Калі ласка — яйкі з Выгалавічаў!

НАПРЫКАНЦЫ мінулай вясны, калі па Выгалавічах пракацілася вестка наконт таго, што тут збіраюцца аднаўляць работу мясцовай птушкафабрыкі, мала хто з вяскоўцаў у гэта паверыў. Маўляў, чаго толькі людзі не напрыдумваюць! Быў час, калі “Новая зара” славілася добрымі вытворчымі справамі па ўсёй сталічнай вобласці, пра яе ведалі ў краіне і за мяжой. Адсюль патокам ішлі ў розных накірунках да спажыўцоў яйкі і мяса птушкі, смачныя маянэз і каўбасы, бо ўсё рабілася з якаснай натуральнай сыравіны. Аб многім сведчыць такі красамоўны факт: прадпрыемства давала больш за сорак працэнтаў ад валавой прадукцыі аграпрамысловага комплексу раёна. На жаль, пяцігодкі з тры таму яно пачало паступова губляць сваю былую славу, пакуль канчаткова не прыйшло ў заняпад. І вось новы, не зусім чаканы, паварот у справе — за адраджэнне ўшчэнт разваленай птушкафабрыкі вырашыла ўзяцца прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Кажучы шчыра, гэта абнадзейвала па той простай прычыне, што ў яго ўжо меўся імідж саліднай арганізацыі. Хаця вытворчасць яек слаба стасавалася са спрадвечнымі клопатамі “лекараў зямлі”. Як і шмат чаго іншага, чым даводзілася займацца арганізацыі на працягу апошніх год. Многія з нашых чытачоў памятаюць, як меліяратары ў рамках Дзяржаўнай праграмы экалагічнага аздараўлення возера Нарач узяліся за грунтоўную рэканструкцыю звычайнай фермы “Баяры” ў таварыстве “Мядзелаграсэрвіс”. За кароткі час і, што немалаважна, за невялікія грошы яны пераўтварылі яе ў сучасны комплекс з даільнай залай. На наступны год, “набіўшы руку”, узяліся за ўзвядзенне ў чыстым полі сучаснага цэха па вытворчасці малака “Палессе”, аснашчанага па апошнім слове тэхнікі, у ваколіцах Будслава. Заўважце, не якаясь будаўнічая арганізацыя, а іх на той час у раёне налічвалася дзве, а калектыў прадпрыемства меліярацыйных сістэм! І яму ўсё ўдалося на славу! Пазней яе прымножылі здадзеныя ў эксплуатацыю шматкватэрныя жылыя дамы, цудоўная школа ў курортным пасёлку Нарач…
— Па маім меркаванні, — дзеліцца дырэктар ПМС Юрый Скармаховіч, — наўрад ці ўдалося б нам так хутка запусціць птушкафабрыку ў работу, каб не руплівасць і шчырая зацікаўленасць у поспеху гэтай справы вельмі многіх людзей. Напачатку, пры знаёмстве з вытворчасцю, усё здавалася больш простым: стаялі птушнікі, мелася абсталяванне. Паспрабавалі, быццам рабочае. Аднак, калі далі яму вытворчую нагрузку, многае запатрабавала вялікага рамонту і замены: мноства падшыпнікаў, ленты па зборы яек, выдаленні памёту… Няспраўнай аказалася і машына па сартаванні яек узору сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Тады іх выраблялі ў Расіі, а цяпер яны ўжо зняты з вытворчасці. Адно добра — запчасткі выпускаюць. Разабраць машыну разабралі, а вось правільна сабраць — узніклі праблемы, бо не было ніякай дакументацыі. Выручыў машыніст помпавай станцыі Васіль Грыневіч, які змог раздабыць яе праз свайго аднакурсніка па ўніверсітэце. Патрэбныя вузлы і запчасткі набывалі ў Магілёве і Гомелі, у Мінску. Зараз механічная частка ў страі, засталося ўзнавіць вагавую гаспадарку, якая дазволіць калібраваць яйкі і ставіць на іх штампы ў залежнасці ад катэгорыі.
— Па-другое, — працягвае Юрый Іванавіч, — і гэта вельмі істотна, вытворчасць яек, вырошчванне птушкі — справа для нас зусім новая, мы ніколі з ёй да гэтага не сутыкаліся. Таму зацікаўленыя кадры шмат ездзілі па іншых птушкафабрыках, глядзелі, што да чаго, вучыліся, пераймалі вопыт, бралі кансультацыі. І да сябе запрашалі ў госці вопытных спецыялістаў. У прыватнасці, са Шчучына, дзе эфектыўна працуюць па развіцці племянной птушкагадоўлі. Нашы практычныя крокі ў гэтым напрамку пераконваюць: калі вельмі хочацца зрабіць штосьці добрае, то абавязкова атрымаецца! Вось і ў Выгалавічах мы ўжо выходзім на таварную прадукцыю, у студзені мяркуем адгрузіць сваім спажыўцам не менш за адзін мільён 100 тысяч яек.
Як адзначаюць у дырэкцыі, вялікая заслуга ў тым, што ўдалося ажывіць “ляжачую” птушкафабрыку, галоўнага інжынера прадпрыемства Паўла Пекарчыка. На першым часе яго служба пры даводцы абсталявання да ладу “чаравала” над ім ад цямна да цямна. І ніхто не скардзіўся, бо ўсе свядома імкнуліся да пастаўленай і жаданай мэты — запусціць у птушніках наяўныя механізмы і лініі ў работу. На першым этапе ў якасці начальніка вытворчасці добра сябе зарэкамендаваў Андрэй Скадорва, бо важна было рабіць усё і ўсюды без браку, каб потым не давялося папраўляць. Нікому не патрэбныя пераробкі зусім не бяскрыўдныя, за імі — марнатраўства рабочага часу, фінансавых сродкаў. А гэтага, дзякуючы ў многім Андрэю Іванавічу, удавалася пазбягаць. З наладчыкаў добра сябе зарэкамендавалі слесар Васіль Звяруга, механізатар Андрэй Лукашэвіч, які і на трактары робіць, і на мантажы, наладцы абсталявання. Зараз начальнікам гэтага вытворчага ўчастка ПМС працуе Часлаў Адамовіч, тэхнолагам — Тамара Філіповіч, спецыялістам па маркетынгу Сяргей Казакевіч. У свой час, Сяргей Валер’евіч закончыў Мінскі гандлёвы каледж, дзе атрымаў дыплом таваразнаўцы. Па спецыяльнасці нідзе не ўладкаваўся, рабіў на будаўнічых аб’ектах, у тым ліку і на ўзвядзенні новай школы ў курортным пасёлку.
— Аказалася, — расказаў ён з задавальненнем пры сустрэчы, — вучыўся не дарэмна. Цяпер мой галоўны клопат — рэалізацыя ў поўным аб’ёме атрыманай на птушкафабрыцы прадукцыі па прымальнай цане, каб быць з прыбыткам. Напрацоўкі ў гэтым напрамку ўжо зроблены. Будзем прапаноўваць яйкі і мядзяльчанам, для гэтага на міні-рынку ў райцэнтры майструем свой фірменны павільён, які гасцінна расчыніць свае дзверы для першых пакупнікоў ужо ў студзені.
Ладная нагрузка выпала напачатку і на долю птушніц Іны Сільвановіч і Наталлі Іваньковай. Асабліва, калі толькі завезлі вялікую партыю сутачных куранят. Першы месяц яны дзяжурылі ў восьмым птушніку, дзе іх размясцілі, практычна кругласутачна.
— Работа ў нас пазменная, — адзначыла ў гутарцы Іна Віктараўна. — Даю два выхадныя Іваньковай, астатнія дні занята на сартаванні яек. Скажу шчыра: заробкамі задаволены, праца ў радасць! Нам застаецца толькі падзякаваць кіраўніцтву прадпрыемства меліярацыйных сістэм, што адрадзілі птушкафабрыку. Ведаеце, у вёсцы спачатку ніхто і верыць не хацеў у такі цуд. Вялікія сумненні былі наконт гэтага. І толькі калі пасадзілі куранят, аптымізму ў вяскоўцаў значна прыбавілася. Кожны разумее: набярэцца моцы птушкафабрыка, зусім іншае аблічча, куды больш прывабнае, набудуць і Выгалавічы.
Сёння тут з поўнай нагрузкай працуе адзінаццаты птушнік, у якім пасаджана каля сарака сямі тысяч курэй-нясушак. Восьмы таксама гатовы да работы, у ім можна гадаваць бройлераў. Пытанне, як вы самі разумееце, упіраецца ў фінансы. На сёння, па словах Юрыя Скармаховіча, яны ўжо ўклалі ў адраджэнне птушкафабрыкі больш за 400 тысяч рублёў. Пойдзе справа — будзе пашырацца і вытворчасць. А пакуль тут аднаўляюць работу аўтаматыкі, ставяць плот, манціруюць відэаназіранне, рамантуюць адміністрацыйны будынак і разлічваюць атрымаць сёлета не менш за 15 мільёнаў яек. Будзем спадзявацца, што і мы неўзабаве зможам набываць іх у фірменным павільёнчыку не толькі другой і першай катэгорый, але і адборныя, на якіх ставіцца штамп “СО”.
Павел ЖУКАЎ.
На здымках: 1. На сартаванні яек занятыя Марына Падбярэзская і Алена Сільвановіч; 2. Спецыяліст па маркетынгу Сяргей Казакевіч; 3. Слесар Вадзім Мядзведскі; 4. Падменная птушніца Іна Сільвановіч; 5. Наладжваюць стужку яйказбору механізатар Андрэй Лукашэвіч і слесар Васіль Звяруга.
Фота Аляксандра Высоцкага.


06 Студзень 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Эканоміка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   Касцёл у Мядзеле  Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси