“Сваю я людзям цеплыню аддам і сэрцам, і душой”

ПАД кіраўніцтвам педагогаў Ганны ТАЧЫЦКАЙ і Веры ТАЛАЙКІ вучні Сваткаўскага ВПК д/с-СШ Арцём БАРДЫНЬШ і Сняжана БАРДЫНЯ вывучалі гісторыю быкаўскага прысвячэння да аповесці “Абеліск”. Па выніках абласнога конкурсу іх праца адзначана дыпломам трэцяй ступені. Але для жыхароў Мядзельшчыны гэта даследаванне цікавае не толькі з пункту гледжання літаратуразнаўства… Прапануем яго асобныя фрагменты: 
Быкаўская аповесць “Абеліск” пачынаецца з прысвячэння: “Светлай памяці М. А. Пашкевіча”. Чаму ж яму, настаўніку Сваткаўскай школы, Васіль Быкаў прысвяціў свой твор? Гэта прысвячэнне стала першым з трох: пазней пісьменнік ахвяруе творы толькі Уладзіміру Караткевічу і Рыгору Барадуліну…
 …Мядзельшчына апаясана густою сеткаю дарог. Адна з іх, праразаючы гушчар бароў, вядзе да маленькай вёсачкі Гарадзішча. Тут у звычайнай сялянскай сям’і 20 мая 1936 года нарадзіўся Мікалай Арсеньевіч Пашкевіч. Ён быў сёмым, малодшым дзіцём. Маці, Вольга Фамінічна, некалі вучылася ў гімназіі, але лёс склаўся не так, як марыла ў юнацтве. Ад яе Міколу перайшла не толькі прыгажосць, але і многія станоўчыя рысы характару, што праявяцца ў яго кароткім жыцці…
Закончыўшы Халмоўскую пачатковую школу, Мікалай прыйшоў вучыцца ў Сваткі. Паводле ўспамінаў настаўніцы, а потым калегі Пашкевіча Вольгі Пястун, быў вельмі актыўным. Спяваў у школьным хоры, граў на гармоніку і балалайцы. Ні  адна сцэнічная пастаноўка не абышлася без яго ўдзелу, і выконваў хлопец выключна галоўныя ролі. Любімымі прадметамі былі беларуская мова і літаратура. І ўжо тады праявіліся здольнасці пісаць сачыненні і нават вершы.
Пасля школы служыў у арміі. У дэсант бралі хлопцаў здаровых, дужых, валявых і вынослівых — Мікалай цалкам адпавядаў гэтым патрабаванням. Потым вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, дзе настаўнікамі і дарадцамі хлопца былі Алег Лойка, Іван Навуменка, Язэп Семяжон, Ніл Гілевіч.
 У 1963 годзе Мікола Пашкевіч вярнуўся ў Сваткаўскую школу настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Праз год стаў арганізатарам пазакласнай работы, потым — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Шчырасцю, чалавечнасцю, любоўю да педагагічнай справы заваяваў павагу калег, выхаванцаў, насельніцтва. Арганізаваў гурток паэзіі “Маладая рунь”,  у якім без прымусу ўдзельнічалі ўсе без выключэння старшакласнікі. Выпускаў аднайменныя сценгазету і альманах. Многія вершы вучняў і настаўніка друкаваліся ў “Нарачанскай зары”, піянерскіх рэспубліканскіх газетах, “Чырвонай змене” і нават у “Літаратуры і мастацтве”. Удзельнікі гуртка часта выступалі на школьным і раённым радыё, у іх бралі інтэрв’ю для “Нарачанскай зары”. На злёце маладых паэтаў у Мінску ў 1966 годзе два ўдзельнікі гуртка былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі, многія — адзначаны падзякамі і пахвальнымі лістамі.
 Досвед працы педагог абагульніў у Мінскім абласным інстытуце ўдасканалення настаўнікаў і ў 1968 годзе выдаў метадычны дапаможнік “З вопыту работы літаратурнага гуртка”. Гэта была адна з першых такога роду прац у рэспубліцы.
Дзякуючы намаганням Пашкевіча, з 1965 па 1971 гады Сваткаўскую школу наведалі вядомыя беларускія паэты і празаікі: Максім Танк, Уладзімір Караткевіч, Іван Мележ, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Мікола Аўрамчык, Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Язэп Семяжон, Анатоль Вярцінскі і іншыя. Гурткоўцы пісалі лісты Івану Шамякіну, Івану Мележу, Васілю Быкаву, Уладзіміру Караткевічу і нават Міхаілу Шолахаву. Гэта былі глыбокія разважанні аб спецыфіцы літаратуры, вобразах, творах, жыцці.
 Настаўнік арганізоўваў паездкі ў тэатры і музеі, паходы па месцах баявой і працоўнай славы. Ленінград, Мінск, Брэст, Кобрын, Івянец, Белавежская пушча, Нясвіж, Заслаўе, Вязынка, Мікалаеўшчына — няпоўны пералік мясцін, дзе неаднаразова пабываў з вучнямі Мікалай Арсеньевіч.
 У 1967 годзе Пашкевіч паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі, але па стане здароўя не змог яе закончыць. Вярнуўся да працы ў школе і адначасова вучыўся ў аспірантуры завочна.
 …Светлы ўспамін пакінуў Мікалай Пашкевіч і ў аднавяскоўцаў. Тады на ўсё Гарадзішча была адна студня, бо грунтавыя воды тут на вялікай глыбіні. Мікалай Арсеньевіч узняў пытанне аб будаўніцтве водаправода, але атрымаў адмову. Тады за свае грошы зрабіў свідравіну. Вяскоўцы п’юць з яе ваду і сёння…
 Цяжкая хвароба хутка падкасіла Пашкевіча. У бальніцы ён паводзіў сябе мужна, не даймаў дактароў пытаннямі. Напярэдадні новага 1972 года яшчэ выпусціў сценгазету, дзе ў вершаванай форме віншаваў увесь медперсанал. І да апошніх хвілін казаў: “Я сёння бачу сонца, і дзякуй Богу”. А ў канверце трымаў засушаную кветку васілька, якую спадзяваўся неяк перадаць на магілу Максіма Багдановіча.
 Мікалая Пашкевіча не стала 14 сакавіка 1972 года. Шмат людзей прыйшло развітацца з ім. Труну неслі ад школы да гарадзішчанскіх могілак (5 кіламетраў), а такой жалобнай працэсіі, што рушыла следам, раней не даводзілася бачыць. Быў сонечны цёплы дзень. Праз дарогу беглі ручайкі. Як гэтыя ручайкі, каціліся людскія слёзы. Калі закончылі засыпаць магілу, Рэма, жонка Мікалая Арсеньевіча, адпусціла з рук аднагадовага сына… Ён патупаў па паверхні бацькавай магілы, пакідаючы малыя слядкі. Іх так і не загладзілі.
 Вучні, настаўнікі, сябры сабралі грошы на помнік, які натхнёна зрабіў вядомы скульптар Іван Міско.
 …Педагагічная дзейнасць Мікалая Пашкевіча была кароткай — менш за восем гадоў. Але за гэты непрацяглы тэрмін зроблена шмат. Бясконцыя пошукі, клопат пра людзей, непасрэднасць, няўрымслівасць былі галоўнымі рысамі характару Міколы Пашкевіча. У адным з вершаў ён акрэсліў сваё жыццёвае крэда:
Сваю я людзям цеплыню 
Аддам і сэрцам, і душой.
Я ненавіджу цішыню,
І толькі ў бурах мой спакой.
На здымках: 1. Мікалай Пашкевіч працуе над выпускам сценгазеты “Маладая рунь”; 2. Аўтограф верша Мікалая Пашкевіча “Ты не адзінокая, мама”; 3. З Максімам Танкам.


12 Студзень 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя, Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

dsc_5774-3 возера Глубелька на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела