У зачараванні ад фізмата

НА мінулым тыдні Мядзельшчыну наведалі ўдзельнікі 52-га Зорнага паходу Беларускага Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
А менавіта — атрад студэнтаў і выкладчыкаў фізіка-матэматычнага факультэта вышэйшай навучальнай установы пад назвай “Дзеці Эйнштэйна”. Энергічныя, вясёлыя, таленавітыя, разумныя. Калі не верыце, то спытайце ў школьнікаў раёна. Госці з канцэртнай праграмай наведалі амаль усе навучальныя ўстановы. Акрамя гэтага, былі спартыўныя мерапрыемствы, майстар-класы ад членаў універсітэцкай каманды КВЗ “Лепшыя сябры”. Удзельнікі паходу наведалі месцы баявой і працоўнай славы нашага краю, завіталі ў НДЦ “Зубраня” і раённы музей, пазнаёміліся з Будслаўскай святыняй. Абавязковы пункт праграмы паходу — наведванне магілы Максіма Танка, а таксама музея паэта і школы, якія, як і ВНУ, носіць імя знакамітага нашага земляка.
І ўсё ж такі асноўная мэта гэтага незвычайнага і папулярнага праекта — прафарыентацыйная дзейнасць. Прычым, у рэалізацыі студэнтаў фізмата яна набыла нечаканую і своеасаблівую форму. Выкладчык факультэта Уладзімір Самуленкаў паведаміў, што на гэты раз яны пастараліся адысці ад фармату лекцый, дэманстрацыі слайдаў і засілля лічбаў. Пра сваю любімую альма-матэр будучыя настаўнікі фізікі, матэматыкі і інфарматыкі расказвалі падчас канцэрта, эфектыўна выкарыстоўваючы інтэрактыўныя формы. Першая сустрэча адбылася ў актавай зале Нарацкай СШ №2, куды былі запрошаны і старшакласнікі з аграгарадка Нарач. Мерапрыемства прайшло на адным дыханні ў інтэнсіўнай віхуры музыкі, песень, танцаў, здобранае трапным гумарам і розыгрышам інфармацыйных буклетаў. Падзяку ад імя прысутных за цудоўны канцэрт выказалі дырэктар установы адукацыі Генадзь Крыштафовіч і яго калега з Нарацкай СШ №1 Тэрэса Кальчынская.
— Мы паспелі крыху засумаваць па Зорных паходах, якіх не было апошнія некалькі гадоў, — адзначыў Генадзь Віктаравіч. —  І сёння, калі меркаваць па рэакцыі залы, па нашых уражаннях фізмат усіх проста зачараваў! Быў бы рады, каб такія настаўнікі ў будучым прыйшлі і ў нашу школу! Дзякуй за высокія арганізацыйныя і творчыя здольнасці.
Прыемна, што сярод 29-ці ўдзельнікаў паходу знайшоўся і наш зямляк. Ім аказаўся ўзгаданы вышэй Уладзімір Самуленкаў, які ў 2005 годзе закончыў тады яшчэ Мядзельскую СШ №2. Цікава было даведацца, з якімі думкамі і настроем ехаў ён у родныя мясціны.
— У першы Зорны паход трапіў дзесяць год таму. Вельмі марыў паехаць на Мядзельшчыну. І вось нарэшце атрымалася! — кажа Уладзімір Сяргеевіч. — Безумоўна, хвалююся. Тут ведаюць мяне, сам многіх таксама ведаю. І вось у першы ж дзень у Нарацкай СШ №2 сустрэў свайго аднакласніка, з якім не бачыўся дванаццаць гадоў. Вельмі прыемна! Сустрэў і некалькі выпускнікоў нашага педуніверсітэта. Выступаць перад знаёмымі ўдвая адказней! Наша праграма надзвычай насычаная, бо невядома калі яшчэ сюды прыедзем. Таму імкнёмся максімальна сябе праявіць. Не гледзячы на, здавалася б, лёгкі і вясёлы фармат, у нас вельмі сур’ёзная задача: прафарыентацыя, грамадска-патрыятычнае выхаванне, папулярызацыя здаровага ладу жыцця і іншае. За гэтыя чатыры дні нам трэба паказаць і расказаць, што мы такое ёсць. Адным з момантаў нашага канцэрта з’яўляецца выказванне пашаны і падзякі ўсім настаўнікам, з якімі даводзіцца і нам, і нашым гледачам сустракацца ў жыцці. Карыстаючыся момантам, хачу перадаць нізкі паклон і сваім настаўнікам, якія некалі вучылі мяне. Зараз выдатна разумею, наколькі гэта цяжкая праца.
Заключным акордам для рамантыкаў 52-га Зорнага паходу стала сустрэча з кіраўніцтвам раёна. Убачыцца з будучымі настаўнікамі і даведацца пра іх уражанні ад Мядзельшчыны прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Ефімава. Слова ад імя атрада “Дзеці Эйнштэйна” меў намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце фізіка-матэматычнага факультэта Дзмітрый Ігнатовіч. Ён падзякаваў кіраўніцтву раёна за цёплы прыём, расказаў, як кранулі іх шчырыя і адкрытыя сэрцы школьнікаў, з якімі давялося сустрэцца. Дзмітрый Аляксандравіч асабліва адзначыў старанні метадыста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларысы Севярын, якая за гэтыя дні “стала атраду нібы сястра”: прайшла з імі ўсе восем канцэртаў, маральна падтрымлівала іх. Закончылася сустрэча агульным фота на памяць.
Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.
* * *
Вольга ПЫРКО, сакратар пярвічкі ГА “БРСМ”:
— У першую чаргу мяне ўразіла прыгажосць вашага краю. Азёры — гэта нешта неверагоднае! Прыемна, што нас усюды вельмі цёпла сустракалі. Такія ўсмешлівыя і актыўныя дзеці! А педкалектывы якія! Многія настаўнікі — выпускнікі нашага педуніверсітэта, цікава было назіраць гэту пераемнасць пакаленняў. Рады, што ўдалося поўнасцю выканаць нашу праграму, спадзяёмся, што Зорныя паходы ў будучым будуць часта наведваць ваш раён. Сярод найбольш яркіх момантаў паходу — наведванне Нарацкай СШ №2 і сустрэча з яе дырэктарам Генадзем Віктаравічам, які правёў для нас вельмі цікавую экскурсію. Ажно пазайздросцілі тым настаўнікам, якія працуюць у такой школе. Уразіў НДЦ “Зубраня”, дзе таксама давалі канцэрт, а яшчэ — знаёмства з прыёмнай сям’ёй у пасёлку Дружны і асабліва з двухгадовым Мікіткам. Мы ім прывозілі падарункі. Вельмі прыемна, што некаторыя школьнікі пасля выступленняў кажуць нам, што вырашылі паступаць у нашу ВНУ. Гэта самае лепшае пацверджанне эфектыўнасці нашага паходу.
Сяргей ЛЯЎЧУК, студэнт:
— Нарэшце здзейснілася мая мара пабываць на возеры Нарач. Хочацца вярнуцца сюды яшчэ раз, пажадана, летам. Сам з Кобрына, што на Брэстчыне, таму гэты рэгіён заўсёды быў для мяне далёкім. Для мяне самымі прыемнымі сталі моманты, калі пасля канцэртаў да нас падыходзілі ўзрушаныя дзеці. Сустрэў прыхільніцу нашай каманды КВЗ, якая сочыць за яе выступленнымі, хварэе. Мы з ёй пазнаёміліся, і яна дадалася да ліку сяброў на маёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак. Марыць паступіць у наш універсітэт. Думаю, што ўсё ў яе атрымаецца.

Падчас падрыхтоўкі матэрыяла да друку на адрас рэдакцыі прыйшоў ліст з водгукам пра мерапрыемства, якое правялі ў Крывіцкім ВПК д/с-СШ удзельнікі 52-га Зорнага паходу. Уражаннямі дзеліцца Юлія ЕРМАКОВІЧ, вучаніца 8 класа:
Не ведаю, як у вас, а ў мяне падымаецца настрой, калі бачу побач таленавітых людзей. Вось і ў нашай школе адбылася сустрэча з маладымі, крэатыўнымі студэнтамі БДПУ імя Максіма Танка, удзельнікамі Зорнага паходу па мясцінах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Яны цудоўна спявалі, танцавалі, даступна расказвалі слухачам пра сваю навучальную ўстанову, прафесію настаўніка. Але найбольш мяне ўразіла выступленне каманды КВЗ “Лепшыя сябры”. Яно атрымалася вясёлым, бадзёрым, іскрыстым. Іх жарты, як нешта вельмі яркае і непаўторнае, застануцца ў памяці надоўга.
Выходзячы з актавай залы, я пачула размову двух адзінаццацікласнікаў. Хлопчыкі былі прыемна ўражаны ўбачаным і пачутым, канчаткова ўпэўніліся ў правільнасці ўласнага выбару стаць настаўнікамі.
А колькі радасці было ў вачах Алены Ліпніцкай, вучаніцы адзінаццатага класа! Яна сочыць за выступленнем вядомай каманды КВЗ. Уражаная сустрэчай з яе удзельнікамі, дзяўчына атрымала некалькі фотаздымкаў на памяць і яшчэ гадзіны дзве выказвала захапленне.
Вось так пазітыўна і карысна прайшла сустрэча з таленавітай моладдзю краіны!

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Яшчэ больш здымкаў па ссылцы https://vk.com/album-1132402_240291832



01 лютага 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе  возера Мястра  06-012 возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси