ПЛЁН СУМЕСНЫХ І ЗАЦІКАЎЛЕНЫХ ДЗЕЯННЯЎ

НАБЫТКІ падраздзяленняў і службаў раённага аддзела ўнутраных спраў па выніках мінулага  года яскрава сведчаць наконт прыкметнага аздараўлення крымінагеннай абстаноўкі ў азёрным краі, узмацнення абароны грамадзян і дзяржаўных інтарэсаў ад злачынных замахаў. Мэтанакіраваная рэалізацыя прафілактычных мерапрыемстваў ва ўзаемадзеянні з іншымі зацікаўленымі структурамі дае свой плён. Узровень ліхадзейства ў нас застаецца адным з самых нізкіх на Міншчыне. Так, у разліку на дзесяць тысяч жыхароў ён складае 85,4, у той час, як сярэднеабласны паказчык — 121,6. Такі факт прагучаў на пашыраным пасяджэнні райвыканкама напрыканцы мінулага тыдня пры абмеркаванні леташніх вынікаў работы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на тэрыторыі Мядзельшчыны і задач на 2017 год. З падрабязным дакладам па гэтым актуальным пытанні выступіла намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева, яе дапоўнілі начальнік РАУС Андрэй Мініч і пракурор раёна Іван Малафей.
У мінулым годзе, у параўнанне з папярэднім, адбылося зніжэнне колькасці крымінальных злачынстваў. Маюцца на ўвазе крадзяжы, хуліганствы, разбоі, махлярствы, з шасці да аднаго скарацілася прычыненне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Пашчасціла абысціся без забойстваў. Аднак, да поўнага задавальнення службай праваахоўнікаў яшчэ далекавата. Хаця спраў па лініі крымінальнага вышуку і паменела на 14,9 працэнта, затое больш адбылося рабаўніцтваў, угонаў, выпадкаў незаконных дзеянняў у адносінах да агнястрэльнай зброі. Прытым, большасць усяго гэтага негатыву ўчынялася асобамі “пад мухай”. Такая сітуацыя патрабуе ад аддзела ўнутраных спраў актывізацыі работы па прафілактыцы п’янства, накіраванні грамадзян, якія пакутуюць на алкагалізм, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Калі ўзяць па рэгіёнах, то найбольш злачынстваў зарэгістравана ў райцэнтры — 61 або 26,4 працэнта ад усёй іх колькасці, 38 — на тэрыторыі Нарацкага сельскага Савета дэпутатаў, 23 — Мядзельскага, 18 — Свірскага, па 16 — Крывіцкага і Будслаўскага.
Вялікая ўдзельная вага ва ўсіх агульнакрымінальных злачынствах прыпадае на крадзяжы. За апошні год іх стала менш на шаснаццаць. Найбольшы ўклад у станоўчую статыстыку ўнеслі наш горад і Будслаўскі сельсавет. У той жа час ёсць падстава казаць пра ўсплёск зладзейства на тэрыторыях Мядзельскага і Свірскага сельскіх Саветаў — у кожным з чатырох выпадкаў — да дзевяці. Не можа не турбаваць і невялікая колькасць устаноўленых асоб, якія ўчынілі такія супрацьпраўныя дзеянні. Толькі па Сваткаўскім сельсавеце іх выяўлена 75 працэнтаў, а па ўсіх астатніх — куды менш. У прыватнасці, па Княгінінскім толькі 25, Будслаўскім — 22,2 працэнта, а па Слабадскім і наогул па трох крадзяжах не знойдзены ніводны вінаваты. Не зважаючы на прымаемыя меры, пагоршылася эфектыўнасць работы і па раскрыцці злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку — з 57,4 да 54 працэнтаў. Для выпраўлення сітуацыі, як запэўніў Андрэй Мініч, распрацаваны шэраг арганізацыйна-практычных мер, якія будуць ажыццёўлены сёлета.
Не губляе сваёй злабадзённасці прафілактыка правапарушэнняў. Усім вядома, што злачынства лягчэй папярэдзіць, чым раскрыць. Станоўчую ролю ў стрымліванні крымінальных учынкаў у грамадскіх месцах адыгрывае наяўнасць сістэм відэаназірання. Зараз імі на тэрыторыі раёна абсталяваны 143 аб’екты розных формаў уласнасці. У спісе, які зацверджаны рашэннем абласнога выканаўчага камітэта, іх сорак, і ўсе яны ў абавязковым парадку павінны быць аснашчаны камерамі відэаназірання. На сёння з яго застаўся неабсталяваным усяго адзін — скрыжаванне аўтадарог па вуліцы Юбілейнай і Ленінскай у Мядзеле, адказная асоба — дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Чарняўскі. Ёсць пытанні і па райПО, дзе план па тэхнічным ўмацаванні гандлёвых кропак на 2016 год выкананы не ў поўным аб’еме. У адрас кіраўнікоў гандлёвых арганізацый ўнесена 61 прадстаўленне аб ухіленні прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню правапарушэнняў, складзена дзевяць пратаколаў за непрыняцце прадпісаных мер. А іх ігнараванне да дабра не даводзіць. Летась зарэгістраваны крадзёж таварна-матэрыяльных каштоўнасцей з магазіна таварыства “Занарацкі” ў вёсцы Занарач. Учыніў яго ў мінулым снежні каля дваццаці трох гадзін мясцовы жыхар. Як высветлілася, трапіў у краму праз акно, ахоўнай сігналізацыі там не было, а тэхнічная ўмацаванасць не адпавядала патрабаванням. Добра, што ўстанавілі зламысніка. У іншым выпадку кіраўніка, матэрыяльна адказную асобу судовы орган па прадстаўленні пракуратуры мог бы абавязаць кампенсаваць нанесены ўрон.
Адным з важных напрамкаў дзейнасці праваахоўнікаў з’яўляецца папярэджанне і раскрыццё крадзяжоў у аграпрамысловым комплексе. Летась у раёне іх не зарэгістравана ніводнага. Ды заспакойвацца не выпадае, бо не выкаранены прычыны, якія спрыяюць разбазарванню таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. Маюцца на ўвазе нездавальняючая арганізацыя аховы аб’ектаў, кепская іх тэхнічная ўмацаванасць, кволая агароджа тэрыторыі. Мабільныя групы РАУС у ходзе маніторынгаў выявілі за мінулы год дваццаць чатыры выпадкі, калі вартаўнікі адсутнічалі на рабочых месцах. За непрыняцце мер па ўхіленні недахопаў у адносінах да адказных асоб гаспадарак складзена дваццаць восем адміністрацыйных пратаколаў. Яшчэ сорак — за знаходжанне людзей у рабочы час на вытворчасці ў нецвярозым стане. Прыцягнуты да адказнасці і паўтара дзясятка вадзіцеляў з аграпрамысловага комплексу, якія знаходзіліся за рулём “пад мухай”. Нямала таксама і фактаў разукамплектавання тэхнікі ў таварыствах. Іх не выяўлена толькі ў ААТ “Сваткі”, “Мядзельскае аграпрамэнерга” і СГФ “Дзягілі”. Як і варта таго чакаць, дзеянням усіх вінаватых у такой безгаспадарчасці па выніках праверак будзе дадзена прававая ацэнка.
На працягу мінулага года супрацоўнікамі міліцыі выяўлена шаснаццаць эканамічных злачынстваў. У гэтым пераліку службовыя падлогі, парушэнні правілаў аб здзелках з каштоўнымі металамі і адзін выпадак прысваення альбо растраты. З шаснаццаці да дваццаці трох павялічылася колькасць учыненых дарожна-транспартных здарэнняў, значна больш стала і пацярпеўшых у іх грамадзян. У пэўнай меры пагаршэнне сітуацыі з аварыйнасцю можна растлумачыць “укладам” іншагародніх жыхароў. На іх рахунку ажно дванаццаць дарожна-транспартных здарэнняў, што ў два разы больш, чым год таму, у якіх адзін чалавек загінуў і дваццаць адзін паранены…
Адным з асноўных крытэрыяў ацэнкі эфектыўнасці работы органаў унутраных спраў з’яўляецца рэйтынг сацыяльнага даверу грамадзян. У ходзе праведзенага штабам Міністэрства ўнутраных спраў ананімнага анкетавання ў лістападзе мінулага года высветлілася, што ў цэлым насельніцтва азёрнага краю станоўча ўспрымае меры, якія прымае РАУС па падтрымліванні правапарадку. 33,3 працэнта апытаных рэспандэнтаў выказалі поўны давер супрацоўнікам міліцыі, яшчэ 32,7 — на пытанне “Ці давяраеце Вы міліцыі свайго горада (раёна)?” адказалі: “хутчэй так, чым не”. Тым не менш, як бачна па гэтых лічбах, праваахоўнікам яшчэ ёсць над чым працаваць. Выказвалася меркаванне і наконт таго, што ў справе прафілактыкі злачыннасці больш эфектыўна неабходна выкарыстоўваць магчымасці саветаў грамадскіх пунктаў і маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, добраахвотных дружын. Калі ж браць увогуле, то, як адзначыў Іван Малафей, станоўчых тэндэнцый у справе ўмацавання правапарадку на тэрыторыі раёна нашмат больш, чым мелася ў папярэднім годзе. Наколькі можна меркаваць, павелічэнню прагрэсіўных набыткаў у перспектыве паспрыяе і разгорнутае рашэнне райвыканкама па абмеркаваным пытанні. Акцэнт у ім зроблены на прафілактычную работу ўсіх зацікаўленых службаў і грамадскіх фарміраванняў. Асобным пунктам у шэрагу задач аддзела ўнутраных спраў вылучаны мерапрыемствы па выяўленні цяжкіх і найбольш значных эканамічных злачынстваў, звязаных з карупцыяй у сферах будаўніцтва, аграпрамысловага комплексу, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бюджэтным фінансаванні.
Павел ЖУКАЎ. 


03 лютага 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў З пасяджэння райвыканкама

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

возера Глубелька Царква ў Крывічах 84 _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси