Іграй, музыкант!

ПРА чалавека, які не стаў развіваць свае здольнасці, свой дар, кажуць, што ён закапаў талент у зямлю. Колькі такіх можа ўзгадаць кожны з нас! Але ніхто падобнага не скажа пра жыхара аграгарадка Занарач Аляксандра Усовіча. Наадварот, гэты чалавек свой музычны дар прыемнай ношай нясе па жыцці, з задавальненнем выкарыстоўваючы кожную магчымасць даставіць людзям радасць. Якое там “закапаць талент у зямлю”! Ведаеце, колькі ў яго ў хаце гармонікаў? Восем. І кожны са сваёй гісторыяй, характарам (ці танальнасцю, калі больш прафесійна).
Пачыналася ж усё ў далёкім дзяцінстве з маленькага гармоніка “Украіна”, які маці купіла сыну пасля доўгіх угавораў. Аляксандр Міхайлавіч узгадвае, што было гэта ў класе чацвёртым, а інструмент каштаваў пятнаццаць рублёў. Граць на ім вучыўся сам, гледзячы на дарослых музыкаў.
— Гуляе, напрыклад, у вёсцы вяселле, граюць музыкі, — расказвае Аляксандр Міхайлавіч. — Я ж лаўлю мелодыю. На слушок, канечне. Потым прыходжу дадому, бяру свой гармонічак і стараюся гэту мелодыю паўтарыць. Так і вучыўся. Хадзіў са сваім інструментам на дні нараджэння да сяброў, некаторыя нават самі запрашалі. У маім рэпертуары было пару вальсаў, некалькі дзіцячых песенек тых часоў. Памятаю, ідзём з сябрамі ў Чарэмшыцы, і спяваем па дарозе…
У старэйшых класах на Аляксандры Усовічу ляжала адказнасць за мастацкую самадзейнасць. Гэта дазволіла хоць зрэдку браць у рукі баян “Масква”, які якраз з’явіўся ў школе. Ён яго асвоіў, а хто ж сумняваўся? Адразу пасля заканчэння школы хлопцу з музычнымі здольнасцямі прапанавалі ўзначаліць мясцовы клуб, які адкрыўся ў той час у вёсцы.
— Столькі канцэртаў розных было! — узгадвае былы культработнік. — Наш хор (а ў нас такі быў выдатны хор!) з песняй “На Мамаевым кургане” ўсе навакольныя вёскі аб’ехаў. А яшчэ эстафета была. Да нас прыязджаў з канцэртам калгас “Змагар”, мы артыстаў везлі ў Вузлу ў калгас імя Леніна.
Праз восем месяцаў маладога загадчыка клуба прызвалі на вайсковую службу. Там таксама удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Аляксандр Усовіч узгадвае, што з канцэртамі аб’ездзіў усю Чэхаславакію (менавіта там давялося служыць). Прага, Браціслава, Аламоуц, Ясенік… Шмат дзе выступалі.
Вярнуўшыся дадому ў 1972 годзе, хлопец прыслухаўся да парад старшыні калгаса Антона Аляксеевіча Стомы і паступіў у сельгастэхнікум у Мар’іну Горку на механіка, чым звязаў сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Але заўсёды з задавальненнем удзельнічаў у розных канцэртах і культурна-масавых мерапрыемствах, куды запрашалі гарманіста. Без музыкі жыццё Аляксандра Міхайлавіча губляла ўсе фарбы.
— Так склалася, што больш люблю ўсё ж такі гармонікі, — прызнаецца музыкант. — Вось гэты — “Беларусь” — мой, так сказаць, канцэртны. Бо калі граем утрох (у  склад ансамбля “Суседзі” Занарацкага СДК уваходзяць таксама Віталій Кісель і Пётр Шабан), то танальнасць ля мінор, якую ён мае, дазваляе іграць нам любую музыку. Інакш астатнім трэба пад гармонік падладжвацца, што не заўсёды зручна. А вось — мая “Тула”. Не ведаю, колькі ёй гадоў, бо трапіла да мяне ад пецярбуржца, які ў нас у Занарачы будаваўся. Дык ён казаў, што гармонічак гэты з блакаднага Ленінграда. Так ці не, але інструмент сапраўды стары. Падладзіў яго крыху, мяхі падклеіў, пафарбаваў. Іграе! Вось паслухайце, як па-заліхвацку гучыць!
Яшчэ адзін з гармонікаў Аляксандра Міхайлавіча — перароблены з акардэона: два рады белых клавішаў, націскаючы на якія, музыкант адпраўляе ў прастору ні з чым не параўнальныя гукі першапачатковага інструмента.
— Ён мне дастаўся ад Мішы Урліка, які на ім разам са сваім бацькам іграў на вяселлях, праводзінах у нашай акрузе. Ён на гэтым гармоніку, а бацька — на цымбалах, — далей расказвае Усовіч. — Добрыя музыканты былі. Пасля яго смерці жонка, з якой некалі разам у школу хадзілі, і прапанавала мне: “Паглядзі, можа які інструмент сабе падбярэш”. А ў яго і сапраўды многа чаго было. З раду баянаў і гармонікаў, якія стаялі на шафе, выбраў гэты. Ён лечаны-пералечаны, але пад яго вельмі добра спяваецца. Калі сваіх знаёмых, калег на пенсію выправоджу, дык бяру гэты гармонік.
Яшчэ з адным гармонікам Аляксандр Міхайлавіч некалькі вяселляў сыграў. Кажа, што інструмент мае мяккае гучанне. Ды вось бяда — пад дождж трапіў і крыху мяхі сапсаваліся. Для такіх, сапсаваных, у гаспадара ёсць нават “музлячэбніца” — летняя пабудова ў двары, дзе ён у тым ліку даводзіць да ладу і прадметы сваёй скарбніцы. Зараз там сваёй чаргі чакаюць акардэон і яшчэ адзін гармонічак “Тула”, які Усовіч выратаваў ад перспектывы аказацца на сметніку.
— Я гэты гармонічак забраў у апошні момант з машыны, якая вывозіла розны хлам, —  удакладняе падрабязнасці гаспадар. — Кажу вадзіцелю: “Нельга яго на сметнік выкідваць!”. Узяў у рукі, расцягнуў мех — загучаў! Гук пісклявы, праўда, але ж іграць можна. Вось рамантую зараз, трэба пару клавішаў даставіць. І балалайку там забраў. Аддаў, праўда, іншым, якім яна патрэбнай аказалася.
У зялёнага гармоніка з прывабнай інкрустацыяй таксама ёсць свая даўняя гісторыя. Набыў яго Аляксандр Міхайлавіч выпадкова, падчас паездкі ў райцэнтр.
— У камісійным аддзеле ўнівермага бачу — стаіць гармонічак, — узгадвае былое музыка. — “А ці можна, каб паіграць?” — звяртаюся да працаўца. “Калі ласка, калі ўмееце”, — усміхнулася яна. Я і расцягнуў мяхі на “полечку”. Спадабаўся мне гэты гармонік. А каштаваў ён пяцьдзясят рублёў. Я ў кішэні, там — толькі трыццаць пяць. Ну, думаю, калі не возьме хто, то наступным разам куплю. Даехалі з сябрам да Шыкавічаў, спыніліся, яшчэ раз грошы пералічылі. Дакладна не хапае. У галаву прыйшла думка: “А што калі задатак даць?”. Вярнуліся ў магазін і пачалі весці перамовы. “Пачакайце, — кажа прадавец. — Ён ужо два тыдні тут стаіць, можна рабіць пераацэнку”. Чакаем, і яна ў рэшце рэшт называе нам суму — трыццаць пяць рублёў. Уяўляеце? Вязу гармонік дадому, а як жонцы сказаць пра пакупку — не ведаю. Схаваў на шафу, а паіграць жа хочацца. Давялося прызнацца. Яна мне: “Каму што, а Фільцы — гармонік!”. Цесць гэту пакупку таксама не ацаніў. Неяк ускінуў на вочы, што, маўляў, хату купілі, да ладу ўсё даводзіць трэба, абжываацца, а ён гармонікі купляе, як быццам больш нічога не трэба.
Гэтыя ўспаміны зараз выклікаюць смех і ў гаспадара, і ў яго жонкі. За жыццё сям’я, родныя прызвычаіліся да слабасці Аляксандра Міхайлавіча. Дочкі на юбілейны дзень нараджэння мінулай восенню нават торт ў выглядзе зялёнага гармоніка прынеслі. Прыемна, яшчэ і як!
— Яно ж можа пасля нікому і не трэба будзе, — зазначае музыкант. —  Але вось іншы раз прыйдзе да мяне Канстанцін Андрэевіч Асаевіч, таксама музыкант-аматар, сядзем з ім, перабяром мае гармонічкі, пагаворым. З іншымі музыкамі маю зносіны. Ну ёсць такі інтарэс у жыцці, люблю музыку! Не так даўно ў тэлеперадачы “Поле цудаў ” пачуў аматарскую песню, якая вельмі адпавядае майму стану душы. Дзеці песню запісалі, а я вывучыў. Ну якраз пра мяне: “Я с гармошкой по жизни иду.// Как никто, мне она помогает.// Как умею, народ веселю.// Как умею, пою и играю!”.
Але не толькі музыкай жыве Аляксандр Міхайлавіч. Больш за сорак гадоў ён шчыра адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы. Як прыйшоў пасля тэхнікума, так і зараз, хоць і на пенсіі, але на працу ходзіць. Пачынаў загадчыкам склада паліўна-змазачных матэрыялаў і запчастак, потым стаў інжынерам па працаёмкіх працэсах. Трыццаць гадоў (з 1979 года) узначальваў работу збожжасушыльнага комплексу. У апошні час працуе машыністам цэха перапрацоўкі рапсу, у сталярцы займаецца.
Асабістае жыццё таксама склалася. Маладую дзяўчыну Зіну, эканаміста гаспадаркі, Усовіч заўважыў падчас вайсковага водпуску. Дзяўчына прыехала ў Занарач з Глыбоччыны на адпрацоўку пасля вучобы. Ужо пасля арміі завязаліся адносіны. У нейкай меры (так, па словах самога Усовіча, у вёсцы казалі) з-за Зіны Аляксандр і вучыцца ў тэхнікум пайшоў. Хацеў адпавядаць адукаванай дзяўчыне. На ўручэнне дыплома паехаў разам з ёй. Ну а потым у 1975 годзе і вяселле згулялі. З часам у сям’і нарадзіліся дзве дачкі: спачатку Святлана, потым — Аксана. У старэйшай, якая працуе ў аптэцы ў курортным пасёлку, ужо свая сям’я, сын Аляксандр. Малодшая працуе бухгалтарам у аднаго з прадпрымальнікаў Мядзела. Усе дружна збіраюцца ў бацькоў на святы, дапамагаюць упраўляцца па гаспадарцы, якая стала не такой вялікай, як калісьці, але ўсё роўна патрабуе значных намаганняў.
Выдатна спраўляецца Аляксандр Міхайлавіч і з грамадскай нагрузкай. Ён — старэйшына вёскі. У старшыні сельвыканкама Уладзіміра Зелянкевіча знаходзіцца на добрым рахунку. Старшыня кажа, што заўсёды можа разлічваць на яго дапамогу і падтрымку. Усовіча ў аграгарадку ведаюць і паважаюць. Ён не толькі на вечарынах на гармоніку грае, але і агарод аднавяскоўцу ўзарэ (ёсць асабісты трактарчык), і дроў дапаможа прывезці, тэхніку можа адрамантаваць. Нікому не адмовіць ды і рукі мае залатыя.
У альбомах і папках з сямейным архівам асобнае месца займаюць рознага плану ўзнагароды. Усё не пералічаш, але Аляксандр Міхайлавіч звяртае нашу ўвагу на адны з апошніх. Вось — грамата з адметным подпісам: “Во внимание к трудам на ниве церковной, в память 2000-летия Рождества Христова. С благословением, митрополит Минский и Слуцкий, патриарший экзарх Всея Беларуси”. Такую пашану атрымаў за старанную службу ў мясцовым царкоўным камітэце, старшынёй якога ён з’яўляецца шмат гадоў.  А вось —  грамата райвыканкама як пераможцу спаборніцтва сярод органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання за 2014 год. У 2015 годзе яго як лепшага старэйшыну вёскі ўзнагародзіў і Занарацкі сельвыканкам.
Жыццё Аляксандра Усовіча віруе, пераліваецца рознымі гукамі, адценнямі. Магчыма, яму проста шанцуе? Ці гэта душа, прагная да музыкі, вядзе па жыцці? А ён адгукаецца і грае, грае… Іграй, музыкант!
Іна ЯРЧАК.
На здымку: занарацкі гарманіст Аляксандр Усовіч.
Фота Аляксандра Высоцкага.


26 Студзень 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства, Свет тваіх захапленняў

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе 223_ Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси