А прывяла на лаву падсудных… марыхуана | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

А прывяла на лаву падсудных… марыхуана

Калі чуеш па тэлевізары ці чытаеш у газетах пра злачынствы, звязаныя з набыццём, захоўваннем ці ўжываннем наркотыкаў, здаецца, што гэтыя гучныя справы адбываюцца дзесьці далёка-далёка і нас ніколькі не датычаць. Аднак, як высвятляецца, яны дакаціліся і ў наш адносна ціхі і спакойны рэгіён. Праўда, на шчасце, гэта не масавыя, а пакуль адзінкавыя выпадкі.
9 снежня мінулага года суд раёна разгледзеў справу па абвінавачванні двух былых аднакласнікаў, якіх на лаву падсудных прывяла… марыхуана. Мужчыну — ва ўчыненні злачынства па частцы 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (незаконнае без мэты збыту набыццё, захоўванне і перавозка наркатычных сродкаў), а жанчыну — па частцы 2 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (незаконнае набыццё, захоўванне, перавозка і незаконны збыт наркатычных сродкаў).
Калі паглядзець на асобы абвінавачваемых, то ў іх агульнае не толькі тое, што абодва з адной мясцовасці, аднагодкі, разам вучыліся ў адной і той жа школе, многае і ў асабістым жыцці кожнага нечым падобнае. У прыватнасці, абодва знаходзіліся ў шлюбе, які затым скасавалі. А іх сем’і, дзе выхоўваліся непаўналетнія дзеці (у мужчыны — двое, у жанчыны — трое), у свой час мелі статус: “знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы”. Акрамя таго, абвінавачваемая, у адрозненне ад свайго школьнага сябра, які не быў раней судзімы і працаваў у адной з гаспадарак раёна, пастаяннага месца работы не мела, а таму прыцягвалася судом Гарадокскага раёна Віцебскай вобласці за ўхіленне ад платы аліментаў па частцы 1 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і была пакарана да трох месяцаў арышту.
У ходзе расследавання справы высветлілася, што былыя аднакласнікі выпадкова ўбачыліся ў адным з магазінаў райцэнтра ў пачатку верасня мінулага года. Вядома, былі рады сустрэчы, бо абодвум было што ўспомніць, аб чым пагаварыць. Ён, прыхапіўшы з сабой піва, яна — віно, адправіліся на школьны стадыён. У працэсе размовы жанчына даведалася, што яе аднакласнік у сувязі з праблемамі ў сям’і не ўжывае алкаголь, а аддае перавагу лёгкім наркотыкам. Яна дастала з кішэні свайго рукзака сумесь марыхуаны з тытунем, якую ёй, як патлумачыла, незадоўга да гэтага даў выпадковы знаёмы. Школьны сябар, вядома, стаў прасіць аднакласніцу дапамагчы ў набыцці наркатычнага сродку на будучае. І яна пагадзілася, хоць пазней у судзе сцвярджала, што ў той момант не задумвалася над выкананнем свайго абяцання. Аднак, калі вечарам 12 верасня выпадкова ўбачыла каля маста праз канаву ў Гарадку пакет з рэчывам расліннага паходжання, вырашыла, што гэта канопля. Перанесла сваю “знаходку” ў інтэрнат і частку высушыла. Спрабавала курыць высушаную каноплю сама, але адчуванне было прыкрае і таму больш не стала гэтым займацца. Вечарам патэлефанавала аднакласніку і іншасказальна дала яму зразумець, што мае тое, што яму патрэбна, толькі з-за адсутнасці грошай прыехаць у Мядзел цяпер не зможа. Той выслаў ёй 25 рублёў, а раніцай 14 верасня сустрэў з цягніка ў Паставах. Ён прыехаў з вадзіцелем, якога яна не ведала.
Прыбыўшы ў Лотву, жанчына перадала свайму сябру па школе газетны скрутак з сырой канопляй і пачак ад запалак з высушанай. Ён даў ёй 10 долараў, як паведаміў на судзе, не ў якасці разліку, а на спіртное, а сам паехаў дадому. Па шляху перасыпаў рэчыва ў кавалак газеты, а пачак ад запалак выкінуў. Але на ўездзе ў горад іх машына была спынена супрацоўнікамі міліцыі. У прысутнасці панятых міліцыянеры абшукалі затрыманых і аглядзелі аўтамабіль. Грамадзянін Ц. указаў месцазнаходжанне ў яго адзенні наркатычных сродкаў, што адпавядала рэчаіснасці. У двух папяровых скрутках былі знойдзены і канфіскаваны рэчывы расліннага паходжання, як мяркуецца, марыхуана. Гэта, дарэчы, была сумесная аперацыя аператыўных супрацоўнікаў УУС Мінаблвыканкама і Мядзельскага РАУС па адпрацоўцы атрыманай інфармацыі пра незаконны абарот наркатычных сродкаў. Крыху пазней аглядзелі памяшканне ў Лотве па месцы знаходжання грамадзянкі К. з Гарадка. Былі знойдзены фрагмент газеты з наслаеннямі рэчыва расліннага паходжання, купюра вартасцю 10 долараў ЗША і рукзак.
Суд, заслухаўшы сведчанні дапытаных асоб, вывучыўшы ўсе прадстаўленыя матэрыялы, прыйшоў да высновы, што вінаватасць абвінавачваемых пацвердзілася поўнасцю. Пры гэтым былі прыняты да ўвагі змякчаючыя і абцяжарваючыя абставіны. Да першых у абодвух аднесены прызнанне віны і шчырае раскайванне ва ўчыненым, знаходжанне на ўтрыманні непаўналетніх дзяцей і тое, што грамадзянін Ц. раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Да абцяжарваючых адказнасць абвінавачваемай грамадзянкі К. суд аднёс учыненне злачынства асобай, якая мела судзімасць. Такім чынам, мужчыне на падставе часткі 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь  назначылі пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яго аднакласніца на падставе часткі 2 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь асуджана да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай установе ва ўмовах агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Акрамя таго, у адпаведнасці з часткай 2 артыкула 107 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у адносінах да яе будуць прыменены прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму.
Справа завершана. Вінаватыя пакараны. У кожнага з іх цяпер будзе магчымасць асэнсаваць учыненае, а разам з тым усвядоміць, што з наркотыкамі не жартуюць. А вось зробяць яны ці не з гэтай сумнай гісторыі адпаведныя высновы і ці возьмуцца нарэшце за розум, пакажа час.
І. МАЛЕВІЧ.
Старшыня суда раёна.
М. ЛУБНЕЎСКАЯ.
Намеснік галоўнага рэдактара газеты “Нарачанская зара”.


03 лютага 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Правапарадак

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi Касцёл у Засвіры   1-12

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси