Час — будаваць і час — прымаць падзякі

У МІНУЛУЮ пятніцу ў Нарацкую СШ №2 курортнага пасёлка зноў завіталі будаўнікі. На гэты раз — без касак, перфаратараў і пэндзляў, з прыўзнятым настроем і ў прадчуванні свята. Нагодай стала цырымонія ўшанавання работнікаў будаўнічага комплексу, якія прынялі ўдзел ва ўзвядзенні гэтага сучаснага і запатрабаванага аб’екта. Старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама Сяргей Трусаў, звяртаючыся да прысутных са сцэны новай і ўтульнай актавай залы, падкрэсліў, што ўзнагароды чакалі сваіх уладальнікаў з моманту завяршэння будаўніцтва. Па розных прычынах іх уручэнне адкладвалася. Затое зараз у будаўнікоў ёсць унікальная магчымасць убачыць свой аб’ект у эксплуатацыі, вачыма дзяцей і іх бацькоў, настаўнікаў.
Перад тым, як адправіцца на экскурсію па калідорах, класах і паверхах школы, колішнім гаспадарам аб’екта, а зараз гасцям, прапанавалі ўзгадаць, як усё было. Кадры відэапрэзентацыі вярнулі гледачоў да розных момантаў маштабнага будаўніцтва: ад катлавана і манціравання фундаментных блокаў, узвядзення сцен і даху да ўнутранай аддзелкі і добраўпарадкавання. Усё гэта стала ўжо гісторыяй.
І калі для большасці прысутных будаўнікоў прагулка па школе стала ўсё ж такі экскурсіяй, то для старшыні камітэта, а таксама для кіраўнікоў будаўнічых арганізацый, якія тут прысутнічалі, гэта можна было назваць больш экзаменам. Сяргей Іванавіч вопытным вокам адзначаў як станоўчыя моманты эксплуатацыі будынка, так і некаторыя недахопы — відавочныя і менш бачныя. Апраўдвае сябе, на яго думку, выбар матэрыялу падлогі ў класах — клеены брус — экалагічна, эстэтычна, практычна. Прычым, выкарыстоўваўся розны колер пры фарбаванні пад лак, што дазволіла ў спалучэнні з іншымі элементамі аддзелкі атрымаць не падобныя адзін на другі кабінеты. Плітка таксама нідзе ў школе не паўтараецца: ці то санвузлы, ці то душавыя, сталовая альбо падлога ў фае. Добрае ўражанне пакідаюць прасторная спартыўная зала і па-сучаснаму аснашчаная трэнажорная, усе памяшканні маюць максімум асвятлення. Дырэктар навучальнай установы Генадзь Крыштафовіч, які на гэты час стаў гідам, рабіў акцэнты і на іншыя моманты. Ён адзначыў наяўнасць ва ўсіх 32-х класах ці інтэрактыўнай дошкі, ці тэлевізара з вялікай дыяганаллю, ці  праектара з экранам. Цуд сучасных тэхналогій — мультыборд, падараваны ганаровымі гасцямі на ўрачыстым адкрыцці школы, таксама знайшоў сваё месца ў адным з вучэбных кабінетаў. Будаўнікоў уразілі яго характарыстыкі: планшэт з дыяганаллю 65 дзюймаў з выхадам у інтэрнэт і магчымасцю карыстання разнастайнымі праграмамі. Звыклай дошкі з крэйдай пры наяўнасці такога ультрасучаснага новаўвядзення можа і не быць, як і іншых інфармацыйна-тэхналагічных прыстасаванняў.
На жаль, маюць месца і некаторыя будаўнічыя хібы, якія, як сказаў Сяргей Іванавіч, неабходна абавязкова ўхіліць. Дзесьці трэба прымацаваць абмежавальнікі для адкрыцця дзвярэй ці замацаваць парты, што не патрабуе значных намаганняў.
А вось, напрыклад, убраць “масток холаду” ў адным з кабінетаў, адрамантаваць участак падлогі, дзе пашкоджаны лінолеум, ці замяніць у спартыўнай зале фортку, якая не павінна “пацець”, справа доўгатэрміновая.
— У цэлым аб’ект атрымаўся вельмі добры, — падводзячы вынікі, сказаў Сяргей Трусаў. — Непазбежныя наступствы ўсадкі будынка будуць абавязкова ўхілены. Таму гэты аб’ект Мінаблвыканкамам плануецца выстаўляць на рэспубліканскі конкурс “Прадукт года”. Хочацца, каб ён па выніках бягучага года стаў лепшым у сваёй намінацыі і каб ваша праца была адзначана на высокім узроўні.
У працяг слоў удзячнасці Сяргей Іванавіч уручыў каля сотні грамат і падзяк камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама. Узнагароды за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне абавязкаў падчас будаўніцтва аб’екта “Школа на 510 месцаў у к. п. Нарач” атрымалі як лепшыя работнікі арганізацыі-генеральнага падрадчыка — ДУП “Мядзельскае ПМС”, так і будаўнікі іншых субпадрадных арганізацый, у асноўным — ААТ “Будаўнічы трэст № 21” з г. Барысава (генеральны дырэктар Аляксандр Пераслаўцаў). Сярод узнагароджаных з ПМС — дырэктар прадпрыемства Юрый Скармаховіч, інжынер па забеспячэнні Генадзь Аксючыц, майстар Сяргей Гунчанка, электраманцёр Мікалай Варановіч, тынкоўшчыкі-маляры Андрэй Гіль, Дзмітрый Крот і Сяргей Жытковіч, трактарыст Дзмітрый Місючэнка, рабочыя Юрый Грышкевіч і Віктар Паршута, інжынер планава-вытворчага аддзела Людміла Капуцкая.
Са словамі падзякі да прысутных звярнуўся і старшыня Мядзельскага раённага выканаўчага камітэта Анатолій Вайнілка, які на момант пачатку будаўніцтва ўзначальваў ПМС:
— Ад усіх жыхароў Мядзельшчыны выказваю вам шчырую падзяку за будаўніцтва гэтай сучаснай і прыгожай школы, за тое, што вы змаглі так хутка яе ўзвесці. Самае галоўнае, што тут будуць атрымліваць веды нашы дзеці. Упэўнены, што новыя ўмовы дазволяць ім падняцца на найвышэйшыя прыступкі розных конкурсаў, алімпіяд і працягнуць слаўныя традыцыі гэтай навучальнай установы.
Анатолій Мар’янавіч падзякаваў асабіста Сяргею Трусаву за мудрае кіраўніцтва, супрацоўніцтва і падтрымку падчас вырашэння розных пытанняў.
Падзяку будаўнікам за ўзвядзенне цудоўнай школы выказалі і самі школьнікі — яны падаравалі ім святочны канцэрт.
Іна ЯРЧАК.
На здымках: 1. Экскурсію па школе праводзіць намеснік дырэктара навучальнай установы Ірына Шырко; 2. Граматай камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама ўзнагароджаны інжынер па забеспячэнні  ДУП “Мядзельскае ПМС” Генадзь Аксючыц; 3.  Падзяка будаўнікам у вершах — ад вучняў пачатковых класаў школы.
Фота Аляксандра Высоцкага.


09 снежня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

dsc_5774-3 Царква ў Слабадзе img_4257 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела