З пажаданнямі дабра і міру, любові і радасці

Разам з прыгажуняй-зімой да нас прыходзяць чароўныя святы — Каляды і Новы год. Нездарма іх з нецярпеннем чакаюць, ад душы радуюцца. Бо гэта час надзей, мар, выканання жаданняў, сустрэч добрых сяброў, новых знаёмстваў і адкрыццяў. А яшчэ і ўпрыгожаная ёлка, нязменныя казачныя персанажы Дзед Мароз і Снягурка, падарункі, розныя сюрпрызы, цікавыя мерапрыемствы. Адным з такіх і стаў традыцыйны Калядны пераднавагодні дабрачынны баль у НДЦ “Зубраня”. Ён прайшоў у рамках акцыі “Нашы дзеці”, падчас якой быў арганізаваны збор грашовых сродкаў працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, прызначаных для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі раёна і Мядзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі.
Па-святочнаму прыбраная зала, як мне здалося, была запоўнена цудоўным настроем, пазітыўнымі эмоцыямі, усмешкамі, гукамі чароўнай музыкі. Адметнасць дзеі надавалі элегантныя дамы з прычоскамі, у доўгіх вячэрніх сукенках. Да пары ім былі і іх кавалеры — у строгіх касцюмах, падцягнутыя, статныя. Мне чамусьці гэтыя моманты напомнілі першы баль Наташы Растовай у “Вайне і міры” Льва Талстога. Тыя ж перажыванні, эмоцыі, і… вялікае жаданне патанцаваць… А было ўсё, як і на звычайным свецкім балі ў даўніну: і распарадчык, і перапаўняючае сэрца музыка, і танцуючыя пары, і ўдзячная публіка…
“Дык вось, баль пачынаецца! Паланез, сябры!” — аб’яўляюць вядучыя. Менавіта гэтым грацыёзным танцам па традыцыі ва ўсе эпохі адкрываліся падобныя мерапрыемствы, і баль у НДЦ “ “Зубраня” не стаў выключэннем. Не адышлі тут і яшчэ ад адной традыцыі — знаёмства з дэбютанткамі, якія пад дружныя апладысменты прадстаўляліся гледачам. А затым пачалася своеасаблівая экскурсія па бальных традыцыях розных краін і часовых эпох. Яе ўмела правялі вядучыя з дапамогай віртуозных танцораў мясцовага маштабу, пераважна з ліку работнікаў “Зубраняці” і кіраўнікоў некаторых арганізацый раёна. Як вядома, балі, якія арганізоўваліся раней, адрозніваліся не толькі строямі іх удзельнікаў, але і забавамі, пачастункамі і, вядома ж, танцамі. Напрыклад, у Расіі іх упершыню пачаў наладжваць Пётр I. Напачатку яны арганізоўваліся прымусова і называліся асамблеямі, але праз некалькі гадоў балі па прыстойнасці і важнасці мала чым уступалі вытанчаным версальскім сходам. Традыцыйным танцам Пятроўскіх асамблей быў менуэт, які прадэманстравалі пад апладысменты пары.
Паступова з Расіі эпохі Пятра ўсе перамясціліся на беларускія землі ў Вялікае Княства Літоўскае Рэчы Паспалітай. Там тагачасная бальная культура ўвабрала ў сябе лепшыя традыцыі Англіі і Францыі, якім не было роўных у правядзенні баляў. Вельмі папулярным быў старадаўні англійскі танец контрданс, ад якога таксама прысутныя былі ў захапленні. Шмат эмоцый пакінуў і знакаміты венскі вальс. Не адна я з замілаваннем сачыла за танцорамі, якія велічна і грацыёзна кружыліся ў віхуры танца.
А раз баль прысвячаўся Калядам і Новаму году, то былі і віншаванні, і шчырыя пажаданні. Найперш — ад мужчын: ад начальніка раённага аддзела МНС Андрэя Каркоцкага і дырэктара санаторыя “Прыазёрны” Аляксея Шапяцько, адрасаваныя ўсім прысутным. Гучалі словы ўдзячнасці арганізатарам грандыёзнага мерапрыемства з пажаданнямі міру і дабра, любові і радасці. А як цёпла і шчыра ўсіх вітала намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Іна Іванаўна падзякавала гаспадарам за цудоўную казку, у якую змаглі акунуцца дарослыя. А яшчэ падкрэсліла, што  вельмі рада, што тут працуюць шчырыя і сардэчныя людзі, гатовыя працягнуць руку дапамогі іншым, у сэрцах якіх жыве міласэрнасць, бо, як высветлілася, калектыў Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” прыняў актыўны ўдзел у акцыі “Нашы дзеці” па зборы сродкаў на патрэбы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання  і рэабілітацыі раёна і Мядзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі. Мела слова і дырэктар установы Надзея Ануфрыева. Надзея Генадзьеўна падзякавала танцуючым парам за дастаўленыя хвіліны радасці і добрага настрою. Павіншавала з надыходзячымі святамі, пажадала здароўя, шчасця, дабрабыту.
Баль працягваецца. Танцавальныя нумары перамяжоўваюцца з конкурсамі, музычнымі выступленнямі, гульнямі. Адкрываючы на экране вялікага тэлевізара “зоркі”, пад караоке спявала знаёмыя песні разам уся зала. Падэграс змяніла кадрыль, гульня-танец “Свецкі ручаёк”. Гучаў і вальс… Яго радзімай лічыцца Аўстрыя. Гэтаму танцу больш за дзвесце гадоў. Ён пражыў жыццё, поўнае прыгод, зведаў як катэгарычныя забароны, так і вялікую папулярнасць, але і сёння не забыты. Каралём вальса лічыцца Іаган Штраус — аўстрыйскі кампазітар, дырыжор, скрыпач, аўтар шматлікіх танцавальных твораў. Каб перамясціцца на баль Штрауса, трэба ўспомніць словы крышку прызабытай песні, дзе спяваецца: “Дайте, сударыня, руку, и раз, два, три… раз, два, три… раз, два, три…”. У імгненне пары закружыліся, дэманструючы элегантнасць і прыгажосць. Вальс змяніў танец з веерам і капелюшом. На балі прынята не толькі танцаваць, але і слухаць ігру музыкантаў і атрымліваць ад гэтага асалоду. Дарэчы, на працягу ўсяго мерапрыемства дарылі ўсім выдатны настрой аркестр “Біг-бэнд” і струнны квартэт Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Агінскага. Цудоўна спявала і выхавальнік НДЦ “Зубраня” Вікторыя Паплеўчанкава.
Завіталі ў краіну казкі Астролаг з малпачкай — сімвалам адыходзячага года. Дзякуючы ім многія з прысутных дам і кавалераў, а таксама гледачы змаглі “зазірнуць” у сваю будучыню. Былі і іншыя сюрпрызы, у тым ліку — ледзі-фуршэт з ліманадам для гасцей, музычныя паўзы, гульня ў фанты…
…Белы танец змяняецца полькай, вальсам кветак. Вядучыя прапануюць прысутным акунуцца ў чароўны свет дзяцінства: пабываць у казцы, гэта значыць, на балі-маскарадзе — з карагодамі вакол прыгажуні-ёлкі, з Дзедам Марозам і Снягуркай. Хто ж ад такога запрашэння адмовіцца? Вядома ж, ніхто не ўстаіць. Бо вярнуцца ў дзяцінства — так здорава!
Імкліва бяжыць час, яго не дагнаць. Усе навокал спяшаюцца, каб не адстаць ад жыцця, ад моды! Наша падарожжа па бальных традыцыях розных часоў працягваецца. Неўзабаве ўсе перанесліся ў 60-ыя гады, калі былі папулярнымі хуткія танцы — факстрот, чарльстон, бугі-вугі, шэйк… А яшчэ… танец яркі, інтрыгуючы — танга. Трэба было бачыць, з якой грацыяй выконвалі “па” ўдзельнікі мерапрыемства. Колькі запалу і радасці было на іх тварах, якое захапленне ў вачах! Запомніліся таксама летка-енька, Калядны вальс… Калі танцы былі, як кажуць, у разгары, выбіралася самая шчаслівая пара і, вядома ж, прыма і прэм’ер балю. Гэтыя тытулы атрымала маладая пара з НДЦ “Зубраня”. Ёй павязалі стужкі, прысвяцілі танец “медузы” і падаравалі вялізны і прыгожы торт са свечкамі, спечаны спецыяльна для пераможцы. Напрыканцы мерапрыемства зноў гучалі віншаванні і пажаданні: удзельнікам балю — поспехаў, міру і дабра, а нашай краіне — быць свабоднай і незалежнай, сонечнай і хлебасольнай. Выдатным падарункам усім стала песня “Зорка Венера” ў выкананні Руслана Рагалевіча. Словы яе належаць пяру Максіма Багдановіча, 125-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначылі ў адыходзячым годзе.
Хочацца назваць спонсараў пераднавагодняга дабрачыннага балю. А гэта: Нарачанскі філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, УП “Ілаўскае”, Мядзельскае райПО, ААТ “Занарацкі”, без актыўнай дапамогі якіх мерапрыемства не было б такім адметным і запамінальным. Колькі бываю ў “Зубраняці” на розных святах, не перастаю здзіўляцца велічнасці іх правядзення. Гэтаму садзейнічае, безумоўна, грунтоўная  падрыхтоўка. А яшчэ, як мне здаецца, запалам, аптымізмам пранізаны нават сцены ўстановы. Тут вітае на дзіва шчырая, добразычлівая аўра, якая ідзе ад дырэктара Надзеі Ануфрыевай і перадаецца ўсім членам калектыву. Так-так, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры ўмеюць  шчыра працаваць, ад душы весяліцца і цікава адпачываць!
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымках: моманты Каляднага пераднавагодняга дабрачыннага балю.
Фота Аляксандра Высоцкага.


30 снежня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

1-12     Паруснікі                          0-178 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси