Ураджай закладваецца… у мехмайстэрні

ЗІМА, што называецца, павярнула ўжо да вясны. Усяго якія два месяцы засталіся да пачатку пасяўных работ. А іх поспех у рашаючай ступені залежыць ад таго, як будзе падрыхтавана тэхніка. Гэтую аксіёму добра ведаюць кіраўнікі гаспадарак, спецыялісты інжынернай і агранамічнай службаў. Што робіцца на месцах для таго, каб вясна не застала хлебаробаў знянацку? Разам з галоўным спецыялістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Вольгай Лугавой і паспрабавалі высветліць гэта ў час мініторынгу, які правялі пазаўчора.
Першы прыпынак у ААТ «Зані». У мехмайстэрні кіпіць работа.  Ля чызельнага культыватара завіхаюцца людзі.
—  Зубы барон мяняем. Ды бяда: прывезлі зубы, а палова з іх няспраўныя, не накручваецца гайка. Давядзецца назад адвозіць гэты брак, — тлумачыць галоўны інжынер таварыства Яўген Кутузаў.
—  Хто тут працуе?
—  Зваршчык Пётр Вайцяхоўскі і механізатар Вячаслаў Лісіцкі. Увогуле, механізатары дапамагаюць у рамонце адзін аднаму, — чуем ў адказ.
Акрамя чызеля ў мехмайстэрні стаіць трактар «МТЗ-82», у якога зламалася помпа.
— На днях павінны прывезці новую. Памяняць яе не шмат часу трэба, —  гаворыць інжынер.
— А што з тым «МТЗ», ля якога таксама працуюць людзі? — цікавімся.
— Там рамонт, як кажуць, дробны. Нават не варта засяроджваць увагу, — чуем у адказ.
Яўген Аляксандравіч расказаў, што на веснавым палетку будуць працаваць сеялка «СЗУ-3,6», а таксама пасяўны агрэгат у счэпе з трактарам «МТЗ-3022». Сеялка спраўная, а пасяўны агрэгат яшчэ не.
— Вось закончым чызель рамантаваць, возьмемся за яго, — кажа інжынер. — Давядзецца крыху павазіцца з плугамі. У некаторых трэба замяніць лемяшы, далоты. Запчасткі ёсць. Гноераскідвальнік  «ПРФ-18» спраўны. Няма асаблівых пытанняў і па агрэгатах для ўнясення мінеральных угнаенняў.
Што датычыць трактароў, то па словах інжынера ў пераважнай большасці яны спраўныя. У «МТЗ-3022» абрэзала пярвічны вал, ды і шкло ў дзверцы трэба купіць. Крыху ёсць грашовых сродкаў для правядзення тэхнічнага абслугоўвання (замены масла, фільтраў).
— Час яшчэ ёсць. Упэўнены, што сёлета да веснавой пасяўной падрыхтуемся значна лепш, чым у папярэднія гады, — дадаў Яўген Кутузаў.
На вуліцы холадна, але ў мехмайстэрні зусім іншая тэмпература. А ў пакоі адпачынку наогул цёпла. Тут можна крыху пасядзець, пагрэцца.
Не пуставала ў гэты дзень і майстэрня ў ААТ «Слабадская зара», якая знаходзіцца ў Габах. Тут механізатары Аляксандр Грузд, Міхаіл Грузд, Аляксандр Хацяновіч і слесар Міхаіл Лашук рамантавалі чызельны культыватар Аляксандра Хацяновіча. Работа ладзілася, хлопцы працавалі дружна.
— Яшчэ за мной замацаваны абаротны плуг, кукурузная сеялка, прычэп. Усе гэтая агрэгаты спраўныя. А вось што датычыць дыскаў, то трэба перабраць: валы знасіліся, — расказвае Хацяновіч. — Запчасткі новыя купілі. А трактар таксама спраўны, два гады яму.
З далейшай размовы даведаліся, што на «АКШ», які замацаваны за Міхаілам Груздом, трэба замяніць апоры і каткі. Аляксандр Грузд дадаў, што на яго чызельным культыватары неабходна замяніць стрэлкавыя лапы.
— Усяго патрэбна адрамантаваць двое дыскаў, дыскатар, культыватар «КЧ-4» і агрэгат «АКШ-3,6», — удакладняе галоўны інжынер Станіслаў Будзько. — На веснавым палетку запланавана работа пяці плугоў. Тры гатовыя, а яшчэ ў двух трэба замяніць некаторыя лемяшы і далоты. Запчасткі ёсць. Зацягнулі ў майстэрню раскідвальнік тукаў «РУ-7000». Што датычыць сеялак, то няспраўныя дзве «СЗТ-3,6». Заказалі запчасткі, чакаем іх прывозу. А вось пасяўны агрэгат «АПП-6» знаходзіцца ў спраўным стане.
Ёсць у гаспадарцы чатыры энерганасычаныя трактары «МТЗ-3022». Не ўсе яны могуць быць уключаны ў работу. На адным не хапае шын пярэдніх колаў, ды і тэхнічнае абслугоўванне яшчэ ніхто не праводзіў. На сёння няспраўнымі з’яўляюцца тры менш магутныя трактары «МТЗ». Словам, ёсць яшчэ над чым працаваць механізатарам.
— Скажу шчыра, сёлета мы значна раней, чым у мінулыя гады, прыступілі да падрыхтоўкі тэхнікі. Для гэтага з раёна выдзелілі грашовыя сродкі. Таму да пасяўной падыдзем у поўнай гатоўнасці, — зазначыў Станіслаў Іванавіч.
Клопатамі напоўнены кожны працоўны дзень і ў кіраўніка ААТ «Пруднікі-Агра» Аляксандра Дзяконскага. Трэба папраўляць справы ў жывёлагадоўлі. Ды і пра надыходзячую пасяўную дбаць. І ў першую чаргу пра тэхнічнае забеспячэнне веснавых работ. Яравы збожжавы клін у гаспадарцы зойме 1570 гектараў. А яшчэ дадаткова плануецца пасеяць 520 гектараў аднагадовых культур і 300 — кукурузы. Толькі ў такім выпадку кіраўнік разлічвае стварыць неабходны запас кармоў для грамадскага статка, атрымаць важкія паказчыкі ў жывёлагадоўлі. Але для гэтага трэба пасяўную кампанію правесці якасна і ў сціслыя тэрміны.
— Тэхнікі ў гаспадарцы шмат, але яна не новая, таму патрабуе рамонту, значных грашовых выдаткаў, — кажа дырэктар таварыства. — Маем магутны трактар «МТЗ-3522», тры «МТЗ-3022», два — “Fendt”. На адзін «Fendt» патрэбен мост, матор ад «МТЗ-3022» здалі ў рамонт у спецыялізаваную фірму. Астатнія паспрабуем падладзіць уласнымі сіламі. 13 трактароў тыпу «МТЗ-1221» — таксама важкае падспор’е на веснавым палетку…
Далей Аляксандр Яўгенавіч расказаў, што рамонт глебаапрацоўчых агрэгатаў ідзе поўным ходам. У трох чызельных культыватарах замянілі стойкі, лапы. Зараз у мехмайстэрні ў Парубках рамантуюць бароны, культыватар.
— Прыступілі да аднаўлення пасяўнога агрэгата «АПП-6Д». Многае з запчастак ёсць, але яшчэ трэба купіць талеркі, ступіцы. Гэты агрэгат замацаваны за руплівым механізатарам Аляксеем Камянецкім. Ён яго і рамантуе, пры неабходнасці дапамагаюць калегі па працы, — гаворыць дырэктар. — Праўда, настрою ў Камянецкага няма: яго «МТЗ-3022» стаіць у мехмайстэрні пакуль без матора.
З далейшай размовы даведаліся, што ў гаспадарцы на сяўбе яравых будуць задзейнічаны пасяўны агрэгат «АПП-6Д», сеялка «СЗ-5,4», аднаўляюць тут і «СПУ-6». Адзін спісаны такі агрэгат прыцягнулі з Занарачы, другі — ад суседзяў з Вілейшчыны. Вось з трох і мяркуюць сабраць адзін.
Вясной трэба будзе ўзараць парадку 1000 гектараў глебы. Таму яшчэ раз трэба перагледзіць плугі, пры неабходнасць замяніць лемяшы, далоты.
Працоўны гоман стаіць і ў мехмайстэрні ў Княгініне. Загадчык машыннага двара Уладзімір Ярчак тлумачыць:
— Трактар «МТЗ-3022» без матора, ён зняты і знаходзіцца на рамонце ў фірме. Вось тут рыхтуем франтальны загрузчык насення, а тут рамантуем прычэп для вывазкі арганікі. Адначасова «лечым» сеялку «СЗ-5,4». Для яе трэба 25 сашнікоў. Грошы праплацілі, чакаем запчасткі. Рамантуюць сеялку слесары Уладзімір Андрон, Міхаіл Станько і Дзяніс Куцкевіч. Хлопцы старанныя. Адрамантаваныя чызелі пастаўлены на лінейку гатоўнасці…
Тэрмін, адведзены на зімовы рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, дзень ад дня скарачаецца. Да традыцыйнай пастаноўкі пасяўных машын і агрэгатаў на лінейку гатоўнасці застаецца ўсё менш часу. У гаспадарках разумеюць гэта і прадпрымаюць меры, каб якасна падрыхтавацца да правядзення веснавой пасяўной 2017 года.
Па выніках маніторынгу матэрыял да друку падрыхтаваў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: рамантуе бароны культыватара ў мехмайстэрні ААТ «Зані» газазваршчык Пётр Вайцяхоўскі.
Фота аўтара.


27 Студзень 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        dsc_5774-3 на Блакітных азёрах        _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси