Старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій ВАЙНІЛКА: НЯХАЙ ЗБЫВАЮЦЦА ЗОРНЫЯ МАРЫ ДЫ КВІТНЕЕ НАШ РОДНЫ КРАЙ!

— ЗУСІМ хутка мы ўступім у новы, 2017 год. У гэты час прынята падсумоўваць зробленае, вызначаць задачы на перспектыву. З якімі ж набыткамі сустракаюць усімі шануемае свята працаўнікі Мядзельшчыны? Адзначу, што, не зважаючы на няпростыя эканамічныя ўмовы,  забяспечана станоўчая дынаміка развіцця нашага азёрнага краю. Бадай, самая адметная падзея адыходзячага года — увод у строй дзеючых напярэдадні 1 верасня цудоўнай школы ў курортным пасёлку Нарач на 510 месцаў. Было нямала разважанняў кшталту: ці варта яе будаваць? На радасць мясцовага люду, верх узяў цвярозы разлік, абгрунтаваная мэтазгоднасць узвядзення новай школы, бо ў старой было зацесна, вучні займаліся ў дзве змены. Так, клопатаў хапіла, затрачана больш за дзясятак мільёнаў бюджэтных рублёў. Затое маем цяпер сучасны комплекс для грунтоўнага навучання і выхавання дастойных грамадзян сваёй роднай Беларусі. Адметна тое, што ўзвялі камфортную ўстанову за лічаныя месяцы, таму ўдалося пазбегнуць мноства негатыўных момантаў, уласцівых доўгабудам. І тут трэба аддаць належнае генеральнаму падрадчыку — прадпрыемству меліярацыйных сістэм на чале з дырэктарам Юрыем Скармаховічам. Нядаўна многіх з прадстаўнікоў калектыву, якія рупна і адказна папрацавалі на аб’екце, адзначылі Ганаровымі граматамі і падзякамі камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама. Увогуле, не адзін дзясятак чалавек. Пагадзіцеся, яркі факт, які аб многім сведчыць.
На рахунку гэтай арганізацыі яшчэ адна вельмі добрая справа. За апошнія гады мы ўжо прывыклі да таго, што ў нас штосьці развальваецца, закрываецца альбо спыняе сваю работу. А меліяратары, наадварот, прыклаўшы, скажам прама, вялікія намаганні, змаглі аднавіць дзейнасць колішняй птушкафабрыкі “Новая зара”. Пакуль ранавата казаць, што там спаўна задзейнічаны ўсе вытворчыя магутнасці, але адтуль вось-вось таварная прадукцыя паступіць у гандлёвую сетку. Апрача Юрыя Іванавіча, нямала парупіліся і яго надзейныя памочнікі — галоўны інжынер Павел Пекарчык, каардынатар аднаўленчых работ Андрэй Скадорва, спецыяліст па маркетынгу Сяргей Казакевіч, тэхнолаг Тамара Філіповіч, птушніцы Іна Сільвановіч і Наталля Іванькова, слесар Алег Звяруга. Важна і тое, што ў ваколіцах Выгалавічаў падрыхтавана да ўводу ў севазварот не менш за дзве сотні гектараў зямель, на якіх закаласяцца збожжавыя, пасеяць бабовыя культуры.
Многае зроблена для руху наперад у аграпрамысловым комплексе. На жаль, сёлета не змаглі па-сапраўднаму разгарнуцца ў раслінаводстве, бо хлебаробам яўна не паспрыяла надвор’е. Тым не менш, усё вырашчанае ўбралі, засыпалі неабходную колькасць насення пад ураджай семнаццатага года, не засталіся і без зернефуражу. Не зважаючы нават на прыродныя катаклізмы, два старшыя камбайнеры з таварыства “Сваткі” Пётр Скурко і Уладзімір Швайкоўскі намалацілі ў жніво больш, чым па тысячы тон збожжа. На нашых беднаватых землях, каб дасягнуць такога паказчыка, трэба, ой, як пастарацца, працаваць без аглядкі, напружана і самааддана! Таму і ўдзячнасць такім хлебаробам, шанаванне асаблівыя. Зноў жа, найбольш зладжана правялі жніво ва ўзгаданым таварыстве “Сваткі” пад кіраўніцтвам вопытнага і адказнага дырэктара Мікалая Вараб’я. У значнай меры таму ў гаспадарцы забяспечана неблагая, з улікам зацяжных дажджоў, ураджайнасць збожжавых — 35 цэнтнераў з гектара, а валавы намалот перавысіў 5150 тон. Удала правялі яны і кампанію па нарыхтоўцы кармоў. А гэта дазваляе цяпер нарошчваць вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. Надой малака ад каровы гэтымі снежаньскімі дзянёчкамі набліжаецца да пуда. Яшчэ вышэйшая прадуктыўнасць дойнага статка ў Нацпарку “Нарачанскі” — больш за васямнаццаць кілаграмаў. І там, і там ёсць прыбаўка ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года. А калі браць увогуле, то за адзінаццаць месяцаў у першай з іх надой малака ад каровы склаў 5710 кілаграмаў, а ў другой — 6240. У ліку знатных аператараў машыннага даення на Мядзельшчыне Марыя Субач, Ірына Доніна і Святлана Герасімовіч з комплексу “Новікі” таварыства “Сваткі”. Вы толькі ўявіце, пры заданні 6100 надой ад каровы па іх групах за адзінаццаць месяцаў склаў ажно 7088 кілаграмаў. Ну што тут можна сказаць? Малайцы, так трымаць! Вось з каго трэба браць прыклад, на каго раўняцца ў жывёлагадоўлі! Узор догляду за пагалоўем на адкорме ў гэтай гаспадарцы дэманструе Мікалай Нікіфараў. Гэта ж не так і проста забяспечыць сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе бычкоў пад цэлы кілаграм! Калі быць дакладным — 950 грамаў, што на 162 грамы больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Заслугоўвае таксама ўдзячнасці і выніковая работа аператараў па дарошчванні цялятак Алены Чарняўскай са сваткаўскай фермы “Рудзевічы”, Тэрэсы Семянковай з фермы “Камарова” таварыства “Свір-Агра”, па групах якіх прывагі перавышаюць семсот трыццаць грамаў.
З гаспадарак, дзе на належным узроўні арганізоўваюць правядзенне важнейшых кампаній на вёсцы, трэба адзначыць і “Мядзельскае райаграпрамэнерга”, дзе дырэктарам ужо шмат год Віктар Васілевіч. Нельга не ўзгадаць з удзячнасцю і калектывы, у якіх зараз на фермах прыбаўка ў надоях малака ад каровы ў параўнанне з леташнім перавышае два кілаграмы: “Вузлянка”, “Будслаўскае”, “Слабадская зара”, “Мядзелаграсэрвіс”. Чаму акцэнтую на гэтым увагу? Ды таму, што зараз для таварыстваў, а, значыць, і для ўсяго раёна, нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці малака — найбольш перспектыўны і цалкам рэальны шлях для ўмацавання эканомікі. І той, хто зможа яго выкарыстаць, апынецца з часам у яўным фінансавым выйгрышы. Тым больш, што магчымасцей для росту ў нас хоць адбаўляй, практычна паўсюдна бачна мноства рэзерваў. Менавіта ў іх максімальным задзейнічанні, вяршэнстве тэхналагічнай дысцыпліны і бачыцца аснова поспеху.
Цудоўнай асаблівасцю нашага краю з’яўляецца наяўнасць шматлікіх здраўніц, Нацыянальнага парку “Нарачанскі”. З кожным годам павышаецца папулярнасць санаторыяў, умацоўваецца іх матэрыяльна-тэхнічная база. Гэтаму ў значнай меры паспрыяла Дзяржаўная праграма далейшага развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну. Прыклад тут па выхаду на еўрапейскі ўзровень развіцця дэманструюць калектывы “Прыазёрнага”, “Спадарожніка”, Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” і “Соснаў” з вядомымі на Мядзельшчыне кіраўнікамі Аляксеем Шапяцько і Уладзімірам Сяржантам, Надзеяй Ануфрыевай і Аляксандрам Шчука. Да іх на аздараўленне прыязджаюць не толькі грамадзяне Беларусі, але і шматлікія замежнікі не з аднаго дзясятка краін. Іх прывабліваюць як маляўнічыя краявіды ў наваколлі возера Нарач, так і высокі ўзровень абслугоўвання, вялікі пералік эфектыўных аздараўленчых працэдур самага рознага кшталту. Многія госці застаюцца ў захапленні ад змястоўнага, карыснага і захапляючага адпачынку, на развітанне яны пакідаюць у здраўніцах удзячныя водгукі.
У сацыяльнай сферы плённа завяршае год аддзел адукацыі, спорту і турызму. Не можа не радаваць, што выпускнікі раёна паказалі грунтоўныя веды на цэнтралізаваным тэсціраванні. Пацвярджэннем таму і тое, што сярэдні бал па дзевяці вучэбных прадметах перавышае рэспубліканскі ўзровень, па дванаццаці — абласны. Стобальны вынік дасягнуты па матэматыцы і грамадазнаўству. А скарбонка высокіх узнагарод папоўнілася дванаццаццю дыпломамі рэспубліканскіх конкурсаў і турніраў. Вучні Алёна Грыгалёнак, Таццяна Кавалёнак, Дзяніс Марач і педагог Людміла Канстанцінаўна Шчалкунова атрымалі падтрымку спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Удала развіваецца легаканструяванне: на рахунку каманды гімназіі-інтэрната горада Мядзела пад кіраўніцтвам Вячаслава Саўчыка па два залатыя і бронзавыя медалі, кубак, чатырнаццаць дыпломаў абласных і рэспубліканскіх конкурсаў робататэхнікі. Пры рамонце ўстаноў адукацыі начальнік аддзела Таццяна Ефімава шырока выкарыстоўвае гаспадарчы спосаб, што дазваляе эканоміць бюджэтныя сродкі. Такім чынам іх прыведзена ў парадак роўна дзесяць, ды яшчэ капітальна адрамантавана спартыўная зала Сваткаўскага дзіцячага садка-сярэдняй школы імя Максіма Танка. Агульны аб’ём асвоеных фінансавых сродкаў таксама не з маленькіх — 345 тысяч рублёў.
Па шматлікіх водгуках, згодна з патрабаваннямі часу, працуе наш сектар па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, дзе загадчыцай Святлана Пруднікава. Там выконваецца больш за паўсотні самых розных адміністрацыйных працэдур, прымаюцца дакументы на выдзяленне зямельных участкаў для будаўніцтва індывідуальных дамоў, праводзяцца нарады і семінары з супрацоўнікамі сельвыканкамаў па актуальных пытаннях развіцця заканадаўчай базы. Нагрузка на двух спецыялістаў значная, аднак яны спраўляюцца, работа сектара заслужыла сёлета станоўчую ацэнку падчас маніторынгаў абласнога выканаўчага камітэта і Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Пэўныя набыткі забяспечаны ў адыходзячым годзе і ў астатніх галінах народнай гаспадаркі раёна. Безумоўна і тое, што мы будзем іх мэтанакіравана прымнажаць, клапаціцца пра тое, каб азёрны край станавіўся ўсё больш прывабным і адметным на прасторах Беларусі. Адной з актуальных нашых задач на бліжэйшую перспектыву з’яўляецца ўвядзенне ў строй дзеючых гатэля на беразе Мястра. Упэўнены, што праз некалькі месяцаў яго будынак стане яркім упрыгажэннем Мядзела, адной з “візітных картак” курортнага райцэнтра. Мэтанакіравана папрацуем налета і па выкананні даведзеных прагнозных паказчыкаў, іншых напрамках з акцэнтам на безумоўнае паляпшэнне жыцця нашых грамадзян з улікам таго, што 2017 аб’яўлены ў нашай краіне Годам навукі. Будзем з поўнай аддачай імкнуцца, каб усё намечанае намі атрымалася, а задуманае абавязкова збылося. Шчыра жадаю ўсім землякам і шаноўным гасцям нарачанскіх здраўніц моцнага здароўя, святочнага настрою, удачы і лепшага заўтра, няхай у вашых дамах заўсёды пануюць узаемаразуменне і дабрабыт. Сардэчна зычу таксама новых вытворчых здзяйсненняў на карысць і далейшы росквіт нашай сінявокай Мядзельшчыны, Міншчыны, Рэспублікі Беларусь! З Новым годам вас, шаноўныя сябры, з новым шчасцем!


30 снежня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        wjx6x-f4hhi Лебедзі на Нарачы на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси