Соладка, смешна і непрадказальна | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Соладка, смешна і непрадказальна

Прайшоў першы паўфінал фестывалю КВЗ
Які новы бізнес-праект прыдумалі старагабскія педагогі, што на сняданак у самых вясёлых гімназістаў і калі можна пачуць “малінавы звон”? Гэта і многае іншае гледачы маглі дазнацца падчас паўфінальнай гульні першага раённага фестывалю КВЗ. Прайшла яна ў суботу ў Мядзельскай сярэдняй школе №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Удзельнічалі чатыры каманды: «Вяршкі гумару» гаспадароў, «Фанера» Старагабскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, «Усе свае» гімназіі-інтэрната Мядзела, «От ДУШИ» Cваткаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы імя Максіма Танка.
Першым конкурсам была «Візітоўка». Каманда гімназіі-інтэрната абрушыла на гледачоў шквал мініяцюр. Прадстаўнікі Мядзельскай СШ №1 па-новаму асэнсоўвалі крылатую фразу: «Калі я ем … Мяне не спыніць». Уяўлялі, што было б, калі рэклама ажыла. Словам, пастараліся  зрабіць усё, каб было «соладка, смешна і непрадказальна».
 «От ДУШИ» дэманстравалі, як зрабіць з сумнага ўрока вясёлы ды фірмовыя сваткаўскія «забавушки». Паказалі, што ж такое «Малінавы звон» з вядомай песні. Па версіі сваткаўцаў — гэта калі пабіць слоікі з малінавым варэннем.
Педагогі са Старых Габ раскрылі, чаму не змянілі назву каманды на «Бумеранг», як абяцалі. Патлумачылі, што «за апошнія месяцы фанера, асабліва старагабская, вырасла ў цане, а бумеранг, хоць і вяртацца, але выраб не айчынны». Шчыра прызналіся, што іх бізнес з аптэчкай для педагога, які так настойліва рэкламавалі ў мінулай гульні, праваліўся. Але прыдумалі новы спосаб папоўніць кішэні: фота за грошы з настаўнікам Мікалаем Петухам як сімвалам гэтага года. І хоць танцаваць спрабавалі розныя каманды, але найбольш апладысментаў выклікаў якраз танец педагогаў.
Наступным конкурсам быў «Біятлон». Каманды па чарзе чыталі жарты, і горшая па меркаванні журы выбывала. Сваткаўцы жартавалі на вясковую тэматыку: «У прадаўшчыцы сельпо знік сшытак, і ў вёсцы запанавала анархія». Урэшце, гэтая каманда і стала лепшай у «Біятлоне».
У конкурсе «Відэаролік» прадстаўнікі Мядзельскай СШ №1 весела расказвалі пра сваю каманду. Каманда «Фанера» зняла, як яны знаходліва рыхтаваліся да праверкі, «Усе свае» — як удзельнікі каманды збіраюцца на вучобу. А настаўнік Сваткаўскага сада-школы Рыгор Хіла даваў парады, як трэба і не трэба маладому настаўніку весці сябе ў школе.
Кожны конкурс ацэньвала журы. І вось надышоў час падвесці вынікі ўсёй гульні. Але перад гэтым уражаннямі падзяліліся суддзі.
— Хачу сказаць вялікі дзякуй за тое, што вы падаравалі свята — свята гумару. — адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Ефімава. — Сёння было яшчэ лепш, чым у мінулы раз. Прадчуваю, які будзе наш фінал.
А выйшлі ў яго каманды Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі і Сваткаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы імя Максіма Танка. Лепшым акцёрам стаў Рыгор Хіла, прыз за лепшы відэаролік атрымала «Фанера».
Гульня не пакінула ўдзельнікаў раўнадушнымі: яны ад душы выкладваліся і шчыра перажывалі. І як доказ гэтага былі слязінкі радасці ад перамогі і горычы ад расчаравання на тварах юных удзельнікаў.
— Вельмі прыемныя ўражанні засталіся. Мы любім глядзець гульні КВЗ па тэлебачанні, а тым больш былі рады, калі нас запрасілі паўдзельнічаць, — дзеліцца дырэктар Старагабскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Таццяна Уласавец.
— Хто сцэнарый ствараў?
— Асноўны сцэнарыст у нас Алена Босая. А потым дадумвалі ўсе разам. Амаль кожны дзень уносіліся карэктывы.
— Што было самае цікавае?
— Гэта стварэнне відэароліку. Упершыню займаліся. Сюжэты прыдумвалі самі і здымалі на мабільныя тэлефоны. Аказалася, што сапраўды настаўнікі — на ўсе рукі майстры.
— У вас адзіная каманда, што цалкам складаецца з дарослых. Не цяжка было з моладдзю спаборнічаць?
— У нас нават такая і рэпліка ёсць: «Самая небяспечнае ў нашых сапернікаў — гэта маладосць».
— Самае галоўнае, што дырэктар увесь час з намі, — дадаюць настаўнікі. — Ды і асноўнае ў наш час — гумар.
Другі паўфінал раённага фестывалю КВЗ пройдзе 21 студзеня ў 17 гадзін. У ім сустрэнуцца каманды Цэнтра творчасці, турызму дзяцей і моладзі раёна, Нарацкай СШ №2, Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа, Слабадской СШ імя Адама Гурыновіча.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.


19 Студзень 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          на Блакітных азёрах        0-170 dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси