З Нараджэннем Хрыстовым!

Зорка Бэтлеемская над зямлёю ззяе,
Радасную вестку людзям абвяшчае.
Не спі, абудзіся! Хрыстос нарадзіўся!
З неба радасць прамяніцца, будзем весяліцца!

ШТОГОД ва ўрачыстасць Божага Нараджэння і наступныя дні як у святынях, так і ў нашых хатах гучаць радасныя спевы, якія абвяшчаюць праўду пра нараджэнне Збаўцы Езуса Хрыста. Шмат калядных тэкстаў расказвае пра гісторыю збаўлення, у якой сустракаецца неба з зямлёю, чалавек з анёламі і самім Богам, у справы дачэсныя пранікае вечнае. У адной каляднай песні, якая часта спяваецца ў гэтыя дні, ідзе гаворка пра Бэтлеемскую зорку, што ззяе над зямлёю і абвяшчае радасную вестку, а нас заахвочвае прачнуцца ад сну ды весяліцца. Менавіта ў гэту ноч, калі ўзгадваецца таямніца Божага Нараджэння, чалавеку пажадана ўзняць сваю душу ўвышыню, да таго, што паходзіць ад Бога, каб дазволіць Яму дзейнічаць сваёю ласкаю. «Не спі, абудзіся» — гэта словы, якія кажуць пра духоўны сон, які ахоплівае неаднойчы сучаснага чалавека, занадта прывязанага да дачэснасці.
Здаецца, што на нашай нарачанскай зямлі людзі ўжо даўно абудзіліся духоўна. Пра гэта сведчыць наяўнасць шматлікіх святынь, як каталіцкіх, так і праваслаўных, сярод якіх нібы Бэтлеемская зорка лунае Будслаўскі санктуарый, славуты ў нашай краіне і за яе межамі. Хто ж у нашым раёне не ведае пра Мядзельскую Кальварыю, якая аднавілася для наступных пакаленняў. За духоўны стан нашых парафій і вернікаў дзякуем Пану Богу, спяваючы разам з анёламі: «Хвала на вышынях Богу!». Молімся таксама, каб кожны мог спазнаць радасць, якая з неба прамяніцца.
Віншую чытачоў «Нарачанскай зары» з Божым Нараджэннем і надыходзячым Новым годам. Жадаю, каб Божы Сын шчодра надзяліў усіх сваёю ласкай, каб дабро, якое выплывае з Божай Міласэрнасці, перапаўняла свет, каб не было ў ім галодных і пакінутых, каб кожны з нас адчуў цеплыню сэрца бліжняга і быў гатовы падзяліцца з ім сваёю радасцю! Няхай жа агонь, запалены ад Бэтлеемскай лампады, які разыходзіцца ў гэты час па ўсіх краінах, у тым ліку і нашай, асвятліць нам гэты шлях і сагрэе нашы сэрцы, каб яны сталіся больш міласэрнымі да сваіх бліжніх, якіх сустракаем, вандруючы па гэтай зямлі.
Жадаю вам, дарагія браты і сёстры, адчуць сямейную атмасферу гэтых святаў, а калі хто будзе перажываць іх у адзіноце, хай ведае, што ў малітве мы ўсе разам заўсёды духоўна яднаемся. І нават калі цярпенне ці хвароба нас прыгнятае, Хрыстус прыходзіць, каб нас суцешыць і даць надзею.
Здароўя, шчасця, жыцця ў Богу і з Богам, паразумення і згоды, каб з кожнага любячага сэрца загучала і ў гэтым надыходзячым годзе: «Езу, давяраю Табе!».
Нашы браты праваслаўныя яшчэ перажываюць Піліпаўскі пост. Жадаю ім плённа перажыць гэты час і са шчырымі сэрцамі адзначыць свята Нараджэння Пана.
Айцец Павел ЛЕЛІТО.
Пробашч парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзеле.


24 снежня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   _dsc1133-3 на Блакітных азёрах        dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела