Па шляху міласэрнасці

Прадстаўнікоў раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа апошнім часам можна ўбачыць падчас розных масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца не толькі ў Мядзеле, але ў курортным пасёлку Нарач, іншых населеных пунктах азёрнага краю. Яны ўдзельнічаюць у акцыях па зборы грашовых сродкаў на патрэбы хворых дзяцей, іншых людзей, якім неабходна падтрымка, у тым ліку фінансавая. Часта побач са старшынёй названага грамадскага фарміравання Галінай Сёмка можна ўбачыць памочнікаў з ліку школьнікаў.
—  Валанцёр — гэта чалавек, які добраахвотна на дармовай аснове займаецца аказаннем дапамогі пажылым грамадзянам, хворым, а таксама тым, якія аказаліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі ў сувязі з пажарам, стыхійным бедствам, — кажа Галіна Алёйзаўна. — У нас нават пры таварыстве валанцёрскі савет створаны, які ўзначальвае метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Севярын. Дзякуючы актыўнасці, неабыякавасці Ларысы Віктараўны пры ўстановах адукацыі створана 15 валанцёрскіх атрадаў. Дарэчы, 12 з іх выбралі накірункам работы міласэрнасць. З добрага боку хачу назваць свірскіх школьнікаў на чале з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Верай Аляксееўнай Шукела. Вучні з гарадскога пасёлка частыя госці ў Свірскім доме-інтэрнаце для псіханеўралагічных хворых, дзе ім заўсёды рады. Нядрэнна зарэкамендавалі сябе і сваткаўскія школьнікі на чале з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Аленай Мікалаеўнай Русак. Іх поле дзейнасці — аддзяленне кругласутачнага прабывання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Вузле, дзе яны і з канцэртамі выступаюць, і іншую дапамогу аказваюць.
Як даведалася з далейшай размовы, сярод вучняў больш за 250 валанцёраў. Актыўнымі з іх з’яўляюцца Анастасія Курніцкая, Віталій Мінкоўскі з гімназіі-інтэрната г. Мядзела, Ангеліна Пашкевіч, Арсеній Капцюг, Анастасія Храстал і Валерыя Русак з Мядзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі. Яны не баяцца ніякіх даручэнняў, заўсёды старанна іх выконваюць.
Сярод валанцёраў не толькі дзеці, але і дарослыя. Напрыклад, Рэгіна Сцяпанаўна Яцына — чалавек паважанага ўзросту, вельмі шчыры, неабыякавы. Яна ўсіх сваіх знаёмых, калі захварэюць, пастаянна праведвае падчас лячэння. Кожны раз ідзе да іх у бальніцу з гасцінцамі, каб падтрымаць, падбадзёрыць. Анастасія Палачанская — матуля дваіх дзетак. Жанчына ведае, што многім сем’ям не вельмі лёгка зводзіць, як гавораць, канцы з канцамі. А таму рэчы, з якіх выраслі ўласныя дзеці,  прыносіць у раённую арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, каб перадаць іншым малышам.
—  Сваімі надзейнымі памочнікамі, — працягвае мая суразмоўца, — лічу і галоўную медсястру ўстановы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ” Алену Віктараўну Куцкевіч, якая і падчас акцый, і так даволі актыўна бескарысліва дапамагае людзям, якія знаходзяцца ва ўстанове аховы здароўя на лячэнні. Са станоўчага боку хачу адзначыць бухгалтара Раісу Іосіфаўну Кішко, якая ўзначальвае “пярвічку” Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў Мядзельскім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Па сутнасці штомесяц супрацоўнікі названага аддзялення ўдзельнічаюць у дабрачынных акцыях па дапамозе калегам па службе з сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў ці іх дзецям. Сваімі актыўнымі памочнікамі лічу таксама спецыяліста па сацыяльнай рабоце Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяну Міхайлаўну Васілеўскую, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі-інтэрната г. Мядзела Кацярыну Віктараўну Крыштафовіч.
Сапраўды, вельмі добра, што ёсць людзі, якія неабыякавыя да бяды і патрэб іншых,  гатовыя падтрымаць і словам, і справай. Дай Бог, каб іх было сярод нас яшчэ больш. Каб нашы сэрцы не зачарсцвелі, каб жылі ў іх дабрыня і міласэрнасць, а яшчэ і жаданне спяшацца на дапамогу іншым.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымку: падчас чарговай акцыі раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа валанцёры з гімназіі-інтэрната г. Мядзела Анастасія Курніцкая і Алеся Міхайлоўская.
Фота Аляксандра Высоцкага.


30 снежня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  Касцёл у Шэметава   dsc_5774-3 wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела