Да 125-годдзя з Дня нараджэння Максіма Багдановіча

АСОБА І МАЙСТАР СЛОВА

Дваццаць пяць зім і дваццаць пяць вёсен… Кароткі шлях чалавека і яшчэ карацейшы для паэта. Але гэтага часу хапіла, каб у сузор’і самаадданых і таленавітых загарэлася новая зорка. Чалавек, жыццё якога — кароткае і імгненнае, а творчасць — вечная як сусвет. Максім Багдановіч… Светач для сучаснікаў, герой  для нашчадкаў. Загадка для тых і другіх.
Пра Максіма Багдановіча шмат было напісана, яшчэ больш сказана. Аднак біяграфічныя даследаванні і аналіз яго творчасці наўрад ці поўнасцю раскрыюць сутнасць яго таленту. Ды і ці магчыма гэта? Бо ў кожнага сваё бачанне вялікіх рэчаў, звязаных з мастацтвам. Хачу падзяліцца пра ўласнае ўспрыманне творчасці паэта, праз якую праламляецца Багдановіч Асоба і Багдановіч Майстар Слова. Не можа не здзіўляць шматграннасць юнака, чалавека такога маладога ўзросту, у якім ён напісаў свае творы.
І, першае, што варта сказаць пра Багдановіча — ён патрыёт. За сотні кіламетраў ад Радзімы, на чужой зямлі, ён апантаны думкамі аб ёй, клопатам аб яе лёсе. Ён гэтым жыў. Беларусі пашчасціла, што ў такі складаны для яе час, калі надзвычай актуальнымі былі ідэі нацыянальнага самавызначэння, нарадзіўся і сталеў яго талент, які ў многім спрычыніўся да станаўлення беларускай нацыі.
“Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну Радзімую жах…”
…І ён чуў. Слухаў і чуў.
Багдановіч — рамантык. Ва ўсіх значэннях гэтага слова. Як паслядоўнік рамантызму, як пераемнік тых традыцый, у рэчышчы якіх тварыў Адам Міцкевіч. Захапляе, вядзе за сабой цыкл вершаў, звязаных з прыродай:
“Сонца ціха скацілася з горкі;
Месяц белы заплаканы свеціць,
Аглядае бахматыя зоркі,
Цягне з возера срэбныя сеці.
У іх русалкі заблуталі косы, —
Рвуць і блутаюць срэбныя ніці;
Ноч плыве над зямлёй, сее росы,
Ноч шапоча русалкам: “Засніце”.
Рамантык, як той, хто ідэалізуе рэчаіснасць, верыць у праўдзівасць каштоўнасцей:
“Зорка Венера ўзышла над зямлёю…
…Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе…”
Варта адзначыць мудрасць юнака, яго гуманістычны светапогляд, што адлюстраваны ў вершах, якія прынята адносіць да філасофскай лірыкі. Адсюль іншая іпастась паэта: Багдановіч — філосаф. Адвечнае пытанне, якое хвалюе Максіма Багдановіча, напэўна, было і будзе актуальным ва ўсе часы, пакуль існуе гэты свет:
“…Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?”.
На мой погляд, літаратурнай спадчыне Багдановіча, як і яго жыццю, уласцівы дуалізм. Так, ён шчыры ў сваёй творчасці, але заўжды ў ёй прысутнічае таямніца. Яго паэзію пранізваюць і радасныя ноты, але нязменна там ёсць боль, які мяжуе з глыбокай самотай. Яго слова адлюстроўвае надзею, якая, безумоўна, жыла ў яго сэрцы, але ж прыгледзьцеся ўважліва — і заўважыце, што поруч з ёй крочаць наканаванне і рок.
Калі я задумваюся пра Багдановіча як паэта, пісьменніка, перакладчыка, які належыць не толькі беларускай літаратуры, але і сусветнай, калі спрабую вызначыць месца яго творчасці ў скарбонцы еўрапейскай культуры, то прыходжу да наступнай высновы. Менавіта дзякуючы яму беларуская літаратура пачатку XX стагоддзя, ступіўшы на самабытны шлях станаўлення і развіцця, знайшла годнае месца ў той сацыяльна-культурнай прасторы, якую мы часам называем еўрапейскі кантэкст. І гэта ніша — адметная, рысы якой вызначаюць тыя праблемы часу, у якім жыў Максім Багдановіч.
А яшчэ мне хочацца параўнаць яго з Міхаілам Лермантавым, на падставе падабенства трагічнасці іх лёсу і маладосці; з У. Шэкспірам — па эрудыцыі і разнастайнасці жанраў, у якіх лёгка стваралі шэдэўры гэтыя геніі; з Т. Шаўчэнка — па самаадданасці Радзіме і клопату пра яе лёс.
Максім Багдановіч пакінуў нам “Вянок”, сплецены з надзей, мар, памкненняў, жаданняў, сумненняў маладой душы, прыгожай, чыстай, а разам з ім шкадаванне, што ён
“Дагэтуль не патрапіў палюбіць
І саўсім, байдай, праўдзіва шчэ не жыў”.
А калі спытаеце мяне аднойчы: “А які ваш Багдановіч?”. Я адкажу: “Любімы. Любімы паэт”.
125 гадоў — час, які змясціў у сабе неверагодныя каалізіі гісторыі і чалавечых лёсаў, змену пакаленняў, узнясенне чалавечага розуму.  А Багдановіч па-ранейшаму сучасны, актуальны і запатрабаваны, бо тое, аб чым ён пісаў, — вечнае як Сусвет. Гэтаму выдатнаму паэту я прысвяціла свой верш.
Я. ДЗЕМІДОВІЧ.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі.

ВЕЧНАЕ

Зорка Венера ўзышла над зямлёю
М. Багдановіч
Свяці, свяці, кахання зорка,
Непадуладная падзеям,
Хоць склаўся лёс яго так горка,
Дары, прамень, святло надзеі.
Юнак з пяшчотнаю душою
Так мала жыў, так многа ведаў…
І памяць светлаю слязою,
Як згадка ззяе ў зорным небе.
Лёсам пазбаўлены Радзімы,
Не страціў повязь-карані.
Бо быў да скону верным сынам
Свайму народу і зямлі.
Цудоўны шлях такі кароткі,
А след пакінуў назаўжды.
… Свяці, свяці, любові зорка,
Яшчэ ярчэй нам праз гады.



30 снежня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   dsc_5774-3 1-12 Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела