Як у трыдзявятым каралеўстве зорачкі шукалі

ТАК, гэта была казка, музычная казка, ці, кажучы модным словам — мюзікл. Менавіта такім мерапрыемствам пад назвай “Казка працягваецца” Мядзельская дзіцячая школа мастацтваў традыцыйна адкрыла серыю навагодніх гарадскіх святаў.
— Не выпадкова эпіграфам нашай сустрэчы стала музычная кампазіцыя “Песенька пра добры настрой” з савецкай кінастужкі “Карнавальная ноч”, — звярнулася да шматлікіх гледачоў дырэктар музычнай установы Алена Касарэўская. — Спадзяюся, вы ацанілі старанні нашага інструментальнага трыа ў складзе Віталія Мінкоўскага, Дзяніса Барыева і Аляксея Багуцкага і настроіліся на адпаведны святочны лад. У сувязі з гэтымі перадсвяточнымі днямі мы жадаем усім міру, шчасця, дабрыні і дорым настрой, які, як спяваецца ў песні, “не пакіне болей вас”.
У музычным спектаклі прынялі ўдзел больш за восемдзесят выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў. І ўсе — яркія, таленавітыя, старанныя. На сцэне гарадскога Дома культуры развярнуліся дзеі, якія ўсіх акунулі ў казачную атмасферу: у трыдзявятым каралеўстве апынулася Зорачка (Алеся Лукашонак), якая выпадкова пагубляла тут маленькія зорачкі са сваіх чароўных караляў. Шукаць згубленае, акрамя Феі (выкладчыца школы мастацтваў Ларыса Выскрабенцава), дапамагалі розныя жыхары казачнай краіны — энергічныя гномікі (вакальная група малодшага ўзросту “Раніца”), прыгажуня-Васіліса (Вікторыя Гурыновіч), шумныя і зусім не страшныя піраты (хор хлопчыкаў), рамантычны Трубадур (Мікіта Сямітка), сямейства дзеда, якое цягнула рэпку (удзельнікі вакальнага ансамбля “Канфеці”) і шмат іншых. Дарэчы, казка пра рэпку мела вельмі арыгінальную музычную падачу з элементамі стылю “рэп” і выклікала проста шквал апладысментаў. Выдатна выканалі свае ролі і іншыя персанажы: каралеўскі двор (вакальны ансамбль “Канфеці”), кароль (Ягор Танана) і каралева (Лізавета Нарэйка), жыхары снежнага царства (хор дзяўчынак “Сузор’е”), прынцэса (Паліна Пякарчык), дварэцкі (Мікіта Балюк), Чароўнае Люстэрка (Станіслаў Сідаровіч), Шэрлак Холмс (Раман Гаммель) і некаторыя іншыя.
Мюзікл прайшоў на адным дыханні. Старанні юных артыстаў былі шчодра ўзнагароджаны апладысментамі ўдзячных гледачоў. Не менш за артыстаў  радавалася іх поспеху ідэйны натхняльнік гэтага мерапрыемства, яго рэжысёр, яна ж выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Кацярына Цурганава. Бачылі б вы, з якім незвычайным энергічным запалам працуе Кацярына Мікалаеўна! Кожнае выступленне яе выхаванцаў — як самае галоўнае ў жыцці іх і ў яе таксама. І на гэты раз яна не толькі дала магчымасць дзецям адчуць сябе артыстамі, але і шчыра пастаралася, каб яны рабілі гэта па магчымасці ўпэўнена і прафесійна, з задавальненнем. Думаю, многія гледачы ацанілі тое, наколькі ўсё было адрэпеціравана, адшліфавана і падрыхтавана. Ніякай мітусні, лішніх рухаў і непатрэбных паўз. Усё вельмі прыгожа і дастойна.
— Вельмі цудоўны канцэрт! Дзеткі такія малайцы! — не хаваючы эмоцый расказвае жыхарка Брусоў Галіна Лугавая. — Прыехала на ўнука Аляксея паглядзець, які трэці год займаецца ў школе мастацтваў на баяне. Сёння ён быў у ролі пірата. Бачу, што і яму спадабалася. Цікавая форма мерапрыемства. З улікам усяго настрой — самы лепшы!
А вось меркаванне яшчэ аднаго пірата — Данііла Карапецяна:
— Наогул, вучуся іграць на трубе, займаюся ў першым класе школы мастацтваў. На хор таксама хаджу, вось пірацкую песню вывучылі. Каб выступаць, трэба старацца вельмі шмат. Цяжкавата, канечне. Але мне вельмі спадабалася выступаць. У глядзельнай зале за маім выступленнем сачыла матуля і яшчэ аднакласніцу бачыў.
Вось такая казка атрымалася. Але на радасць аматарам неверагодных прыгод і чароўных фантазій, яна працягваецца…
Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.


23 снежня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        0-170 06-012  возера Мястра

Пабрацімы Мядзела