Перамога была побач

Барацьба да апошніх секунд, жорсткія стыкі і незалічаны гол гаспадароў. Усё гэта было ў фінале міжрэгіянальнага турніру па міні-футболе. Увечары 21 снежня сабралася яго паглядзець шмат гледачоў.
Але перад гэтым у матчы за трэцяе месца сустрэліся «Спадарожнік» і «Фламетр». Госці з Вілейкі адразу павялі ў матчы 3:0. Хоць потым гульцы «Спадарожніка» зраўнялі лік 3:3, госці ўпэўнена давялі матч да перамогі 8:5 і занялі трэцяе месца.
У фінальнай гульні сустрэліся «ФАЦ» і «Паставы». Пастаўчане павялі ў ліку на другой хвіліне. І далей яны стваралі больш момантаў, але ўсё «цягнуў» варатар «ФАЦа» Віталь Мілаш. Ён  нават умудрыўся, лежачы, адбіць удар з метра. А калі па-іншаму нельга было спыніць пастаўчан, то і на фол рашаўся. Мядзяльчане пакуль стараліся знайсці сваю гульню і правяралі варатара далёкімі ўдарамі. Аднак бліжэй да заканчэння тайма выдатныя моманты сталі з’яўляцца і ў гаспадароў. Але мяч аніяк не трапляў у вароты. А пасля чарговай няўдалай спробы забіць гол па трыбунах толькі гул расчаравання  разносіўся, а  прыхільнікі мядзельскай каманды з сумам канстатавалі: «Няма шчасця».
Другі тайм пачаўся больш спакойна. На хвіліне шостай пастаўчане забілі другі гол. Потым і трэці. Так што гледачы засумавалі: «Можна ўжо і дыпломы выпісваць».
Але не тут было: хвіліны за чатыры да канца тайма ў вароты «Пастаў» ад рыкашэту залятае крыўдны гол. У мядзяльчан з’яўляюцца яшчэ моманты, і за паўхвіліны да канца Кірыл Сенеў скарачае лік да мінімуму 2:3. Але больш забіць не ўдалося.
— Як уражанні? — пытаюся ў капітана “Пастаў” Уладзіміра Карагі.
— Вядома, задаволены: занялі першае месца. Цікавы турнір і арганізацыя неблагая.
— У групавым раўндзе каманда заняла толькі шостае месца. За лік чаго ў матчах на выбыванне выдатна згулялі?
— Трэба было злавіць сваю гульню. Вырашылі, што нам трэба лепш выкарыстоўваць галявыя моманты, чым у ранейшых матчах. Усё ж мы больш гуляем на атаку.
Каманду-пераможцу ўзнагародзілі кубкам, граматамі і футбольным мячом. Граматы і мячы атрымалі прызёры турніру. Прымалі ўзнагароды таксама найлепшыя гульцы турніру. Лепшым варатаром прызналі Віталя Мілаша з каманды  «ФАЦ». Лепшым бамбардзірам стаў футбаліст каманды «ІП Мядзел» Анатоль Байко — ён забіў 18 галоў.
Яшчэ ў тройцы бамбардзіраў — Кірыл Сенеў з каманды «ФАЦ» (14 галоў). На два галы менш на рахунку Вадзіма  Гісіча са “Спадарожніка”.
— Гэта ўжо другі падобны турнір, — падсумоўвае дырэктар Мядзельскага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Андрэй Русак. — Каманды падабраліся досыць роўныя. Пра гэта сведчыць тое, што сярод чатырох лепшых — тры каманды, які ў групавым раўндзе былі ўнізе турнірнай табліцы. Па водгуках, турнір спадабаўся. Каманды абяцалі, што прыедуць на наступны год. Магчыма, атрымаецца яшчэ больш геаграфію ўдзельнікаў пашырыць.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымку:  лепшы бамбардзір турніру Анатоль Байко; з каманд раёна найлепш выступіла «ФАЦ» — яна заняла другое месца.
Фота аўтара.


30 снежня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

 возера Мястра  _06-040 Касцёл у Шэметава   _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела