўспамінах. І нікуды ад іх не дзецца. Як нікуды не дзенуцца ад сваіх успамінаў і афганцы. Але самае галоўнае, што пра гэта якраз такі і нельга забываць, каб захаваць мір сёння. Міхаіл Гершэнавіч выказаў надзею, што воіны-інтэрнацыяналісты з годнасцю працягнуць слаўныя традыцыі ветэранаў яго вайны, будуць удзельнічаць у патрыятычным выхаванні маладога пакалення, каб дзеці выраслі такімі ж мужнымі, смелымі і адказнымі, як і іх бацькі, дзяды, прадзеды.
Па добрай традыцыі менавіта ў гэты дзень лепшых навучэнцаў устаноў адукацыі горада прынялі ў рады грамадскай арганізацыі “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Значкі і білеты ГА “БРСМ” атрымалі дзевяць хлопцаў і дзяўчат. Цырымонію ўзнагароджання правялі першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марына Апанасёнак і старшыня раённай арганізацыі ГА “БСВВА” Юрый Мяркулаў.
Граматай раённага аб’яднання прафсаюзаў былі адзначаны энтузіязм і падзвіжніцтва воінаў-інтэрнацыяналістаў ў высакароднай справе добраўпарадкавання і аднаўлення вайсковых пахаванняў, помнікаў і памятных знакаў. Яе старшыні грамадскага аб’яднання “БСВВА” уручыла Таццяна Хацяновіч, кіраўнік раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Больш падрабязна з грамадскай дзейнасцю афганскай арганізацыі можна было пазнаёміцца падчас дэманстрацыі відэапрэзентацыі. Спраў зроблена сапраўды шмат, як і ёсць шмат задум на далейшае, што сведчыць пра неабыякавасць воінаў-інтэрнацыяналістаў да гісторыі, выхавання моладзі і лёсу нашай радзімы.
Застаецца толькі дадаць, што святочны настрой песнямі, танцамі і вершамі на мерапрыемстве дапамагалі ствараць Ірына Мазалеўская, Пётр Аміраў, Пётр Маўчан, Ірына Квяткоўская і юныя “зорачкі” — артысты Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў.
Іна ЯРЧАК.
На здымках: 1. Падчас ускладання вянка да памятнага знака “Воінам-інтэрнацыяналістам, якія выканалі свой воінскі доўг”; 2. Падзякі старшыні райвыканкама атрымалі Павел Панкратовіч, Сяргей Карытцаў, Міхаіл Захарэвіч; 3. На выставе “Ад гімнасцёркі да афганкі”; 4,5. Моманты канцэрта.
Фота Аляксандра Высоцкага.


17 лютага 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства, Культура

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай 84 Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси