“Мінская лыжня-2017”

ЧАРГОВЫМ спартыўным святам на тэрыторыі сталічнай вобласці стала ў мінулую суботу Мінская лыжня-2017. Праводзілася яна на базе сэрвіснага цэнтра “Веста”, што ў Дзяржынскім раёне. Думаецца, ад такога аб’екта не адмовіўся б ніводзін рэгіён, за выключэннем, мабыць, Лагойскага, дзе ёсць знакамітыя “Сілічы”. Тут ён, канечне, куды больш сціплы, аднак таксама можна ад душы пакатацца і на сноўбордах, і на цюбінгах, і, канечне, на лыжах. Першыя ва ўтульным пункце пракату выдавалі на гадзіну са спецыяльнымі чаравікамі за 6,5 рубля, на дзве — за восем, а можна ўзяць і на цэлы дзень — за дваццатку. Цюбінгі (надзіманыя санкі), хаця нічога хітрага ў іх няма, даражэйшыя, за дзве гадзіны — 11 рублёў. Мабыць, яны хутчэй прыходзяць у непрыгоднасць з-за павышанай нагрузкі, асабліва, калі з самай вяршыні схілу на іх “навальваецца” і нясецца імкліва да падножжа гары пара дзябёлых хлопцаў, што забараняецца. Ва ўсялякім разе такі малюнак, не зважаючы на папярэджанні інструктараў, даводзілася бачыць неаднойчы. Апрача ўсяго іншага ёсць гатэль, медыцынскі цэнтр, рэстараны і кафэ, канферэнц-залы, іншыя спартыўныя пляцоўкі. Месца зручнае, побач праходзіць траса Брэст — Масква. Вось у такой мясціне і сабраліся каманды з усіх куткоў Міншчыны паспаборнічаць у спрыце і майстэрстве. Калі сказаць крыху пра надвор’е, то яно не вельмі спрыяла аматарам здаровага ладу жыцця. Марозік быў невялічкі, аднак дыскамфорт на адкрытай мясцовасці ўносілі пранізлівы ветрык з поўначы ды высокая вільготнасць паветра. Праўда, бліжэй да абеду на радасць шматлікім удзельнікам мерапрыемства пацяплела. Як правіла, каманды сілавікоў, структурных падраздзяленняў аблвыканкама, раённых і Жодзінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, іх балельшчыкі былі ў аднолькавай спартыўнай форме. Па меркаванні майго калегі з “Нясвіжскіх навін” Дзмітрыя Яшчанкі, у мядзяльчан яна адна з самых прывабных.
Варта сказаць, што настрою ўдзельнікам зімовага свята дабаўлялі розныя ансамблі, якія з імпэтам выконвалі народныя і эстрадныя песні. А непадалёку разгарнулі палявую кухню вайскоўцы, якія частавалі ўсіх жадаючых салдацкай кашай з ячных альбо грэцкіх круп. Бясплатна. Гэтак жа, як і гарачым чаем. Хто хацеў чай, каву ці штосьці іншае за грошы, мог набыць розныя прысмакі ў працуючых пад дахам гандлёвых кропках грамадскага харчавання. Неўзабаве ўсе каманды выстраіліся ля падножжа горналыжнага схілу. Начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Яўген Булойчык адрапартаваў намесніку губернатара Міншчыны Віктару Сірэнку аб гатоўнасці да спаборніцтваў. Віктар Іванавіч звярнуўся да прысутных з вітальным словам, зрабіўшы пры гэтым акцэнт на перавагі ў нашых паўсядзённых буднях здаровага ладу жыцця. Ды яшчэ пажадаў усім удзельнікам абласнога свята станоўчых эмоцый, добрага настрою і яркіх уражанняў. Затым галоўны суддзя спаборніцтваў Іван Мокшын аб’яўляе спартыўнае мерапрыемства адкрытым, гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь. Першымі на старт выйшлі каманды сілавікоў і структурных падраздзяленняў аблвыканкама. У кожнай — па чатыры чалавекі. Пасля таго, як яны завяршылі эстафету, надышла чарга раёнаў. Нашаму дастаўся нумар 14, пад якім і стартаваў ад азёрнага краю намеснік старшыні райвыканкама Віктар Сіськевіч, ён перадаў эстафету начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вячаславу Клімовічу, а той — начальніку аддзела арганізацыйна-кадравай работы Таццяне Хацяновіч. Заключаў выступленне каманды Мядзельшчыны старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка. Тут трэба патлумачыць, што згодна з умовамі спаборніцтваў, на лыжню павінны былі выходзіць начальнікі падраздзяленняў або намеснікі старшыні райвыканкама, а на заключны этап у абавязковым парадку — старшыня райвыканкама ці старшыня раённага Савета дэпутатаў. Хто гэтага не прытрымліваўся — выступаў па-за конкурсам. У прыватнасці, каманда Маладзечанскага раёна, якая фінішавала першай, аднак у кагорту пераможцаў так і не патрапіла.
Цяпер пра вызначаных судзейскай брыгадай чэмпіёнаў “Мінскай лыжні-2017”. Першае месца сярод сілавікоў заняла каманда абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях, а структурных падраздзяленняў аблвыканкама — галоўнага фінансавага ўпраўлення. Сярод раёнаў на самую верхнюю прыступку п’едэстала гонару сардэчна запрасілі прадстаўнікоў Лагойшчыны, на другім месцы каманда Жодзінскага гарвыканкама і на трэцім — Стаўбцоўскага райвыканкама. Усе яны адзначаны кубкамі і дыпломамі. У намінацыі “За волю да перамогі” заахвочаны таксама каманды Уздзенскага райвыканкама і галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама. А яшчэ Віктар Сірэнка ўручыў каштоўныя падарункі самым сталым удзельнікам эстафеты — Ларысе Лысовай са Слуцка і Аляксандру Шуцько з Крупак. І хаця на гэты раз наша дэлегацыя вярталася дадому без узнагарод, настрой ва ўсіх быў не благі. Па наяўнай інфармацыі, каманда паказала вынік, блізкі да сярэдзіны турнірнай табліцы. Значыць, далёка не апошнія, хаця і выступалі звычайныя аматары бегу на лыжах. Як заўважыў Алег Бароўка, уражанне ад выступлення ў яго асабіста станоўчае і навявае аптымізм у тым сэнсе, што калі члены каманды добра патрэніруюцца, то ў недалёкай перспектыве і яна зможа ўзняцца на п’едэстал гонару, апынуцца ў ліку абласных прызёраў.
Павел ЖУКАЎ.
На здымках: 1. Дэлегацыя Мядзельшчыны на Мінскай лыжні-2017 на чале са старшынёй райвыканкама Анатоліем Вайнілкам; 2-6. Моманты зімовага спартыўнага свята ў сэрвісным цэнтры “Веста”.
Фота аўтара.


16 лютага 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Спорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

возера Мястра Лебедзі на Нарачы _06-040

Пабрацімы Мядзела