Мой тата — шчыры працаўнік

Шмат пражывае на Мядзельшчыне людзей, якія ўсё сваё свядомае жыццё працавалі шчыра, добрасумленна і нічога за гэта ўзамен не патрабавалі. Да такіх рупліўцаў адносіцца і мой тата Часлаў Іосіфавіч Кісель. Дарэчы, 17 студзеня яму споўнілася 85 год.
Нарадзіўся тата ў вёсцы Унукі (цяпер Засвір) у заможнай і вельмі працавітай сям’і. Рана страціў маці, а таму прыйшлося пакінуць вучобу ў школе і разам з бацькам і дзвюма сёстрамі весці хатнюю гаспадарку. Яшчэ цяжэй і страшней стала, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Няпростым было жыццё на акупіраванай ворагам тэрыторыі. Давялося на сабе зведаць суровы нямецкі парадак. Жах агортваў сэрца, калі нізка над зямлёй праляталі варожыя самалёты і скідвалі бомбы. Іх страшэнны гул застаўся ў памяці многіх вясковых жыхароў да нашых дзён. А як усе радаваліся вызваленню роднай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Хто пайшоў на фронт, а астатнія, у тым ліку і мой тата, адраджалі разбураную гаспадарку і свята верылі ў перамогу над ненавісным ворагам. І дачакаліся яе ў маі 1945-га.
Прайшлі гады. На месцы руінаў і папялішчаў выраслі новыя населеныя пункты. Адкрываліся прадпрыемствы, адраджаліся калгасы. Паступова дастатак прыходзіў у дамы жыхароў азёрнага краю. Адбыліся перамены і ў асабістым жыцці таты. Ён сустрэў сваю другую палавінку — маю маму Яніну Францаўну. На той час матуля працавала ў бухгалтэрыі саўгаса “Свір”, а тата — будаўніком. Дарэчы, гэтаму рамяству навучыўся яшчэ ў юнацтве. Маладыя людзі пакахалі адзін аднаго, стварылі сям’ю. Напачатку жылі ў бацькоўскай хаце, але марылі пра ўласнае жыллё. А таму пачалі будаваць свой дом. Прычым усе работы на новабудоўлі бацька выконваў сам. А там і папаўненне прыйшло ў сям’ю: нарадзіліся два сыны і дачка, а гэта я.
Напрыканцы 60-х-пачатку 70-ых гадоў у Засвіры пабудавалі малочнатаварную ферму. Тады старшынёй саўгаса “Свір” быў Якаў Аляксандравіч Пронька. Неяк вечарам, як успамінае тата, да іх у дом завітаў кіраўнік гаспадаркі. Ён пачаў угаворваць мужа і жонку перайсці працаваць на ферму: маму — загадчыцай, а бацьку — аператарам па адкорме буйной рагатай жывёлы. Яны прынялі прапанову Пронькі і аб гэтым пазней ніколі не пашкадавалі.
Наколькі ведаю, ферма “Засвір” заўсёды была на добрым рахунку. Яна неаднаразова займала першае месца па надоях малака і здачы мяса дзяржаве не толькі ў саўгасе “Свір”, але і ў раёне. А адбывалася гэта дзякуючы руплівай працы жывёлаводаў. На той час усе работы выконваліся ўручную — даенне кароў, кармленне, ачыстка стойлаў ад гною. Аператары па адкорме цялят самі і зімой, і летам падвозілі і раздавалі кармы, чысцілі памяшканні. Многія “кармачы”, як іх тады называлі, у тым ліку і мой бацька, вельмі клапаціліся пра жывёлу. Тата, напрыклад, адносіўся да цялят так, нібы да дзяцей, размаўляў з імі, ведаў кожнага бычка не толькі па мянушцы, але і нораў, звычкі. Напэўна, таму і была ад працы аддача: сярэднясутачныя прывагі па групе дасягалі 1000 грамаў.
Старанная праца засвірскіх жывёлаводаў не засталася незаўважанай. Партрэты многіх, а таксама маіх бацькоў, часта віселі на Дошцы гонару гаспадаркі. Неаднойчы атрымлівалі яны за руплівасць і стараннасць граматы, прэміі, каштоўныя падарункі. Прозвішча таты ў ліку ардэнаносцаў ёсць у раённай кнізе “Памяць”. Яго ўзнагароды дагэтуль беражліва захоўваюцца ў нашай сям’і. А гэта: ордэны “Працоўнага Чырвонага Сцяга”, “Знак Пашаны”, залаты і сярэбраны медалі ВДНГ “За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР”, нагрудныя знакі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” розных гадоў.
Я добра памятаю, як добрасумленна працавалі мае бацькі і іншыя жывёлаводы. Мы, дзеці работнікаў, часта бывалі на ферме, дапамагалі дарослым: чысцілі, бялілі, фарбавалі памяшканні, раздавалі кармы… Не лічыліся з часам, стараліся аблегчыць цяжкую працу сваіх бацькоў, бо іх яшчэ і дома чакала хатняя гаспадарка. Што датычыць засвірскай фермы, то яна пастаянна была перадавой. Сюды нават некалі замежных гасцей прывозілі.
Матуля з татам былі не толькі руплівымі і шчырымі працаўнікамі, але і ўважлівымі, клапатлівымі бацькамі. Іх пяшчоты і любові хапала на нас траіх. Да пятага класа тата дапамагаў мне рашаць задачы па матэматыцы, навучыў гуляць у шашкі, хоць сам вялікай адукацыі не меў. Братоў з маленства прывучаў да работы. Менавіта дзякуючы яму яны навучыліся касіць, араць, сталярнічаць. З дапамогай бацькоў і я, і браты атрымалі вышэйшую адукацыю. Нашы дзеці, а гэта пяць унучак, заўсёды з задавальненнем гасцявалі ў бабулі з дзядулем.
У 2005 годзе мамы не стала. Тата вельмі сумаваў без яе, але не здаўся. Яшчэ тры гады, хоць і застаўся без гаспадыні, трымаў карову. Дзесяць год бацька жыў адзін, даглядаў сябе сам, хадзіў у касцёл. Колькі не клікалі, не ехаў да нас. Таму наведваліся да яго самі і чым маглі дапамагалі.
У таты пяць праўнучак. Найчасцей праведваюць яго Машанька і Дашанька Бабровічы, дзеці ўнучкі Юліі і яе мужа Дзмітрыя, якія жывуць у Мядзеле. Яны любяць свайго прадзядулю і вельмі рады кожнаму спатканню з ім.
Апошнім часам тата стаў хварэць. Нічога не зробіш, гады бяруць сваё. Сказваецца на здароўі і пастаянная цяжкая праца, і ваеннае ліхалецце, і нялёгкае пасляваеннае жыццё. Таму я з мужам забралі яго да сябе ў к. п. Нарач. Яму весялей, ды і нам спакайней, калі ён побач. Тата жыве мінулым, узгадвае перажытае, сумныя і вясёлыя моманты ў жыцці. Часта ўспамінае калег па рабоце, аднавяскоўцаў. А неяк папрасіў напісаць пра яго ў газету. Як сам прызнаўся, каб пацешыліся знаёмыя і незнаёмыя людзі, што так доўга жыве чалавек і ўсё выдатна памятае. А яшчэ прасіў перадаць, што ён ні пра каго са сваіх землякоў і, наогул, пра тых, з кім сустракаўся некалі, не забыўся. З удзячнасцю ўспамінае жывых, а за тых, каго няма на гэтай зямлі, шчыра моліцца.
Г. ГОРБ.
к. п. Нарач.
На здымку: Часлаў Кісель (фота з сямейнага архіва).


26 Студзень 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  на Блакітных азёрах        на Блакітных азёрах        _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси