Немагчыма забыць. Нельга не помніць

У райцэнтры, каля памятнага знака расстраляным савецкім актывістам і падпольшчыкам, адбыўся мітынг.
ПРАЙШОЎ ён напярэдадні трагічнай даты — 75 гадоў таму, 22 студзеня 1942 года, нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі жыхароў Мядзельшчыны — савецкіх актывістаў і падпольшчыкаў. На памятным знаку  чытаем іх імёны:
 Георгій Пятровіч Несцяровіч, старшыня калгаса імя Чкалава;
 Уладзімір Іосіфавіч Несцяровіч, сакратар падпольнай камсамольскай арганізацыі вёскі Навасёлкі;
 Іван Васільевіч Роўда, супрацоўнік міліцыі;
 Уладзімір Ягоравіч Шаблыка, старшыня Старагабскага сельсавета;
 Іван Мікалаевіч Сухарукі, падпольшчык;
 Іван Кузьміч Бярняк, падпольшчык;
 Марыя Іванаўна Несцяровіч, падпольшчыца;
 Браніслаў Андрэевіч Бабровіч, падпольшчык.
 …Памяць расстраляных ушанавалі мінутай маўчання.
Слова меў мядзяльчанін Эдуард Антонавіч Шукела — пляменнік расстралянага ў студзені 1942-га Браніслава Андрэевіча Бабровіча:
— Дзядзьку арыштавалі недзе перад Новым годам, пасадзілі ў падвал. У студзені прыехалі карнікі. Назаўтра чуем: “Пагналі з падвала людзей”. Зразумелая справа, куды пагналі… Праз некаторы час чуем стрэлы. Разумеем, што за страляніна… Прайшло колькі часу, я апрануўся: пайду! Маці не пусціла.  Яшчэ праз нейкі час зноў апрануўся, пайшоў — быццам да хлопцаў. Яшчэ з дарогі ўбачыў: ляжаць трупы. Падышоў. Бачу: мой дзядзька ляжыць першы. Кроў на снезе… Я пастаяў і пайшоў дахаты. Так што я першы — не адзін з першых! — убачыў расстраляных. …Тады кінулася ў вочы, што дзядзька быў без кажуха (калі ён сядзеў у падвале, мой бацька перадаў яму кажух). Праз нейкі час глядзім: ходзіць паліцай у нашым кажуху…
Эдуард Антонавіч зазначыў, што доўгія гады на помніку было сем прозвішчаў. Восьмае з’явілася параўнальна нядаўна, пасля таго, як ён расказаў пра гібель свайго дзядзькі намесніку старшыні райвыканкама Іне Іванаўне Барыевай.
Успамінамі пра часы акупацыі падзяліўся ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровы грамадзянін раёна Міхаіл Гершэнавіч Гардон:
— Карнікі ездзілі па вёсках і расстрэльвалі актывістаў, падпольшчыкаў і іх сем’і. З першых дзён акупацыі пачалася барацьба падпольшчыкаў, а потым і партызан. Сярод расстраляных тут — Уладзімір Іосіфавіч Несцяровіч. Ён быў сакратаром падпольнай камсамольскай арганізацыі вёскі Навасёлкі (пазней яна ўвайшла ў склад райцэнтра). Камсамольцы вялі работу супраць паліцаяў і нямецкай жандармерыі. …Тут расстраляны і старшыня Старагабскага сельсавета Уладзімір Ягоравіч Шаблыка. Памятаю, дзесьці ў жніўні 1941-га немцы і паліцаі сабралі яўрэйскае насельніцтва — жанчын, старых, дзяцей — і здзекваліся з іх. Загналі ў возера, а самі на лодках ездзілі вакол. Ганялі па вадзе, прымушалі акунацца, білі палкамі. Там была і мая маці… Тады выгналі ўсіх, павялі на плошчу — туды, дзе цяпер універмаг. Прывялі старшыню Старагабскага сельсавета Уладзіміра Ягоравіча Шаблыку. Ва ўсіх на вачах, у прысутнасці жонкі і дзяцей, пачалі біць яго шомпаламі… Мінае час, усё пакрыху забываецца. Але пра жахі вайны забывацца нельга. Я жадаю вам усім, каб ніколі не давялося перажыць такога. Каб вы жылі ў мірны час, але заўсёды былі гатовымі стаць на абарону роднай Беларусі, як гэта зрабілі вашы прадзеды.
Вершы пра вайну прачыталі вучні Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Да помніка былі ўскладзены вянок і кветкі.
Завяршаючы мітынг, намеснік старшыні райвыканкама Іна Іванаўна Барыева падзякавала школьнікам за старанную вучобу, а прадстаўнікам старэйшага пакалення — за працу і захаванне памяці. І падкрэсліла, што беларусы ніколі не нападалі і не будуць нападаць на іншых — толькі, калі ўзнікне патрэба, абараняцца.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
На здымках: 1. Успамінамі дзеліцца Эдуард Антонавіч Шукела; 2. Удзельнікі мітынгу — навучэнцы Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі.
Фота Аляксандра Высоцкага.


27 Студзень 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай 06-012 img_4257 від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела