Крыж у памяць пра паўстанцаў

Воддаль ад цэнтра Княгініна па завулку Школьны стаяць два дамы. А побач крыж, якому ўжо больш за стагоддзе. Пастаўлены ён па паўстанцах 1863 года. Пра яго гісторыю можа расказаць гаспадыня аднаго з дамоў — Ірына Будзько. Ёй ідзе 81-ы год. Усё жыццё жанчына пражыла побач з крыжам — у доме, які пабудаваў бацька ў 30-х гадах мінулага стагоддзя.
— З самага маленства гуляла тут. Як навучылася чытаць, пачытала, што на дошчачцы напісана, — расказвае яна.
Па словах Ірыны Лукінічны, крыж паставілі ў пачатку XX стагоддзя:
— Стары Андрон нарадзіўся ў 1901 годзе. Ён тады малы быў, але помніў, як крыж устанаўлівалі. Казаў, што пахаваныя ля яго тыя, хто супраць цара ваяваў. Ад расправы выратаваўся толькі адзін з іх, які залез у ваду і праз трыснёг дыхаў. Напачатку тут быў драўляны крыж. Потым упраўляючы маёнтка Франц Лукацэвіч прывёз з Вільні і ўстанавіў чыгунны.
Цяпер паловы дошчачкі з надпісам на крыжы няма. Але Ірына Будзько памятае надпіс: “Па ўсім памершым, каторыя пакояцца ў гэтай магіле. Франц Васільевіч Лукацэвіч”.
Дошчачка не раз ламалася: тэхніка за  яе чаплялася. Калі першы раз разламалася, знайшоўся зваршчык, прыварыў. А потым зноўку яна разламалася.
Прыгадвае Ірына Будзько, што неяк праганяла купку моладзі, якая хацела крыж выкапаць. Але той моцна стаіць: краталі і не павярнулі. Так што, Ірына Лукінічна — своеасаблівы ахоўнік крыжа.
— Колькі буду жыць, буду глядзець, каб не ламалі яго. Гэта ж — крыж! І я ж усё  жыццё ля яго хаджу…
Дапамаге ёй сын Леанід, які жыве ў Вілейцы. Ён абкошвае тут. А як крыж пахіліўся, падкапаў, параўняў. Летась пафарбаў яго, зрабіў абгародку.
Крыж выклікае цікавасць краязнаўцаў: бывае, прыязджаюць, фатаграфуюць, распытваюць.
Як паўстанцы ўцякалі
Падобныя да расказаў Ірыны Будзько звесткі з невялікімі адрозненнямі і дапаўненнямі можна адшукаць ва ўспамінах, якія краязнаўца Вадзім Праўрацкі запісаў больш за дзесяць год таму ў Княгініне ў Сяргея Дземідовіча. Успаміны цалкам друкавалі ў «Нарачанскай зары» ў 2006 годзе, то цяпер толькі нагадаем вытрымкамі:
«… Падчас паўстання 1863 года шмат жыхароў з Княгініна і навакольных вёсак падалося да паўстанцаў. Але царскі прыслужнік Мураўёў усіх іх разграміў… Групу палонных паўстанцаў прывялі ў памесце Стара-Княгінін і загналі ў вазоўню (хлеўчык, дзе стаялі вазы і сані). Царскія афіцэры тым часам дазволілі сваім салдатам адсвяткаваць перамогу.
Сярод паўстанцаў быў адзін з прыслугі, праваслаўны. Яго казакі проста адлупілі і адпусцілі. Улучыў момант, калі ўсе салдаты панапіваліся,  падышоў да вазоўні і сказаў: «Я вам нічым не дапамагу, толькі ўсе п’яныя і калі жадаеце, можаце паспрабаваць уцячы». Палонныя паўстанцы знайшлі ў санях бервяно, выбілі на два вянцы ў сцяне праём і кінуліся наўцёкі. Але іх усіх палавілі і павесілі.
Адзін толькі выратаваўся, які ў стаў з вадой схаваўся. Паўстанец з трыснягу зрабіў трасціну, праз якую дыхаў, і так уратаваўся.
Давялося праседзець у вадзе колькі часу, а потым дабраўся да суседняй вёскі Выгалавічы. У Выгалавічах паўстанец ляжаў з гарачкай. А хаваўся, пэўна, у Гламбоцкага.
… Пахавалі паўстанцаў у агульнай магіле, што знаходзілася на ўскрайку могільніка вёскі Будкі. Па расказах старажылаў, крыж заказалі кіраўнікі паўстанцаў, якія ўцяклі за мяжу. Крыж быў прывезены і схаваны, бо панскі ўпраўляючы пабаяўся яго ўсталяваць. І толькі дзесьці на пачатку ХХ стагоддзя крыж паставіў сын упраўляючага па прозвішчы Лукацэвіч».
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымках: Ірына Будзько; крыж на магіле паўстанцаў 1863 года.
Фота аўтара.


06 Студзень 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка  Касцёл у Мядзеле  wjx6x-f4hhi на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела