Наталля Касцевіч: «Люблю сваю работу…»

ВЫТВОРЧЫ працэс на сучасных малочнатаварных фермах значна адрозніваецца ад традыцыйнага гаспадарання вяскоўцаў. На іх падворках нованароджанае цяля знаходзіцца каля каровы, і як толькі ўстане на хісткія ножкі, адразу шукае цёплае вымя і атрымлівае малодзіва. Так зрабіла сама прырода, каб даць удалы старт імуннай сістэме маленькай жывой істоты. Малодзіва — каштоўны эліксір, які ўмацоўвае здароўе цялят. І хаця на малочнатаварных комплексах цялятак утрымліваюць асобна ў індывідуальных доміках, без малодзіва яны не застаюцца і тут. У першыя дзве гадзіны пасля нараджэння ім трэба даць першую порцыю каштоўнага эліксіру. Гэта абавязак цялятніц. А праверыць, ці выпойвалася цяляці малодзіва, проста. Пра гэта дакладна раскажа аналіз іх крыві на імунаглабуліны. Таму догляд за нованароджанымі цялятамі даручаюць адказным, добрасумленным людзям.
На ферме «Пузыры» АСП «Вузлянка» цялятніцай працуе Наталля Касцевіч.
— Дзе можна сустрэць Наталлю Яўгенаўну? — пытаюся ў галоўнага ветэрынарнага ўрача прадпрыемства Аляксандра Адамовіча.
Той, зірнуўшы на гадзіннік, адказвае:
— Зараз яна павінна быць дома. А зрэшты, патэлефаную. Мо пра яе хочаце напісаць у газеце? Заслугоўвае гэтага. Старанная, руплівая, адказная жанчына…
І вось мы ля дома, дзе жыве Наталля Касцевіч. Убачыўшы нечаканых гасцей жанчына крыху збянтэжылася.
— Праходзьце, сядайце, — запрашае яна ў пакой. — Пятровіч (Аляксандр Пятровіч Адамовіч, аўт.) тэлефанаваў, што прыедуць з рэдакцыі. Чым я вызначылася — не ведаю?! Працую як і іншыя жывёлаводы…
— Па выніках работы за мінулы год сярэднясутачныя прывагі цялят, якіх вы даглядаеце, склалі 942 грамы. А гэта найвышэйшы паказчык у раёне. Вось і падзяліцеся сваімі сакрэтамі з іншымі цялятніцамі Мядзельшчыны, — кажу.
— Вой, ніякіх сакрэтаў няма. Выконваю ўсё тое, што патрабуюць ветурач і загадчыца фермы, — чую ў адказ.
Дарэчы ў жывёлагадоўлі Наталля не навічок. Як прыйшла пасля заканчэння школы на ферму, так і шчыруе.
— Сама я тутэйшая, з вёскі Равячка. Спачатку працавала з больш дарослымі цялятамі, калі жыла ў вёсцы Вераб’і. Потым нават даяркай пэўны час была. А два гады таму, калі пераехала ў Пузыры, мне прапанавалі даглядаць нованароджаных цялятак. Згадзілася, — расказвае Наталля Яўгенаўна. — Так і працую.
— Клопатаў хапае? — пытаюся.
— Так, але я не скарджуся. На працу прыходжу апалове восьмай раніцы. Зазірну да сваіх гадаванцаў, затым атрымліваю малако, паю цялятак, мяняю подсціл у доміках. Нованароджаныя ўтрымліваюцца ў спецыяльных доміках. Іх было 40, а нядаўна яшчэ 40 дабавілася. Патрэбна і вады ў паілкі даліць, і камбікорму насыпаць, — расказвае жанчына. — Дзесьці ў 12 гадзін еду дамоў на палудзень. Крыху адпачыўшы, зноў на ферму. Бывае слабейшае цяля, яго трэба папаіць. Зноў жа, прыбраць у доміках. І так з дня ў дзень. Зараз у мяне 77 падапечных. Каровы целяцца кожны дзень, таму і цялят прыбаўляецца.
— А ці ёсць падменная, каб даць вам выхадны? — цікаўлюся.
— Няма, але я і не патрабую. Цяляты ў мяне маленькія. За імі вока патрэбна і вока! Як ядуць, ці здаровыя, ці рухавыя, ці вясёлыя? Мне з імі добра. Хіба даверу каму іншаму іх? Люблю сваю работу. Мне яна па душы, — адказвае жанчына. — У рацыёне спецыяльны грануляваны камбікорм, КР-1, якога хапае. Цяляты, як дзеці, могуць нярэдка хварэць. Таму заўсёды на выручку прыходзіць ветурач, ды і фітачаі заварваю…
Дабрыня — універсальны метад зносін з любой жывой істотай, унікальны чароўны сродак, які кожнаму зразумелы. Цяляты ў Наталлі Яўгенаўны  дагледжаныя, таму і паказчыкі яе работы добрыя, бачна, што яна сапраўдны прафесіянал. І пазітыўныя адносіны да свайго занятку, праца з душой вельмі важныя. «Без душы» нельга дабіцца добрых вынікаў, што б чалавек ні рабіў.
Клопатаў на працы жанчыне хапае. А дома таксама іх хоць адбаўляй.
— Трымаю свіней, цялушку. Праўда, дзеці дапамагаюць. Дачка Надзя дзевяцікласніца, а вось сын Аляксандр вучыцца ў Бярэзінскім аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі. Не цураюцца яны сялянскай працы, — зазначае суразмоўца. — На ферме калектыў дружны, зладжаны. Някепскія ўмовы для працы, заробак выдаюць рэгулярна. Што яшчэ трэба?!
Вось так жыве, працуе і разважае пра нялёгкую паўсядзённую работу адна з лепшых цялятніц Мядзельшчыны — Наталля Касцевіч.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: цялятніца АСП «Вузлянка» Наталля Касцевіч.
Фота Аляксандра Высоцкага.


27 Студзень 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Кадры, Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        на Блакітных азёрах        06-043 wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси