На раскопках вайсковых пахаванняў знайшлі шлем лётчыка

У Княгініне па вуліцы Прывакзальнай у кастрычніку прайшлі раскопкі месцаў пахавання часоў Першай сусветнай вайны (1914-1918). Ініцыятарам іх стаў краязнаўца Яўген Антановіч. Яго дзяцінства і юнацтва прайшлі на станцыі “Княгінін”. Ён з 1976 па 1996 год працаваў у Занарацкай школе, потым у школе № 177 Мінска. З 2008 года пачаў распрацоўваць тэму Першай сусветнай і вывучаць з вучнямі-мінчанамі чатыры бітвы ў Занарацкім рэгіёне, даследаваць невядомыя пахаванні вайскоўцаў Рускай імператарскай арміі ў раёне Княгінін — Чарэмшыцы — Калодзіна — Слабада — Андрэйкі.
— З аповеду Варвары Клімовіч, якой больш за 90 год, даведаліся, што яе дзіцячая памяць захавала апавяданні мамы і мясцовых жыхароў аб падзеях часоў “Вялікай вайны”, — расказвае Яўген Уладзіміравіч. — Паводле яе ўзгадак, “Княгінін быў тылавым мястэчкам, уздоўж чыгуначных шляхоў да Крывічоў размяшчаліся ваенныя склады. Была піларама, дзе пілавалі лес на дошкі для патрэб фронту, а потым і на труны для салдат. Дзе зараз дом Аўсюкевіча, устанавілі супрацьпаветраную гармату. Бліжэй да царквы пабудавалі казармы для асабовага складу рэзерву вайсковых частак, пасля навучання вайскоўцаў накіроўвалі па вузкакалейцы або маршам да лініі фронту”.  Дарэчы, у Троіцкай царкве захоўваўся абраз: “Образ Божьей Матери из г. Троицк Оренбургской губернии с надписью  “В память окончания обучения 9-ой роты, 131-го запасного батальона. Благославлено от всей роты совопровождения на войну. 1915 год. Княгинин”.
Мама Варвары Клімовіч у свой час прыгадвала, як паміралі ў іх доме ў страшных пакутах атручаныя газам салдаты. У вясковых дамах кватаравалі сёстры міласэрнасці. Яшчэ іх салдацікі клікалі пяшчотна “белыя галубкі”.
Каля іх дома было пахаванне, якое з цягам часу зраўнялася і парасло травой. Самае цікавае, што Варвара Клімовіч памятае, як над адным з магільных пагорачкаў быў устаноўлены “прапелер” ад самалёта.
У Яўгена Антановіча ўзнікла шмат пытанняў. Чаму пахаванне ў ваколіцах вёскі? Калі тут пахаваныя лётчыкі, то рускія ці нямецкія? Каб высветліць гэта, з’явілася ідэя правесці раскопкі.
— Летам 2014 года здалі матэрыял у ваенкамат, — працягвае ён. — У мінулым годзе была заяўка ваенкамата па лініі Міністэрства абароны. І вось у кастрычніку байцы спецыялізаванага 52-батальёна правялі раскопкі.
— Якія вынікі яны прынеслі?
— Аказалася, што пахаванне па ваенных мерках невялікае: тут пахаваны 27-30 салдат Рускай імператарскай арміі. З найбольш цікавых знаходак — шлем лётчыка. Значыць, пацвердзілася мая гіпотэза, што тут быў пахаваны авіятар.
— Што ў далейшым думаеце рабіць на гэтым месцы?
— Мяркую, што ёсць неабходнасць пазначыць гэта пахаванне памятным знакам, трэба вярнуць на сваё месца “прапелер” ад самалёта! Спадар Віктар Падбярэзскі з купкай жыхароў абяцаў зрабіць праваслаўны крыж згодна з чарцяжамі мясцовага святара. Упэўнены, патрэбна цеснае супрацоўніцтва паміж раённымі і мясцовымі ўладамі, ваенкаматам і грамадзянскай супольнасцю. Неабходна таксама правесці архіўныя даследаванні гісторыі існавання ў гэтым месцы брацкага пахавання і даведацца прозвішча лётчыка. Звяртаюся да жыхароў Мядзельшчыны аб дапамозе ў гэтай высакароднай справе. Мой электронны адрас — antanovichevgeniu@gmail.com.
Рабочыя гіпотэзы Яўгена Уладзіміравіча такія: тут маглі быць пахаваны вайскоўцы  з чыгуначных санітарных цягнікоў, са шпіталёў і лазарэтаў, якія былі разгорнуты на станцыі “Крывічы” (цяпер — “Княгінін”).
Яўген Антановіч кажа, што гатовы выступіць у наступным годзе на раённых метадычных аб’яднаннях настаўнікаў гісторыі, ваеннай справы, фізічнай культуры і здароўя. Расказаць пра сваю праграму “Survival” (выжыванне), па якой працаваў з мінскімі вучнямі і вёў даследчую працу ў ваколіцах возера Нарач. А колькі цікавых пытанняў можна раскрыць на раённых навукова-практычных канферэнцыях… Напрыклад, хто пахаваны на гэтых і іншых невядомых могілках? Ці будзе напісана імя і прозвішча лётчыка і астатніх невядомых вайскоўцаў? Ці дачакаюцца дзве з паловай тысячы салдат і афіцэраў, пахаваных на Княгінінскіх могілках №1, што іх імя будзе гучаць у царкве перад Богам? Хто арганізуе інтэрнэт-мост Княгінін — Троіцк?
Якая рабочая версія
Краязнаўца Вадзім Праўрацкі неяк раней наткнуўся на матэрыял пра лётчыкаў 4-га корпуснага авіяцыйнага атрада, які базіраваўся ля Будслава. У часопісе “Разведчык” за 26 ліпеня 1916 года палкоўнік Лагафет вельмі красамоўна апісвае праводзіны загінуўшага лётчыка:
“На станцыі “Крывічы” (Княгінін), якая ператварылася за час вайны ў невялікае мястэчка, вялікі рух: часткі войскаў, якія рыхтуюцца да пасадкі, размясціліся часовымі бівакамі вакол. Людзі ляжаць і сядзяць на зямлі цеснымі купкамі, разглядаючы новапрыбылых. На шляхах і платформах ідзе спешная пасадка і пагрузка павозак. Маса праважаючых, пераважна афіцэраў і ніжніх чыноў у форме авіяцыйных атрадаў. Цягнік за цягніком адыходзяць усё ў адным і тым жа кірунку, а з адкрытых вагонаў і з платформаў нясуцца гукі аркестра і галасоў палонных, што змешваюцца са свісткамі і шумам паравозаў. Нечакана аднекуль збоку ў гэты шум урываюцца ўрачыста-самотныя гукі пахавальнага маршу і з-за павароту дарогі паказваецца жалобны аўтамабіль, увесь пакрыты вянкамі, са стаячымі на ім двума трунамі. Наперадзе на аўтамабілі хутка круцяцца лопасці прапелера. За аўтамабілем маса жалобнікаў, пераважна афіцэраў і ніжніх чыноў у форме авіяцыйных атрадаў. Мелодыя старадаўняга пахавальнага маршу малюе карціну пахавання ў далёкую даўніну, але здаецца, што ўсім вядомыя словы маршу падыходзяць да кожнага ваеннага пахавання. “Не біў барабан перад смутным палком…” — жаласна выводзяць трубы, успамінаючы заўсёды таго, каго ў гэты час пазбавілася ўся ваенная сям’я … Заўважыўшы знаёмага генерала У-на, я падыходжу да яго і іду разам з іншымі за труной.
— Каго хаваюць? — прывітаўшыся, задаю пытанне В. — Напэўна, аднаго з вашых падначаленых?
— Вы адгадалі, інакш, вядома, я б і не зразумеў… Мы праводзім цела загінуўшага лётчыка паручніка артылерыйскай брыгады Бехлі. Учора з ім адбылося няшчасце падчас палёту, і ён загінуў разам з унтэр-афіцэрам, зваліўшыся з невялікай вышыні, прыблізна не вышэй, чым вось той самалёт, — паказвае наглядна генерал на адзін з трох апаратаў, што парылі над шэсцем і праводзілі свайго таварыша, лунаючы над яго астанкамі”.
У гэтым матэрыяле ёсць вельмі важныя дэталі, на якія трэба звярнуць увагу: што на аўтамабілі стаялі дзве труны і “наперадзе на аўтамабілі хутка круцяцца лопасці прапелера”. Магчыма, гэта і быў той самы прапелер, які потым устанавілі на магіле авіятара.
Далейшыя пошукі прывялі ў архіў. Сябры з Масквы даслалі выпіску з Расійскага ваенна-гістарычнага архіва, дзе прыводзяцца некаторыя акалічнасці  гібелі авіятараў:
25 чэрвеня 1916 года. 4-ы КАО. Старшы унтэр-афіцэр Хромін з назіральнікам падпар. Бехлі пасля ўзлёту на разведку з прычыны неспрыяльнага надвор’я і пашкоджання матора ўпалі і разбіліся насмерць”.
— На дадзены момант асноўная рабочая версія, што тут пахаваны старшы унтэр-афіцэр Хромін, — дадае краязнаўца. — Узгадка Лагафета і мясцовых жыхароў пра “прапелер” ускосна ўказвае, што тут магла быць яго магіла. Чаму не Бехлі? Таму што яго цела, як афіцэра, завезлі ў Ніжні Ноўгарад і пахавалі на Усіхсвяцкіх могілках… Паколькі шлем быў без кукарды і арла — значыць, пахаваны ніжні чын. Гэта ўсё ўскосна пацвярджае версію, што тут магіла Хроміна.
Дарэчы, свой другі Георгіеўскі крыж, III ступені за № 157332, старшы унтэр-афіцэр Хромін атрымаў за паветраную выведку ў раёне мястэчка Паставы 15 красавіка 1916 года.
На аснове сабраных матэрыялаў прадстаўнікі 52-га пошукавага батальёна адправілі афіцыйны запыт у Міністэрства абароны Расіі адносна месца пахавання Мікалая Хроміна.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымках: ідуць раскопкі; знойдзены шлем лётчыка.
Дакумент
З загада па штабу 2 арміі Заходняга фронту ад 11 жніўня 1916 года.
“7 жніўня распараджэннем загадчыка авіяцыяй і паветраплавання ў дзеючай арміі 4 карпусны авіяцыйны атрад перададзены ў іншую армію… На працягу апошніх пяці месяцаў атрад нёс вельмі цяжкую службу разведкай глыбокага тылу праціўніка і выконваў яе заўсёды паспяхова. Лётчыкі атрада паручнік У. С. Рыхтар і унтэр-афіцэр А. Хромін (ва ўзнагародных лістах пазначана імя Мікалай — аўт.), назіральнік паручнік Бехлі і механік Кіры за час службы ў войску загінулі смерцю герояў…”.


09 снежня 2016.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Царква ў Слабадзе возера Глубелька _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси