Сваё ёсць сваё…

МОЖАЦЕ ўзгадаць, чым сёлетні студзень адрозніваўся ад леташняга? А ад пазалеташняга? Наўрад ці. А вось ва ўспамінах Андрэя, Галіны і Олечкі Груздоў першы месяц 2016-га дакладна не згубіцца. Бо сёлета напрыканцы студзеня яны атрымалі ключы ад двухпакаёўкі на першым паверсе новага дома ў райцэнтры.
Жыллё Груздоў пакідае выдатнае ўражанне: прасторныя пакоі і прыхожая, свежы рамонт, сучасная мэбля…
— Першымі парог пераступілі два нашы каты, — прыгадвае Галіна. — Кватэра была без аддзелкі (адмовіліся ад яе, каб было танней) — толькі голыя сцены. Але, як бачыце, памалу абуладкаваліся.
— Толькі ламінат пакласці да спецыяліста звярталіся. А так самі ўсё рабілі, — тлумачыць гаспадар.
— Вы, Андрэй, са Старых Габ, Галіна — з Вусаўшчыны. Чаму вырашылі будавацца ў Мядзеле?
— Я ўладкаваўся вадзіцелем у Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Потым памочнікам урача-эпідэміёлага туды ж прыйшла Галя. Пасяліліся ў цешчы ў Вусаўшчыне — штодня даводзілася ездзіць на працу за дзесяць кіламетраў. Вырашылі будавацца, сталі на ўлік у райвыканкаме. Якраз арганізоўваўся кааператыў “Блакітны-2011”. Адразу сума, якую трэба было заплаціць, здалася нам непад’ёмнай — нават думалі адмаўляцца ад двухпакаёвай кватэры на карысць аднапакаёвай. Але параіліся і вырашылі, што “пацягнем”. Значную суму на будаўніцтва пракрэдытаваў банк. Былі крыху свае зберажэнні, і абедзве матулі грашыма дапамагалі — вялікі дзякуй ім за гэта.
— Што адчуваеце? Як яно — быць уласнікам нерухомасці?
— Добра: сваё ёсць сваё, — кажа Андрэй. — Хаця поўнасцю нашым жыллё будзе толькі праз дваццаць гадоў — калі выплацім крэдыт банку.
— Як жывецца ў кватэры былым вяскоўцам? Не сумуеце па ўласным дварышчы і градах каля хаты?
— Грады садзім у Вусаўшчыне, — гаворыць Галіна. — А жыць у добраўпарадкаванай кватэры зручней. І дачушцы ў школу блізка — праз дарогу (сёлета Оля ў першы клас пайшла).
— Мы ж тут не адны, — кажа Андрэй. — На чацвёртым паверсе над намі кватэра майго брата Ігара. А ў суседнім пад’ездзе Галініна сястра Марыся жыве. І некаторыя аднавяскоўцы таксама побач пабудаваліся.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
На здымку: Новы год сям’я Груздоў сустрэне ва ўласнай кватэры.
Фота Аляксандра Высоцкага.


30 снежня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы 0-170 Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела